Пенсіі за асобыя заслугі

 — Як вядома, з 2012/09/13 уступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2012/09/08 № 833 “Аб унясенні дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1993/03/30 № 185”. Давайце пагаворым аб  гэтых дапаўненнях, — звяртаюся да начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Васіля Рававога.
— Названая Вамі пастанова пашырае пералік асоб, якія маюць права на пенсію за асобыя заслугі. У прыватнасці, дадаткова прадастаўлена такое права жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і атрымалі адну з дзяржаўных узнагарод СССР ці Рэспублікі Беларусь: ордэн Маці, “Медаль мацярынства”, ордэн “Матчына слава”, “Маці-гераіня”.

— Палажэннем аб пенсіях за асобыя заслугі вызначаюцца ўмовы і парадак устанаўлення (перагляду памеру) і выплаты пенсіі…
— Прадоўжу думку. Права на пенсію за асобыя заслугі маюць грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і атрымліваюць пенсію па ўзросце, інваліднасці, за выслугу гадоў у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь ад 1992/04/17 “Аб пенсійным забеспячэнні”, а таксама маюць такія заслугі перад Рэспублікай Беларусь: атрымліваюць пенсію па ўзросце або за выслугу гадоў (па дасягненні ўзросту мужчыны 60 гадоў, жанчыны — 55), атрымліваюць пенсію па інваліднасці (незалежна ад узросту).
— Васіль Усцінавіч, куды звяртацца з нагоды прызначэння такой пенсіі?
— Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лепельскага райвыканкама па адрасе: г. Лепель, вул. Савецкая, д. 36, кабінет № 7, тэл. 4-26-59.
— Нашы чытачы цікавяцца таксама пенсійным забеспячэннем асоб, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый…
— У адпаведнасці з пунктам 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 2009 г. № 407 “Аб некаторых пытаннях абмену дакументаў, якія пацвярджаюць права грамадзян на льготы», у рэспубліцы па 31 снежня 2012 года праводзіцца абмен пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і пацярпелых ад яе на пасведчанні пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый. Такім чынам, пачынаючы з 1 студзеня 2013 года права на льготы пацярпелым грамадзянам будзе прадастаўляцца толькі пры прад’яўленні пасведчання пацярпелага.
У сувязі з гэтым грамадзяне, якія атрымліваюць пенсію па ўзросце па артыкуле 32 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”, неабходна прадаставіць да 15 студзеня 2013 года ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне — па месцы атрымання пенсіі пасведчання пацярпелага, інакш выплата пенсіі будзе прыпынена. У такім жа парадку неабходна разглядаць пытанне аб выплаце да пенсій удзельнікаў ліквідацыі і пацярпелых надбавак і павышэнняў, устаноўленых артыкулам 39 названага Закона.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.