Робатызаваны комплекс

Новы робатызаваны малочнатаварны комплекс запушчаны ў дзеянне ў Старым Лепелі. Аб’ект узведзены ў самыя сціслыя тэрміны, ад выкопвання катлавана да завядзення першых кароў прайшло крыху больш за год. Увесь праект ацэньваецца ў суму каля 50 мільярдаў рублёў.
Хтосьці можа паспрачацца пра яго мэтазгоднасць: маўляў, навошта такія вялікія сродкі ўкладваць, лепей накіраваць іх на іншыя мэты. Аднак паспрабуем разважаць рацыянальна, эканамічнымі катэгорыямі. Сёння ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”, філіялам якога з’яўляецца “Заазер’е”, атрымлівае значныя прыбыткі ад вырабу і рэалізацыі малочных прадуктаў.

Натуральна, што на прадпрыемстве думаюць не толькі пра сённяшні дзень, а і пра аддаленую перспектыву, як лепей і надзейней забяспечыць сябе сыравінай. Адказам на гэта служыць і дадзены праект.
СВФ “Заазер’е” мае пяць малочнатаварных фермаў, у іх ліку два сучасныя робатызаваныя комплексы, астатнія — мадэрнізаваныя. Можна было б, з аднаго боку, і ў дадзеным выпадку абмежавацца некаторай мадэрнізацыяй. Аднак сур’ёзных вынікаў на старым абсталяванні, выкарыстоўваючы старыя тэхналогіі, дабіцца немагчыма.
А задачы перад калектывам комплексу і ўсіх жывёлаводаў стаяць вялікія — нарошчваць валавы надой малака, удзельны надой ад кожнай каровы, павышаць якасць, скіроўваючы на здачу класам “экстра” не менш за 70 працэнтаў, павышаць таварнасць, зніжаць выдаткі… Пералічваць умовы рэнтабельнай, прыбытковай працы можна шмат. Усім умовам новы комплекс якраз адпавядае, тым больш, што ён пабудаваны з улікам вопыту эксплуатацыі самага першага падобнага аб’екта, узведзенага ў Юркоўшчыне.
Новыя памяшканні гатовы прыняць 400 галоў дойнага статка. Вядома, запоўніць іх на сто працэнтаў — справа не аднаго дня. Кароў для новага комплексу адбіраюць па ўсёй гаспадарцы, селекцыйную работу па выбары лепшай жывёлы намеснік дырэктара СВФ Лілія Вяракша пачала яшчэ за два гады. Натуральна, што галоўным патрабаваннем становіцца прадуктыўнасць, нерэнтабельна малапрадуктыўную карову нават заводзіць у новы комплекс.
У бліжэйшыя месяц — два работа па камплектацыі дойнага статка завершыцца і выйдзе на новы ўзровень. За станам кароў трэба будзе пастаянна назіраць, своечасова выдаляючы старых, хворых, малапрадуктыўных жывёлін і ўводзячы ім на змену маладняк. Для гэтага побач збудаваны яшчэ два памяшканні, дзе будуць гадавацца цяляты розных узроставых груп.
Сцены свецяцца свежай фарбай, новае імпартнае абсталяванне прымае першыя літры малака. Новы комплекс па нарматывах будуць абслугоўваць 29 чалавек, кіруе працоўным калектывам Святлана Ляйко. Дарэчы, па старых нарматывах, на аналагічнай вытворчасці павінны быць задзейнічаны не менш за 40 чалавек.
Пры поўнай загрузцы, таварнасці малака 80 працэнтаў і вышэй, высокага класу якасці комплекс павінен акупіцца за тэрмін ад пяці да сямі гадоў. Варта заўважыць, што робатызаваны комплекс у малочнай вытворчасці павінен стаць не экзотыкай, дзіковінкай, а нармальнай з’явай, радавым спосабам. Сельская гаспадарка павінна ўсё больш і больш укараняць самы перадавы вопыт, што і адбываецца.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.