Пастаўкі ў лік дзяржзаказу

Жніво на Лепельшчыне, як і па ўсёй рэспубліцы, праходзіць сёлета ў складаных умовах. Пра цяжкасці і спосабы іх пераадолення гутарым з начальнікам раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васілём Чарэднікам.
— Васіль Анатольевіч, сёлетні год, здаецца, выдаўся асабліва цяжкім для аграрыяў: суровая працяглая зіма, позняя вясна, сухое лета, а зараз, калі самая пара ўбіраць, — дажджы.
— У прынцыпе, у сельскагаспадарчай вытворчасці пастаянна ўзнікаюць рознага кшталту праблемы, кожны год у чымсьці экстрэмальны. Таму вяскоўцы ў сваёй працы пастаянна павінны мець, так бы мовіць, запас трываласці.

Памятаю, жніво 2005 года выдалася таксама дажджлівае, камбайны ў палях тады на буксіры цягалі. Кампанію завяршылі толькі ў канцы жніўня — пачатку верасня. Цяжка было, але ж збажыну ўбралі, нічога на полі не пакінулі.
— Як зараз ідуць справы ў сельгасвытворцаў?
— Надвор’е не дае разгарнуць уборачную кампанію на поўны размах. Кожны дзень ліюць дажджы. Сочым за прагнозамі на розных інтэрнэт-сайтах, атрымліваем інфармацыю з метэастанцыі, але ўсе прагнозы супярэчлівыя. З аднаго боку, даводзіцца толькі чакаць міласці ад нябеснай канцылярыі. З другога — насуперак неспрыяльным умовам працаваць.
Кожны дзень аб’язджаю палеткі, зернетакі, гутару з людзьмі. Настрой у вяскоўцаў баявы, камбайнеры, аператары сушылак хочуць працаваць, заробіць грошай. Па-другое, яны самі выконвалі цыкл палявых работ: рыхтавалі глебу, сеялі, даглядалі за пасевамі. Хочуць людзі ўбачыць плён сваёй цяжкай працы, памацаць яго рукамі.
Ад раніцы камбайнеры дзяжураць на палях. Як толькі дажджы прыпыняюцца, сонца ды вецер крыху прасушаць збожжа, адразу ж выязджаюць. Хай сабе па некалькі тон, але паспяваюць намалаціць, пакуль новая дажджавая хваля не накрые. Тады зноў чакаюць.
— Аднак жа ў такім выпадку збожжа атрымліваецца пераўвільготненае…
— Так, аператарам сушылак трэба добра папрацаваць, каб давесці збожжа з вільготнасцю 21 працэнт і вышэй да патрэбных 12–14. Увечары быў у “Ладасне”, там на сушылку прывезлі з поля пшаніцу з паказчыкам 21,4%. У той жа час у Грыгаравічах, на землях СВП “Пражэктар” лілі дажджы, камбайны стаялі.
— Колькі плануеце намалаціць збожжа?
— Як мінімум, паўтарыць мінулагодні паказчык валавога намалоту — 40 тысяч тон. Лепей было б перавысіць хаця б на дзве тысячы. Аднак гэта бункерная вага, у склады і заказчыкам збожжа накіроўваецца перапрацаванае: ачышчанае ад зёлак і смецця, высушанае, яно губляе да 15 працэнтаў. Таму ў свірнавой вазе атрымаем каля 35-36 тысяч тон.
— Колькі з гэтага аб’ёму скіруецца на выкананне дзяржзаказу і што застанецца аграрыям?
— 6200 тон. З іх 700 тон — піваварнага ячменю. 500 тон павінна паставіць ААТ “Чарэйшчына” і па 100 — “Баброва” і “Ладасна”. Ячмень будзе здадзены на спецыялізаванае прадпрыемства ў Гродна, астатняе збожжа — на Полацкі і Віцебскі камбінаты хлебапрадуктаў.
Некаторыя сельгасарганізацыі ўжо пачалі здачу зерня ў лік дзяржаўнага заказу. Так, ААТ “Ладасна” ўчора завезла ў Полацк 30 тон збожжа, сёння таксама павінны завезці столькі ж. КУВСГП “Лепельскае” здала 20 тон жыта, ААТ “Чарэйшчына” сёння павязе пробную партыю.
Тры з паловай тысячы тон зерня скіруецца ў насенны фонд. Гэтага дастаткова не толькі, каб засеяць запланаваныя плошчы, а і сфарміраваць пэўны запас, страхавы фонд. 20 тысяч тон — фураж. Каля чатырох тысяч тон сельгасарганізацыі могуць рэалізаваць на свой погляд. Па рыначных коштах за гэта можна атрымаць ад шасці да васьмі мільярдаў рублёў выручкі, у залежнасці ад цаны і гатунку.
— У маштабе раёна, мне падаецца, не дужа шмат.
— Таму і схіляем сельгасвытворцаў не прадаваць збожжа, а пускаць яго на корм жывёле, ад здачы малака і мяса можна атрымаць больш прыбыткаў.
— Наколькі сушыльная гаспадарка здольная перапрацаваць сёлетні ўраджай?
— Асноўны ўпор робім на тры новыя збожжасушыльныя комплексы (ЗСК) у ААТ “Чарэйшчына”, КУВСГП “Лепельскае” і СВФ “Заазер’е”. Аднак толькі іх недастаткова, таму гаспадаркі актыўна, на поўную магутнасць выкарыстоўваюць старыя сушылкі, якія ў іх на балансе. Думаючы на перспектыву, плануем у бліжэйшыя год–два пабудаваць яшчэ тры ЗСК — у “Лядне”, “Ладасне” і “Баброве”.
Гутарыў
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.