Подзвігі франтавікоў і партызанаў

У 2014 годзе будзе адзначацца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Бліскучая ваенная аперацыя па ачыстцы роднага краю ад фашысцкай навалы была дасягнута дзякуючы сумесным дзеянням франтавых часцей Чырвонай арміі і партызанаў.
28 чэрвеня перадавыя часці пятай танкавай арміі падышлі блізка да Бярэзіны.

Правафланговая 7-я гвардзейская мехбрыгада 3-га гвардзейскага Сталінградскага мехкорпуса, праследуючы часці 201-й нямецкай ахоўнай дывізіі, гнала іх у балота возера Плаўна, дзе з поўначы з боку Мядзвёдаўкі і Зацяклясся ім наносілі адчувальныя ўдары атрады 1-й Смаленскай партызанскай брыгады пад камандаваннем У. Целішчэўскага.
Стаяла незвычайна цяжкая задача — фарсіраваць Бярэзіну, шырока пакрытую непраходнымі лясамі, багністымі балотамі.
На Бягомльскім напрамку наступала 277-я стралковая дывізія. Перадавы атрад дывізіі пад камандаваннем капітана І. Луева выйшаў да Бярэзіны. Аднак з боку Кальніка, Бабцаў і на поўдзень ад моста быў спынены агнём праціўніка. 4-я стралковая рота 850-га стралковага палка, якой кіраваў старшы лейтэнант Шчукін, дзве гадзіны вяла бой за шасэйны мост, але захапіць яго так і не змагла. Пры падыходзе да Бярэзіны батальён капітана І. Луева сустрэў разведчыкаў аднаго з атрадаў партызанскай брыгады “Жалязняк”, якія былі накіраваны камандаваннем для сустрэчы часцей Чырвонай арміі.
Рэшткі нямецкага гарнізона з Лепеля, іншых часцей, якія адышлі з-пад Віцебска, а таксама 720-ы пяхотны і 391-ы ахоўны палкі абаранялі Кальнік, Бабцы і астравок на поўдзень ад шасэ. Стала зразумела, што ў гэтай балоцістай мясцовасці, у раёне шасэйнага моста Бярэзіну фарсіраваць не ўдасца, і трэба гэтыя месцы абысці з дапамогай партызанаў, ударыць з фланга і тылу. Камандзір 277-й стралковай дывізіі загадаў 854-му стралковаму палку наступаць уздоўж шашы Лепель — Бягомль і актыўнымі дзеяннямі скоўваць праціўніка, 850-му стралковаму палку — рухацца два — тры кіламетры на поўнач ад шасэ, прайсці па балотах да Бярэзіны і там фарсіраваць яе галоўнымі сіламі дывізіі.
У тую ж раніцу партызанскімі сцежкамі, патанаючы па калена ў балотнай жыжцы, 850-ы полк рушыў у абход нямецкай абароны. На гэтым напрамку Бярэзіна мае чатыры забалочаныя пратокі, кожная — каля 30 метраў. Першым ішоў другі батальён. Усю зброю, боепрыпасы, абмундзіраванне байцы неслі на сабе, аж да самых лёгкіх пераправачных сродкаў. Падышоўшы да першай пратокі, зрабілі паплаўкі з салдацкіх палатак, напоўніўшы іх галлём і звязваючы ў плыткі. Да асноўнага цячэння Бярэзіны дабраліся толькі вечарам. Змарыліся. Капітан Луеў вывеў другі батальён на сухія астраўкі, а сам выйшаў з камандзірамі роты на бераг, паказаў ім месца знаходжання вёскі Кальнік і паставіў задачу. Пасля праверкі гатоўнасці кулямётаў старшага лейтэнанта Даніленкі і мінамётаў лейтэнанта Галавы капітан Луеў загадаў пачаць фарсіраванне.
Апусціўся змрок, калі стралковыя роты ціха перабраліся на заходні бераг Бярэзіны. Быццам гром сярод яснага неба, ударылі па ворагу. За батальёнам капітана Луева ноччу пераправіліся астатнія батальёны палка.
Партызаны брыгады “Жалязняк” на поўнач ад возера Палік захапілі пераправу цераз Бярэзіну, яшчэ да падыходу часцей 35-й танкавай брыгады генерала А. Асланава хутка навялі два масты, па якіх пераправіліся 35-я танкавая брыгада, а таксама 8-я і 9-я гвардзейскія механізаваныя брыгады 3-га Сталінградскага мехкорпуса.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.