Рэйтынг ураджайнасці

На раніцу другога жніўня ў раёне было ўбрана 3610 гектараў збожжавых, што складае 25,69 працэнта ад запланаванага. На гэтую ж дату летась было ўбрана 22,19%. Намалочана 8825 тон зерня, што на 1196 тон больш, чым летась на гэтую ж дату.

Радуе, што камбайнеры па максімуму выкарысталі пагодлівыя дні, якімі парадавала надвор’е пасля заліўных дажджоў. Тэхніка на палетках гула ад рання да змяркання.

 Пад канец тыдня да нас зноў завітала непагадзь, дажджы паліваюць палеткі. Камбайнеры зноў працуюць у рэжыме чакання.

 Ураджайнасць крыху меншая за леташнюю. Так, у мінулым годзе на пачатку жніўня кожны гектар даваў па 24,5 цэнтнера з гектара. Сёлета ж — па 24,4. Мінулагодняе лета было дажджлівае, сёлета першая яго палова — засушлівая. І празмерная вільгаць, і празмерная засуха аднолькава адмоўна адбіліся на ўраджаі.

 Самую высокую ўра­джайнасць дае ячмень. Так, у ААТ “Чарэйшчына” гэту культуру ўбралі са 140 гектараў, намалацілі 493 тоны, атрымалі па 35 цэнтнераў з гектара. Варта зазначыць, што гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні піваварнага ячменю, высявае элітнае насенне. Па раёне ўраджайнасць гэтай культуры знаходзіцца на ўзроўні 29 цэнтнераў з гектара.

 Другі радок у рэйтынгу ўраджайнасці стала займае азімая пшаніца, на палетках СВП “Пражэктар” яе намалочваюць па 32,6 ц/га. У гаспадарцы, дарэчы, азімая пшаніца ўбрана са 188 гектараў, намалочана 613 тон. Па раёне ўраджайнасць пшаніцы склала 25,7 ц/га.

 Самы вялікі на другога жніўня працэнт зжатага мае адкрытае акцыянернае таварыства “Лядна”, там збажына ўбрана з 375 гектараў, што складае 44,9 працэнта ад запланаванага. Гаспадарка мае пяць збожжаўборачных камбайнаў, якія інтэнсіўна выкарыстоў­вае, машыны выязджаюць на жніво штодня. Такім чынам нагрузка на кожную адзінку тэхнікі — 167 гектараў (не самая вялікая). Па завяршэнні жніва на палетках ААТ “Лядна” камбайнеры плануюць абмалочваць соткі вяскоўцаў, дапамагаць суседзям. Пакуль што земляробы прадпрыемства намалацілі 776 тон збожжа пры ўраджайнасці 20,7 цэнтнера з гектара.

 Другі радок з паказчыкам 34,4 працэнта зжатых плошчаў (506 га) займае СВП “Пражэктар”. Аднак там зерневы клін большы, чым у “Лядне”, — 1470 гектараў. Камбайнаў — восем адзінак, нагрузка на кожны — 183,8 гектара. Калі ж улі­чыць, што адзін быў на вымушаным рамонце, то атрымліваецца, што на астатніх нагрузка павялічваецца. На раніцу другога жніўня валавы намалот гаспадаркі склаў 1365 тон зерня пры ўраджайнасці 27 ц/га.

 Найбольшай ураджайнасцю парадавалі палеткі СВФ “Заазер’е”, там у сярэднім намалочваюць па 29,6 цэнтнера зерня з кожнага гектара. Найбольш радуе, вядома, азімая пшаніца — 30,2 ц/га, яна ўбрана з 448 га, намалочана 1351 тона. Пачалі ў гаспадарцы жаць і азімае трыцікале, 56 гектараў апрацавалі камбайны. Пакуль што яно не такое ўмалотнае, як пшаніца, толькі 25 цэнтнераў дае на круг.

 Следам за камбайнамі, часта нават у той жа дзень, ідуць трактары з прэс-падборшчыкамі, скручваюць салому ў рулоны. Салома, асабліва аўсяная, пшанічная — лепшая падсцілка для жывёлы, а часам — і неблагі корм. Дзясяткі, сотні тон яе складваюцца ў сцірты. Там, дзе ў саломе не маюць асаблівай патрэбы, камбайны яе здрабняюць і раскідваюць за сабой. Дарэчы, уся рапсавая салома здробнена і рассыпана па палях, такім чынам яна ўгноіць зямлю для наступнага ўраджаю.

 Механізатары працуюць старанна, шчыра, многія ўжо намалацілі па некалькі соцень тон. Неўзабаве чакаем паведамленне пра першага тысячніка.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.