Расці, “каралева палёў”…

270Па полі за вёскай Міхалова Горскага сельсавета рухаўся трактар з апырсквальнікам, да яго і скіраваўся. Ідучы па сцяжынцы, заўважыў, што пасевы кукурузы на полі нізенькія, на іншых палетках парасткі нашмат большыя. Трактар спыніўся, трактарыст выйшаў праверыць агрэгат, завязалася гутарка.
Дзень добры, як вас зваць?
— Леанід Карбоўскі, працую ў ААТ “Лепельаграсэрвіс”. Ужо 30 гадоў на трактарах. Як уладкаваўся калісьці ў райсельгасхімію, так дагэтуль месца працы і не мяняў.

— Якую аперацыю выконваеце?
— На гэтым полі раблю хімпраполку пасеваў кукурузы.
— Нешта кволымі выглядаюць парасткі, а вось пустазелле — наадварот…
— Нічога страшнага. Гэта поле мы засявалі адным з апошніх, таму кукуруза пакуль што мала набрала сілы. Зараз апрацую, трава-пустазелле загіне, даючы волю расліне культурнай. Потым падкормім пасевы, і яны шыбануць у рост. Дарэчы, цёплае, спякотнае надвор’е, што ўсталявалася, толькі спрыяе росту кукурузы, бо гэта расліна дужа цеплалюбівая. Так што ў бліжэйшы час слабыя парасткі маюць усе шанцы дагнаць пасевы больш раннія і даць важкі ўраджай.
— Якімі прэпаратамі апрацоўваеце?
— Зараз паглядзім, — падыходзім да спецыяльнай скрыні на навесцы, дастаём каністры і бутэлькі, чытаем, што “Каррсан”, “Дзікапур” — гэта яды, прэпараты, якія, уласна, і робяць хімпраполку, знішчаючы пустазелле. У гэтай бутэльцы “Тонік ВР”, прыліпальнік. Дадаецца ў раствор, робячы яго ліпкім. У выніку пырскі, кроплі не сцякаюць па лістах і сцяблах на зямлю, а застаюцца на іх, чым забяспечваецца максімальнае ўздзеянне.
— Тэхніка, гляджу, адносна новая…
— Так, на гэтым трактары толькі трэці сезон працую. Рулявая калонка на ім удасканаленая, руль адным пальцам паварочваецца. А вось з маторам — няўдача, нядаўна трэці раз яго памяняў, лічы, з месяц на рамонце адбыў.
— А па якой прычыне?
— Ды прыслалі з капрамонту рухавік “адноўлены па эксперыментальнай тэхналогіі”. Не ведаю, што яны там наэксперыментавалі, толькі той матор папрацаваў гадзіны са дзве і заклініў. Добра, што хутка прывезлі іншы на замену. Гэты пакуль што працуе без збояў.
— А што можаш сказаць пра агрэгат?
— Добры, другі год на ім працуем. Апырсквальнік ОП-2500-18К, асноўнае яго адрозненне ад ранейшых у тым, што і рэзервуар для воднага раствору, і патрубкі, і фарсункі — з пластмасы. У савецкія часы гэтыя элементы вырабляліся з металу, таму пастаянна забіваліся ржой, праз некалькі гадоў эксплуатацыі паддаваліся карозіі. Тут жа ўсё чысценька, трэба толькі рэгулярна пасля работы прамываць яго.
— Дзе ваду бераце?
— Езджу на ферму ў Горкі, там запраўляюся. Раней у сельгасхіміі было некалькі бензавозаў, якія падвозілі ваду. Зараз іх у гаспадарцы няма, даводзіцца ездзіць самому.
— Размах крылаў апырсквальніка складае 18 метраў, праходзіць над палеткам нібы самалёт…
— З аднаго боку, так. А з іншага — лёгка такім крылом зачапіцца за куст, купіну, ускочыць у каляіну ці вымачку — і гатова паломка. Таму варта па максімуму вытрымліваць тэхналагічны працэс, аборваць і культываваць палі, каб не заставалася ямін ці калей. Але асабліва нязручна з гэтым агрэгатам працаваць дзе-небудзь пад Грыгаравічамі, дзе палеткі размешчаны на ўзгорках, самі па сабе нешырокія, між кустоўем. Вось дзе даводзіцца папакутаваць.
— Колькі гектараў за дзень можаце такім чынам апрацаваць?
— Вось гэта поле мае плошчу каля 40 гектараў, яго апрацоўваю за дзень.
На тым размову завяршылі, механізатар паехаў на ферму за чарговай запраўкай вадой.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Леанід Карбоўскі ля апырсквальніка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.