Песні ля возера

299У суботу амаль усё кіраўніцтва раёна сабралася на полі Ля Возера — так называецца палетак плошчай у 15 гектараў, размешчаны перад заездам у вёску Вялікі Поўсвіж. Асноўнымі героямі дзеі сталі тры бабулі-жняі і экіпажы збожжаўборачных камбайнаў. У гэты дзень быў да-дзены афіцыйны старт уборачнай кампаніі.
Надзея Паўлаўна Палтарачанка, Ганна Іванаўна Валадзько і Яўгенія Паўлаўна Клапаўшчак жывуць у вёсцы Бор Каменскага сельсавета. Без гэтых жанчын не абыходзяцца ні адны Зажынкі ў іх родным сельгаспрадпрыемстве — ААТ “Чарэйшчына”. Сёлета ж іх запрасілі пачаць жніво ўсяго раёна.


Неўзабаве пад’ехалі пяць камбайнаў КУВСГП “Лепельскае”. Вялізныя машыны сталі ў рад, як салдаты ў страі, замерлі на ўскрайку поля.
Па традыцыі першымі за справу ўзяліся жнеі. Вострыя сярпы спрытна зразалі сцябло за сцяблом, рукі, прывычныя да спрадвечнай сялянскай працы, складалі снапы. Першыя снапы былі ўручаны старшыні Лепельскага райвыканкама Барысу Яфрэмаву, старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалаю Місюру, начальніку райсельгасхарчу Васілю Чарэдніку.
На стваральную справу блаславіў і камбайнераў, і ўсіх прысутных дабрачынны Лепельскага раёна святар Адам Каляда. Шчырая малітва — важкая дапамога ў любым добрым пачынанні.
Пасля гэтага некалькі песень праспявалі артысты з народнага ансамбля жартощўнай песні “Грымзолі”.
На гэтым лірыка закончылася, пачалася напружаная праца. Камбайны запусцілі рухавікі і адзін за адным рушылі ў масіў спелай збажыны.
Кароткая гутарка з галоўным аграномам КУВСГП “Лепельскае” Святланай Астапенкай:
— Якую культуру зараз убіраеце?
— Азімае жыта. Плошча поля —15 гектараў, пяць камбайнаў яго сажнуць за паўдня, а затым пераедзем на новае.
— Колькі ўсяго зерневых трэба ўбраць?
— Збожжавы клін — 1910 гектараў плюс 430 гектараў рапсу. З іх 220 гектараў рапсу азімага ўжо зжата. Азімай збажыны трэба ўбраць 1194 гектары, яравой — 716.
Невялікае інтэрв’ю даў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў.
— Барыс Сяргеевіч, з якім настроем раён прыступае да жніва?
— Настрой у людзей пазітыўны, баявы — гэта самае галоўнае. Сваіх камбайнераў не ўсім сельгасарганізацыям хапае. З іншых прадпрыемстваў скамплектавалі 20 экіпажаў. Людзі адгукнуліся на просьбы, прыйшлі на дапамогу ў самую гарачую пару. Азімы рапс у раёне ўжо зжаты. Гэта з’явілася своеасаблівай абкаткай усяго збожжаўборачнага механізма. У працоўных умовах правераны камбайны, у кругласутачным рэжыме дзейнічаюць збожжасушыльныя комплексы. Словам, усё гатова для ўборкі і прыёмкі вялікага збожжа.
— Якія віды на ўраджай?
— Скажу шчыра, магло б быць і лепш. Сваю ролю адыгралі некалькі фактараў. Суровая і працяглая зіма спрычынілася да таго, што азімыя выйшлі з яе аслабленымі, частку палёў нават перасявалі. Яравую сяўбу правялі ў сціслыя тэрміны. Недахоп вільгаці ў пару, калі зерне налівалася, стаў прычынай таго, што зерне маем дробнае, непаўнаважкае. Спякота апошняга месяца прывяла да амаль адначасовага выспявання азімых і яравых культур. Як вынік — трэба правесці жніво як мага хутчэй.
Уборка — пара, калі тры – чатыры дні маюць вырашальнае значэнне. Летась намалацілі 40060 тон збожжа, на палях вызначыліся 11 тысячнікаў. Паводле папярэдніх падлікаў, спадзяёмся атрымаць валавы намалот, не меншы за леташні, а калі спрацуем аператыўна, то і перавысіць. Аптымальныя тэрміны завяршэння масавага жніва — 14-15 жніўня. У другой палове жніўня, як правіла, пачынаецца дажджлівае, няўстойлівае надвор’е. Далей — новыя работы: падрыхтоўка глебы і сяўба азімых.
— Якія цяжкасці паўстаюць перад земляробамі?
— У прынцыпе ўся сельскагаспадарчая галіна гатова. Клін збожжавых у раёне вялікі — больш за 14 тысяч гектараў, 67 камбайнаў будуць задзейнічаны. Зараз самым слабым звяном можа аказацца своечасовае забеспячэнне палівам. На правядзенне жніва патрабуецца яго каля 700 тон. Сельгасарганізацыі забяспечваюцца ім з трох крыніц: за кошт уласных сродкаў, за сродкі абласнога бюджэту і крэдытныя рэсурсы. Банк пакуль не прафінансаваў шэсць мільярдаў рублёў на гэтыя мэты. Спадзяюся, у бліжэйшы час справа вырашыцца, і палівам гаспадаркі будуць забяспечаны пад патрэбу.
…Камбайны ў гэты час абыходзілі чарговы круг, машыны пад збожжа чакалі напагатове. Неба хаця і было пахмурнае, усё ж такі давала магчымасць земляробам рабіць сваю справу.
На полі дзяжурыла і пажарная машына, службу няслі вадзіцель Міхаіл Міснік і пажарны Ігар Грыгарэнка. Усяго раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях плануецца штодзённае дзяжурства на палях да васьмі адзінак пажарнай тэхнікі. Справа нежартоўная, пра важнасць яе гаворыць хаця б той факт, што летась за час уборачнай кампаніі байцы аддзела тры разы тушылі полымя. У такой экстрэмальнай сітуацыі ўсё вырашаюць секунды, бо статыстыкай падлічана, што камбайн цалкам выгарае за шэсць–восем хвілін.
Старт уборачнай кампаніі дадзены. Высокіх намалотаў!
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.