Першыя тысячнікі

IMG_0052За зводкамі з палёў па спецыфіцы працы сачу рэгулярна, таму з’яўленне першага экіпажа, які намалаціў тысячу тон зерня, не стала нечаканасцю. Хутчэй, наадварот, успомнілася, што летась у такую пару ўжо рыхтаваліся віншаваць дзвюхтысячніка.

Не стала сюрпрызам і імя рэкардсмена. Як і летась, ім стаў экіпаж у складзе Пятра Духовіча і Артура Ляйко з СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”.

 Цырымонія ўзнагаро­джання па добрай традыцыі праходзіла на хлебнай ніве. Сёлета ёй стала поле перад вёскай Зацякляссе, дзе экіпаж жаў авёс. Нядаўна ён жа на полі цераз дарогу ўбіраў азімае жыта.

 Павіншаваць перадавікоў прыехалі старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, начальнік райсельгасхарчу Васіль Чарэднік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч, дырэктар ААТ “Лепельскі МКК” Аляксандр Міхайлоўскі. Вяла мерапрыемства кіраўнік аўтаклуба раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Таццяна Еўтушэнка. Барыс Яфрэмаў уручыў камбайнерам прэмію, згодна з умовамі раённага вытворчага спаборніцтва, Ганаровыя граматы. Сяргей Марціновіч уручыў памятныя прызы ад прафсаюза, а дырэктар МКК — прэмію ад прадпрыемства.

 Акрамя гэтага, старшыня райвыканкама падарыў камбайнерам сноп каласоў з наступнымі словамі:

 — Гэты сноп нажалі сярпамі і звязалі жнеі на Зажынках, калі мы першы раз выязджалі на палеткі. Ён зроблены з душой, пад старажытныя беларускія песні, з якімі нашы продкі стагоддзямі працавалі на жніве. Сёння мы яго перадаём вам як працоўную эстафету пакаленняў. Жадаем не зніжаць тэмпаў, сустрэцца з вамі на новых вытворчых паказчыках — дзве тысячы і вышэй.

 Таццяна Еўтушэнка і яе калега Алена Ганчарэнка выканалі песні, пасля чаго цырымонія завяршылася.

 — Па колькі ў сярэднім за дзень намалочваеце? — цікаўлюся ў камбайнераў.

 — Залежыць ад культуры. Самай умалотнай пакуль што была азімая пшаніца. 40-тонны дзённы намалот лічылі прагулам, у залік прымалі толькі да 60 — 70 тон.

 — А іншыя культуры?

 — Жыта і трыцікале сёлета ўрадзілі горш. Каля 40 — 60 тон за дзень намалочвалі.

 — Праз некалькі дзён, напэўна, прыедзем зноў, бу­дзем віншаваць з новым працоўным дасягненнем?

 — Хацелася б, — уздыхнуў Пётр. — Будзем глядзець на справы рэальна. Ура­джай сёлета, мякка скажам, не самы багаты. З гектара ўбіраем па 22 — 27 цэнтнераў, у залежнасці ад культуры. Учора пачалі жаць яравыя, у прыватнасці — авёс. За дзень намалацілі 47 тон. Сёння, калі надвор’е не падвядзе, бу­дзе аналагічны паказчык. З яравых самая ўмалотная культура — пшаніца. На ёй можна атрымаць высокія паказчыкі. Аднак палёў з кожным днём застаецца ўсё менш, у гаспадарцы ўбрана больш за палову палеткаў. Так што разагнацца няма дзе. Хіба што пасля завяршэння свайго жніва суседзі на дапамогу паклічуць. Летась мы з Артурам за час жніва намалацілі больш за дзве з паловай тысячы тон. Паўтарыць леташні поспех справай цяжкай будзе.

 — Хто ад вас зерне адвозіць?

 — Сяргей Чуес на МАЗе. Паспявае хлопец, нам ні хвіліны спакою не дае.

 — Абеды на поле прывозяць?

 — Так. Але ж “Заазер’е” — гаспадарка вялікая, палёў шмат. Пакуль “лятучка” аб’е­дзе ўсе, вечар нады­дзе, таму на ўсялякі выпадак бяром абеды з дому.

 — Памятаю, вясной вы першымі ў раёне пачыналі сяўбу збожжавых, засявалі аўсом поле за вескай Ворань. Гэты авёс таксама самі сеялі?

 — Не. Тады мяне перавялі на сяўбу аднагадовых траў.

 — Артур — ваш пастаянны напарнік, працавалі з ім і летась?

 — Добры напарнік — палова поспеху. На камбайне разам не першы год. Дарэчы, тэхніка працуе чацвёрты сезон. Вядома, дробныя паломкі і няспраўнасці здараюцца, але ўсё ж без значных збояў. Я і Артур падтрымліваем камбайн у пастаянным працоўным стане.

 — Дзякуй вялікі за гутарку, поспехаў у працы і хутчэй сустрэцца на новых рубяжах!

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: Барыс Яфрэмаў уручае грамату Пятру Духовічу; экіпаж камбайна — Артур Ляйко і Пётр Духовіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.