Прапіска — вясковая, умовы — гарадскія

Пад час чарговай творчай камандзіроўкі ў Камень да карэспандэнта падышла група мясцовых жанчын. Расказалі суразмоўцы пра набалелае. Жывуць яны ў аграгарадку на вуліцы Міру. Вуліца не цэнтральная, вядзе далей, да вёсак Парэчча і Аўласава, таму, маўляў, няма там ніякага тратуара.

Сама вуліца вузкая, ледзь-ледзь двум легкавікам размінуцца, пры гэтым звілістая, што не замінае аматарам пракаціцца з ветрыкам. Між тым, на вуліцы знаходзяцца некалькі новых дамоў, дзе жывуць маладыя сем’і з дзецьмі, якія кожны дзень рызыкуюць патрапіць пад колы. Жыхары прасілі пахадайнічаць, каб на вуліцы зрабілі тратуары.

 Іх просьбу перадаў старшыні сельвыканкама, той задумаўся:

 — Праблема не новая. Скажу болей, літаральна на днях сам ледзь не пацярпеў. Ехаў па вуліцы Міру, а з боку Аўласава насустрач нейкая іншая машына выязджае на маю паласу. Добра, што рухаўся няхутка і паспеў ухіліцца ад сутыкнення, з’ехаў ледзьве не ў кювет. Што цяпер рабіць – сам не ведаю. Зладкаваць па вуліцы тратуары ці хаця б пашырыць яе – дорага, сельвыканкам не мае дастаткова сродкаў, бо дарожныя работы – справа нятанная.

 — Ёсць недарагі сродак супраць ліхачоў, які выдатна зарэкамендаваў сябе на вуліцах Лепеля – ляжачыя паліцэйскія.

 — А, ведаеце, гэта ідэя, — ажывіўся суразмоўца. — У бліжэйшы час абавязкова пагавару з кіраўніцтвам ДРБУ–202, можа, яны дапамогуць, хоць так знойдзем управу на ліхачоў, а то, сапраўды, па вуліцы Міру ўжо хадзіць і ездзіць становіцца небяспечна.

 — Вось вы закранулі фінансавы аспект аднаго пытання, хацелася б даведацца, які стан бюджэту сельвыканкама?

— Прызнаюся шчыра – цяжкі, але не крытычны. Цяжкі таму, што на сярэдзіну лета запазычылі прадпрыемствам і арганізацыям раёна за розныя паслугі звыш ста мільёнаў рублёў. Найперш гэта дарожныя і добраўпарадкавальныя работы: ямачны рамонт асфальту, усталяванне агароджаў, навядзенне парадку на могілках, зразанне старых, аварыйных дрэваў і іншае, усяго не пералічыць. Не крытычны таму, што па выніках дзейнасці за трэці і пачатак чацвёртага квартала мы выканаем усе свае фінансавыя абавязкі. Крыніцы? Найперш – продаж зямельных участкаў праз аўкцыёны, бывае, што цана аднаго даходзіць да 30 мільёнаў рублёў. Рыхтуем дакументацыю па шасці. Плюс паступленні ад выплаты падаткаў на зямлю і нерухомасць.

* * *

 — Якімі апошнімі дасягненнямі можаце ганарыцца?

 — Зарэгістравалі герб і флаг Каменя. Населены пункт мае старажытную, багатую гісторыю, якая, на жаль, яшчэ мала вывучана. Аднак мы ганарымся ёю, як і днём сённяшнім, таму і падалі заяўкі ў геральдычную камісію. Там разгледзелі нашы прапановы і ўхвалілі іх. Праект узгоднены на ўсіх узроўнях, герб і флаг зацверджаны прэзідэнцкім указам. Мы далі заяўку на выраб сцяга і герба на спецыялізаванае прадпрыемства.

 Самым жа галоўным вынікам за апошнія чатыры гады працы старшыня лічыць будаўніцтва аграгарадка ў Чарэйшчыне.

 — Што значыць ператварыць вёску ў аграгарадок? — задае ён пытанне і тут жа адказвае. — Гэта не проста замена аднаго дарожнага знака на другі. Найперш гэта змена ўкладу жыцця. Тут і новыя ўмовы працы на фермах, у механічных майстэрнях, і новыя жылыя дамы для вяскоўцаў. Абавязкова — абноўленае асфальтавае пакрыццё на вуліцах, мадэрнізацыя ўстаноў сацыяльнай інфраструктуры, ФАПаў. Паслугі электрасувязі — высакахуткасны доступ у глабальную сетку Інтэрнэт. Словам, за адным словам “аграгарадок” хаваецца велізарны пласт працы тысяч людзей.

 Удалося захаваць тое добрае, што было ў беларускіх вёсках яшчэ з савецкіх часоў. Напрыклад, ашчадная каса ААТ “Беларусбанк”. Раней падобныя ўстановы былі ці не на кожнай цэнтральнай сядзібе калгаса, вяскоўцам не трэба было ехаць у райцэнтр, каб пакласці грошы на ашчадную кніжку, зняць працэнты. У той час, як многія касы ў вёсках зачыніліся, каса ў Камені не проста захавалася, яна паўнавартасна выконвае ўвесь набор банкаўскіх аперацый для насельніцтва: адкрыць дэпазіт, разлічыцца за крэдыт, зрабіць камунальныя плацяжы, правесці аперацыі з пластыкавымі карткамі, нават папоўніць рахунак мабільнага тэлефона – гэтыя і іншыя паслугі даступныя вяскоўцам.

 Сістэма аховы здароўя ў сельсавеце за апошнія гады зрабіла істотны крок. Да ФАПаў у Губіне, Чарэйшчыне і Забароўі дадалася амбулаторыя ўрача агульнай практыкі ў Камені. Наведвальнікаў прымаюць урач Ларыса Канстанцінаўна Герасімёнак і ўрач-стаматолаг Соф’я Іванаўна Вінакурава. Медыкі вядуць прыём ва ўстанове, выязджаюць па выкліках насельніцтва. Прычым апошняя сацыяльная паслуга вельмі запатрабаваная, бо ў вёсках пражывае шмат пажылых людзей.

* * *

 “Прапіска – вясковая, умовы жыцця – гарадскія”, – гэты лозунг у свой час быў абвешчаны нездарма. Працаўнікі вёскі маюць права жыць і працаваць у годных умовах, і гэтыя ўмовы паступова і планамерна становяцца штодзённай рэчаіснасцю. Яшчэ ў 2005 годзе, пад час стварэння аграгарадка ў Камені, у вёску быў падведзены магістральны газапровад, пачалася масавая газіфікацыя прыватнага сектара. Працэс гэты доўжыцца і сёння, кожны год ствараюцца новыя кааператывы для газіфікацыі. Гэты працэс адбываецца не толькі на цэнтральнай сядзібе сельсавета, летась да газу падключыліся жыхары вёскі Бор.

 Вёскі сталі пераўтварацца, мяняць сваё аблічча, якое складвалася дзесяцігоддзямі, замест старых, збуцвелых хацін і хлявоў вуліцы пачалі забудоўвацца новымі дамамі. Знос струхнелых пабудоў аказаўся не такой ужо і простай справай. Распавядае Мікалай Сініцын:

 — Здавалася б, што тут складанага? Накіраваў брыгаду з бензапіламі ды ламамі — тыя і разабралі хату на дровы. А пасля “Амкадорам” падмурак з зямлёй зраўняў. Аднак гэта толькі вяршыня айсберга, бачны многім жыхарам участак працы. Перад тым, каб знесці якую-небудзь хаціну, трэба вызначыць яе ўладальніка і правесці шэраг юрыдычных дзеянняў, бо абарона прыватнай уласнасці гарантавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і законамі. На семінарах нам расказвалі выпадкі, калі старшыні сельвыканкамаў спяшаліся з прыняццем рашэння аб зносе, што правакавала непрыемныя наступствы.

 108 знесеных пабудоў – вялікая лічба. Для параўнання, сёння ў населеных пунктах сельсавета размяшчаюцца 844 домаўладанні. Ачышчаныя месцы доўга не пустуюць, вызваленыя ўчасткі аддаюцца пад забудову.

 — Мікалай Мікалаевіч, акрэсліце, калі ласка, важнейшае, на ваш погляд, дасягненне ў жыцці сельсавета за апошнія гады.

 — Паведамлю вам мажліва нават сенсацыйную інфармацыю. Мы адрадзілі цалкам чатыры вёскі: Чаросава, Двор Парэчча, Паземшчыну і Бор. Памятаю тыя часіны, калі ў Двор Парэччы заставалася жыць толькі адна сям’я Соф’і Мікалаеўны Пузан з двума сынамі. Астатнія хаты глядзелі на свет выбітымі аканіцамі, а некаторыя — не маглі глядзець на свет, бо вокны былі наглуха забітыя дошкамі. Здавалася, яшчэ год-другі — вёску можна будзе выкрэсліваць з рэестра населеных пунктаў. У астатніх сітуацыя была не нашмат лепшая.

 — Што ж выратавала вёскі?

 — Не што, а хто — дачнікі! Названыя вёскі сталі літаральна дачнай мекай. Гараджане купляюць участкі, будуюць на іх дамы, наводзяць парадак на зямлі. У Двор Парэччы, напрыклад, пабудаваны 15 новых дамоў. У Чаросаве амаль усе дамы былыя ўладальнікі ці іх дзеці прадалі дачнікам, а тыя – давялі іх да ладу, атрымалася надзвычай прыгожа. Дайшло да таго, што, напрыклад, у Чаросаве ўжо няма вольных участкаў пад забудову. З продажу зямлі сельвыканкам штогод мае сотні мільёнаў рублёў.

 — Атрымліваецца, што будучыня беларускіх вёсак – за дачнікамі?

 — Часткова так. Асноўная працоўная сіла сельгасарганізацый, пераважная большасць работнікаў канцэнтруюцца ў аграгарадках, на цэнтральных сядзібах, дзе размешчаны галоўныя вытворчыя аб’екты. А вось аддаленыя вёскі больш цікавыя аматарам адпачынку на ўлонні прыроды.

 — Яшчэ адзін трывожны, на мой погляд, факт – скарачэнне год ад году пагалоўя жывёлы ва ўласнасці вяскоўцаў.

 — Я гэты факт разглядаю як прагрэсіўны. Чаму людзі не трымаюць кароў? Таму, што зарабляюць дастаткова грошай, каб без лішніх клопатаў з жывёлай, кармамі для яе купляць малако і малакапрадукты ў крамах. Прычым – належнай якасці. Чаму раней вяскоўцы так моцна трымаліся за карову, увогуле, за сваю прысядзібную гаспадарку? Ды ад беднасці! Сёння тым жа самым камбайнерам, вадзіцелям, трактарыстам дастаткова заробку на задавальненне асноўных патрэб. Таму многія маладыя сем’і больш увагі ўдзяляюць працы на прадпрыемстве, трымаючы адносна невялікую прысядзібную гаспадарку.

 — З кнігі “Цені знікаюць апоўдні” запомніў такі эпізод. Дзея разгортвалася яшчэ да вайны. Новы сакратар райкама партыі, заступаючы на пасаду, хацеў даведацца пра дабрабыт насельніцтва, таму з устаноў ганд­лю папрасіў даведкі аб продажы патэфонаў. Разлік просты: больш людзі куплялі гэтых апаратаў – значыць, лепш жылі, больш даходаў мелі. Якім у сённяшніх умовах паказчыкам можна было б хаця б прыблізна праілюстраваць дабрабыт вяскоўцаў?

 Суразмоўца на хвілінку задумаўся:

 — Легкавым аўтамабілем сёння нікога не здзівіш, гэты атрыбут стаіць амаль у кожным двары, а ў некаторых — і па два. Золата і ювелірныя вырабы — не маем дакладнай інфармацыі. А ведаеце? Дам я вам інфармацыю па набытых за апошнія гады насельніцтвам трактарах. Гэтымі звесткамі сельвыканкам валодае дакладна. Усяго за жыхарамі населеных пунктаў сельсавета зарэгістраваны 63 адзінкі трактарнай тэхнікі. З іх не менш дзесяці былі набыты за апошнія чатыры гады. Большасць трактароў, вядома, старыя, калісьці спісаныя ў гаспадарках, але ёсць і новыя, купленыя з завода. Па-першае, набыццё трактара — гэта паказчык таго, што ў вяскоўцаў маюцца дастатковыя для гэтага даходы. Па-другое, што яшчэ больш важна, набыццё трактара на вёсцы – гэта інвестыцыі, укладанне ў вытворчасць. Гэта выдатна, што чалавек на свабодныя грошы не купіў тэле­візар і канапу, каб ляжаць потым днямі. Тэхніка — гэта дадатковы штуршок вытворчасці, калі гаспадар забяспечвае сельгаспрадукцыяй сябе, можа вырабіць і на продаж. Узараўшы свой участак ці прывёзшы дровы, можа аказаць аналагічныя паслугі аднавяскоўцам – чым не штуршок да малога вясковага прадпрымальніцтва?

 Асобнае месца сярод вясковых перспектыў займае аграэкатурызм. У вёсках Каменскага сельсавета ўжо адчынены тры аграсядзібы, іншыя — актыўна будуюцца. Самая галоўная цяжкасць у тым, што справа гэта новая, для нашых людзей яшчэ малапрывычная, нявывучаная. Многія адносяцца з насцярожанасцю, не ведаюць, што маюць амаль усё для поспеху на турыстычнай ніве.

 На дапамогу прыходзяць улада, грамадскія актывісты. Напрыклад, нядаўна ў сельвыканкаме адбылася сустрэча па ініцыятыве развіцця патэнцыялу аграэкатурызму. Разам з Мікалаем Сініцыным яе вяла каардынатар еўрапейскага праекта Вольга Маханенка, ішоў абмен вопытам, адбывалася зацікаўленая гутарка. Самы галоўны вынік – ініцыятыўныя людзі яшчэ раз зацвердзіліся ў думцы, што лепельскі край – своеасаблівая турыстычная мека, аднак і самім лепяльчанам, і каменцам, у прыватнасці, варта не сядзець склаўшы рукі, а працаваць…

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: Мікалай Сініцын прымае фермера Леаніда Шайтара.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.