Прафілактычны патэнцыял

Закон аб асновах дзейнасці па прафілактыцы з’яўляецца асноўным дакументам, які рэгламентуе дзейнасць усіх зацікаўленых ведамстваў па прафілактыцы правапарушэнняў. Гэта магістральны напрамак паўсядзённай дзейнасці праваахоўных органаў. Як адзначыў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Мікалай Латышаў, за мінулы год узровень злачыннасці знізіўся на 20,2 працэнта — з 486 да 388. Дарэчы, гэта найменшы паказчык у параўнанні з папярэднімі пяццю гадамі. Станоўчыя тэндэнцыі працягваюцца і ў бягучым годзе.

За тры месяцы скарацілася колькасць цяжкіх злачынстваў з чатырох да двух, правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення — з 39 да 13. З 33 да 24 знізілася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія раней былі асуджаныя, і г.д. У гэтым несумненная заслуга ўсіх суб’ектаў прафілактыкі.

На ўліку ў РАУС — 813 чалавек. Хто яны?  У іх ліку асобы, якія здзейснілі злачынствы і шэраг адміністрацыйных правапарушэнняў паўторна, грамадзяне без пэўнага месца жыхарства, «абавязаныя» асобы і іншыя. Менавіта яны ў большасці сваёй негатыўна ўплываюць на аператыўную абстаноўку, часцяком здзяйсняюць злачынствы альбо самі становяцца ахвярамі. Менавіта на выпраўленне гэтых лю­дзей неабходна накіраваць усе намаганні ўсіх суб’ектаў прафілактыкі.

 — На жаль, не заўсёды прымаюцца намі меры своечасовыя і адэкватныя, — прызнае  Мікалай Латышаў. — Як негатыў варта адзначыць наяўнасць фактаў здзяйснення грама­дзянамі, якія стаяць на ўліку, злачынстваў, у тым ліку і цяжкіх. Стараемся вылучаць групы «рызыкі» і працаваць менавіта з імі. Штогод накіроўваем хранічных алкаголікаў у лячэбна-працоўны прафілакторый. Такая мера — адна з найбольш эфектыўных, дазваляе ізаляваць парушальніка, вывесці яго з асацыяльнага асяроддзя. За тры мінулых месяцы на лячэнне накіраваны 17 хранічных алкаголікаў, з іх тры жанчыны.

 Са станоўчага боку адзначу зніжэнне ўзроўню рэцыдыўнай злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку (з 33 да 24), аднак супакойвацца не выпадае, бо паказчык перасягае сярэднеабласны. Шкада, але не ўсе кіраўнікі — суб’екты прафілактыкі і арганізацый усведамляюць важнасць прафілактычных мер, у асобных выпадках прасочваецца відавочны фармалізм. Не заўсёды прымаемыя захады  прыносяць станоўчы вынік. Устаноўлены выпадкі, калі работнікі арганізацый і прадпрыемстваў здзяйсняюць адміністрацыйныя правапарушэнні, грамадскі парадак парушаюць тры — чатыры разы на год запар. Трывожны сімптом. Рэагаванне часцяком носіць характар прыватнай ушчувальнай гутаркі. Пагаварылі-паўшчувалі чалавека, на тым місію сваю лічаць скончанай. Між тым праца толькі пачынаецца. Гэта штодзённая, руцінная работа. Кампанейшчына ніколі не дасць чаканага эфекту.

 І яшчэ адзін пасыл да разважання. За 2012 год толькі за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў 391 работнік прадпрыемстваў і арганізацый прыцягнуты да адказнасці. Найбольшая колькасць правапарушэнняў здзяйсняецца работнікамі сельскай гаспадаркі — 37, а 29 — у іншых суб’ектаў гаспадарання. Патрабуе ўзмацнення пра­філактычны патэнцыял у калектывах СВП “Заазер’е”, электрамеханічным заводзе, аддзелах адукацыі і культуры.

 Відавочна, цяжка казаць аб выхаваўчай ролі кіраўнікоў і пасадавых асоб, калі яны самі становяцца на коўзкую сцяжыну правапарушэнняў і нават злачынстваў. Летась у дачыненні да службовых асоб па лініі ГБЭП было ўзбуджана сем крымінальных спраў па сямі фактах: КУВСГП «Лепельскае» — тры, ААТ «Лепельскі МКК» — чатыры. Ланцужок не перарваўся, прадоўжыўся сёлета. За тры месяцы па адным факце ўзбуджана крымінальная справа і перададзена пракурору для накіравання ў суд (Лепельскі МКК), па двух праводзіцца праверка (ААТ «Лепельскі МКК» і ЗАТ «Віцебскаграпрадукт»). Па адным  факце адмоўлена ва ўзбу­джэнні крымінальнай справы (Лепельскі МКК). Дзяржаве нанесены матэрыяльны ўрон ў памеры 155046300 рублёў.

 — Працуючыя грама­дзяне, — падкрэсліў Мікалай Латышаў, —  як правіла, не ўваходзяць у групу рызыкі…

 — А хто ўяўляе  найбольшую небяспеку для грамадства?

 — Канечне, асобы, якія нідзе не працуюць, не маюць пэўнага месца жыхарства. Таму працаўладкаванне і рэсацыялізацыя — ключавое звяно ў сістэме прафілактыкі. Асобы клопат — працаўладкаванне былых асуджаных, для іх паводле адпаведнага рашэння райвыканкама забраніравана 70 рабочых месцаў. У цэлым, прафілактычныя захады ў дачыненні да такіх грамадзян ажыццяўляюцца  міліцыяй, іншымі зацікаўленымі ведамствамі і службамі. Па праўдзе кажучы, і тут хібаў дастаткова. У  перавыхаванні такой групы рызыкі больш важкае слова павінны сказаць саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Для разгляду на саветах прафілактыкі накіраваны 173 асобы. І вельмі важна своечасова выяўляць асацыяльных асоб для актыўнай наступнай прафілактычнай работы  з далейшай пастаноўкай іх на ўлік. Перавагі відавочныя. Аднак варта канстатаваць, што інфармацыя аб такіх жыхарах наогул не паступала са Слабадскога, Валосавіцкага саветаў прафілактыкі. Працуюць толькі з выяўленымі раней і пастаўленымі на ўлік.

 — У цэнтры прафілактыкі павінны быць і так званыя «абавязаныя» асобы…

 —  Так і ёсць на самай справе. На прафілактычным уліку РАУС — 95 “абавязаных” асоб. Толькі летась пастаўлена на прафілактычны ўлік 36 чалавек, знята з уліку па тых ці іншых прычынах 55, а за тры мінулыя месяцы — адпаведна  дзевяць і дзесяць.

 — Якія праблемы бачацца?

 — Зараз адсочваю дзве асноўныя праблемы: недастатковая спаганяемасць сродкаў і наяўнасць значнай колькасці прагулаў у “абавязаных” асоб.

 — Няўжо сітуацыя безвыходная?

 — Не сказаў бы. За 2012 год за прагулы  ўзбуджана восем крымінальных спраў, за тры месяцы сёлетняга — дзве, два матэрыялы накіраваны для праверкі. Спаганяемасць запазычанасці  ў мінулым годзе складала 55 працэнтаў, за адпаведны сёлетні перыяд — 63,0.

 — Адной з асноўных прычын учынення правапарушэнняў было і застаецца п’янства…

 — Удакладню: колькасць злачынстваў, учыненых у стане  ап’янення, за тры месяцы зменшылася з 39 да 13. Такая тэндэнцыя нас не супакойвае. Выпівоха, можна без перабольшвання сказаць, патэнцыйны злачынец. Колькі лёсаў загублена, колькі трагедый разыгралася ў алкагольным дурмане!? З гэтым сацыяльна небяспечным злом змагацца варта ўсёй грамадою. Гінуць людзі ў прамым і пераносным сэнсе. За тры месяцы ад атручання этылавым спіртам памёр адзін  чалавек, у параў­нанні з мінулым годам — зніжэнне на тры факты, але праблема застаецца.

 На ўліку ва ўрача-нарколага знаходзяцца 975 пацыентаў. За тры месяцы на ўлік пастаўлены 19 чалавек для накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый, 17 прайшлі там курс лячэння.

 На тэрыторыі раёна пазначана 38 месцаў збору асоб антыграмадскіх паводзін. Асацыяльныя грамадзяне, якія пражываюць у кватэрах, руйнуюць і псуюць жылыя памяшканні, робяць немагчымым жыццё  людзям, якія знаходзяцца побач з імі ў адным пад’ездзе, не выконваюць санітарна-гігіенічныя правілы, парушаюць заканадаўства аб пажарнай бяспецы. За бягучы перыяд з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла дзве інфармацыі аб месцах збору гэтага асацыяльнага кантынгенту.

 Супрацоўнікамі міліцыі канфіскавана фальсіфікаваных спіртных напояў 60 літраў, самагону і самагоннай брагі — 1214.

 У рэгіёне зарэгістравана 28 добраахвотных дружын, у склад якіх уваходзяць адпаведна 142 і 104 чалавекі. Затрымана за адміністрацыйныя правапарушэнні 17 чалавек, з іх 15 — за распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах, два — за хуліганства. Праверана 10 асоб, якія стаяць на прафілактычным уліку ў аддзеле ўнутраных спраў.

 У сувязі з уступленнем у законную сілу новага адміністрацыйнага заканадаўства ўзрасла роля ўдзелу грамадзян у ахове правапарадку сумесна з супрацоўнікамі РАУС. Часцяком дружыннікі з’яўляюцца адзінымі сведкамі правапарушэння і аказваюць неацэнную дапамогу пры доказе віны парушальніка. У той жа час у шэрагу арганізацый не выконваецца графік выхаду добраахвотных дружын на дзяжурства, што прыводзіць да зрыву запланаванай расстаноўкі асабістага саставу міліцыі. Даводзіцца змяншаць шчыльнасць нарадаў, якія нясуць службу па ахове грамадскага парадку. З 42 запланаваных на першы квартал выхадаў на дзяжурства добраахвотных дружын фактычна адбылося толькі сем: УАЗ “Лепельская ЦРБ» — два разы, ДЛГУ «Лепельскі лясгас» — адзін, ПМК-75 і ААТ “АТП-14” — па два  разы.

 — Мікалай Віктаравіч, як вядома, нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі па зніжэнні злачыннасці карыслівай накіраванасці, крадзяжы працягваюць дамінаваць. Як зменшыць наступствы такой навалы?

  —  Праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па папярэ-джанні і раскрыцці злачынстваў. Колькасць крадзяжоў у першым квартале знізілася з 61 да 40. Большасць з іх — крадзяжы з жылля грамадзян. Аднак, не зважаючы на гэта, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў не павінны заставацца безуважлівымі да такой праблемы. Крадуць жа і ў вашых работнікаў. Важна не зніжаць напал паўнацэннай прафілактычнай работы па папулярызацыі сярод падначаленых сродкаў ахоўнай сігналізацыі, абсталявання асабістых кватэр, гаражоў сродкамі сігналізацыі з вывадам на пульт аддзела аховы.

 Крадуць і дзяржаўную ўласнасць. Летась зарэгістравана 19 выпадкаў,  у іх ліку з аб’ектаў аграпрамысловага комплексу — 11. Кіраўнікам прадпрыемстваў і гаспадарак накіравана 118 прадстаўленняў, тры кіраўнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. У вёсцы Бяседы зламыснік выкраў 97 кілаграмаў трансфарматарнага масла, урон — 3,5 мільёна  рублёў.  Са склада гатовай прадукцыі малочнакансервавага камбіната злодзеі вывезлі 2 тоны 750 кілаграмаў сухога малака на агульную суму 106 млн 210 тыс. рублёў. З вальера Заазерскага лясніцтва “знік” дзік, жывёліну ацанілі ў 2 млн руб. З бара Бярэзінскага біясфернага запаведніка ўкралі тэлевізар.

 Зразумела, хваля крадзяжоў магла быць больш моцнай. Прадухілілі яе ўзмацненне  прафілактычныя мерапрыемствы. Усяго для прафі­лактыкі крадзяжоў праведзены 93 мэтанакіраваныя рэйдавыя мерапрыемствы па ­аб’ектах вартавой аховы. Выяўлена восем фактаў адсутнасці вартаўнікоў на аб’ектах, а тры  ахоўнікі дзяржаўнага дабра наогул былі нападпітку, адзін спаў на рабочым месцы. У арганізацыі і прадпрыемствы накіравана 79 прадстаўленняў аб ліквідацыі прычын і ўмоў магчымых правапарушэнняў і злачынстваў. Да адмі­ністрацыйнай адказнасці прыцягнута сем кіраўнікоў.

 Паводле зводнага плана ўстаноўкі сістэм відэа­назірання ў аб’ектах гандлю на 2012 год не ўсталяваны падобныя прыборы  ў краме «Універсам», кафэ «Віраж», магазіне №18 в. Бароўка. Хаця падстаў для трывогі зашмат. Летась з таго ж гандлёвага прадпрыемства «Універсам» было здзейснена 23 дробныя крадзяжы.

  Не сакрэт, што ёсць недахопы, у прафілактычнай рабоце не дапрацоўваюць і праваахоўныя органы, і створаныя грамадскія  фарміраванні, і суб’екты гаспадарання, па вялікім рахунку — усе суб’екты прафілактыкі. Недахопы навідавоку, супольнымі намаганнямі ліквідуюцца.  Станоўчыя тэндэнцыі аператыўнай абстаноўкі набіраюць абароты. Наяўны праваахоўны і грамадскі патэнцыял скіраваны сваім вастрыём на грамадскую бяспеку людзей.

 Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.