Сацыяльны барометр

У райвыканкаме, яго структурных падраздзяленнях прымаюцца арганізацыйныя і практычныя меры па аператыўным вырашэнні сацыяльна-значных праблем насельніцтва, дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату. Новыя формы работы дазваляюць грамадзянам аператыўна вырашаць паўсядзённыя пытанні, атрымліваць больш інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў. У раённым выканаўчым камітэце працуе тэлефон «гарачай лініі», рэгулярна праводзяцца “прамыя тэлефонныя лініі», дзейнічае грамадская прыёмная, праводзіцца асабісты і выязны прыём грамадзян.

 Аб захадах па задавальненні сацыяльных запытанняў лепяльчан гутарым з кіраўніком спраў райвыканкама Васілём Палонскім.

— Пачну нашу размову з такой інфармацыі. У першым паўгоддзі 2013 года ў райвыканкам паступіла 139 зваротаў грамадзян, з іх 89 — пісьмовых і 50 — вусных, 9 зваротаў ад юрыдычных асоб.

 Колькасць іх у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года павялічылася на сем, а пісьмовых скарацілася на два.

 — Васіль Іванавіч, якую тэндэнцыю засведчыў тэматычны аналіз? На якія арганізацыі найбольш скардзяцца люді?

 — Па-ранейшаму паступае вялікая колькасць зваротаў наконт работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, па жыллёваму заканадаўству.

  Асобна выдзелю звароты са сферы адукацыі.

 — З чым гэта звязана?

 —  З рамонтам дзіцячых садкоў №№6, 8 г. Лепеля і в. Бароўка.

 І тут акурат дарэчы даць такую даведку: сёлета на абуладкаванне дзіцячых дашкольных устаноў у бюджэце закладзена ўсяго 99,7 млн рублёў, з іх асвоена 47,1 млн на бягучы рамонт. Летась было асвоена 441,3 млн рублёў на бягучы і 83,3 млн на капітальны рамонт.

 — Ці паступалі калектыўныя звароты?

 — Паступалі. З 18-ці чатыры  мелі  30 і больш  подпісаў. Усе разгледжаны з выездам на месца. У тым ліку і ліст бацькоў аб неабходнасці рамонту дашкольнай установы ў Бароўцы. У першым паўгоддзі набыты і ўстаноўлены камплектуючыя для сантэхнічнага абсталявання на суму 2277968 млн руб. Куплена тканіна для пашыву пасцельнай бялізны на суму 1671000 руб. Набыццё будаўні­чых матэрыялаў для давядзення да ладу падлогі і рэканструкцыя вентыляцыйнай сістэмы на харчовым блоку плануецца за кошт мясцовага бюджэту да 1 верасня 2013 года.

 — Атрымлівалі іншыя калектыўныя скаргі? Якая тэматыка іх?

 — Калектыўны зварот жыхароў дамоў 80 і 80а па вул. Калі­ніна, 84, 84а па вул. Чуйкова датычыўся дэмантажу турнікета, што абмяжоўваў скразны праезд транспартных сродкаў ад вуліцы Інтэрнацыянальная да вуліцы Ульянка праз мікрараён. У сакавіку было праве­дзена анкетаванне жыхароў вышэйзгаданых дамоў, аднак прыйсці да агульнага пункту гледжання  не атрымалася, бо меркаванні жыхароў падзяліліся пароўну. У выніку вырашана пакінуць турнікет на ранейшым месцы.

 Экалагічнай абстаноўкі датычылася скарга жыхароў Бароўкі…

 — У чым яе сутнасць?

  — Не задавальнялі людзей выкіды ў атмасферу прадуктаў гарэння з кацельні КУВП «Бароўка». Вытворцам катлоў —  Віцебскім даччыным унітарным камунальным вытворчым прадпрыемствам кацельных і цеплавых сетак ухіляюцца недахопы, выяўленыя ў працэсе пусканаладачных работ. Зварот на кантролі да 1 верасня 2013 года.

 Група лепяльчан з вуліцы Савецкая наракала на стан моста  каля возера Лепельскае. Збудаванне абследавана, вызначаны пералік работ па бягучым рамонце.

 — Васіль Іванавіч, колькі наогул зваротаў кантралявалася ў першым паўгоддзі?

 — На кантролі знаходзілася 62 звароты, з іх 18 выканана, зараз кантралюем ход рэалізацыі 44.

 — Давайце канкрэтызуем гэтыя лічбы, так бы мовіць, заземлім іх…

  — Зразумела. Пераважна гэта пытанні, для вырашэння якіх патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі. Маюцца на ўвазе капітальны рамонт дома 38 па вул. Інтэрнацыянальная; будаўніцтва водаправода па вуліцы Залінейная, Першамайская, зав. Цяплічны ў г. Лепель, вул. Савецкая ў в. Стаі; рамонт дзіцячых садкоў №№6, 8 у г. Лепель, у в. Бароўка; узвядзенне дамбы ўздоўж ракі Ула.

 — Мне, як члену раённага выканаўчага камітэта, добра вядома, што, паводле рашэння райвыканкама  ад 18 сакавіка 2013 №300 “Аб зацвярджэнні мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні», зацверджаны мерапрыемствы па навядзенні парадку ў Лепелі, в. Бароўка і Заслонаве, іншых населеных пунктах на 2013 год. У дакумент уключаны і пытанні, якія стаяць на працяглым кантролі…

 Лагічна скіраваць ланцужок нашых разважанняў у рэчышча зваротаў грамадзян у вышэйстаячыя органы…

 — Зарэгістраваны і такія. Не сакрэт, узрасла колькасць зваротаў у Віцебскі аблвыканкам на шэсць. На разгляд па кампетэнцыі з вышэйстаячых органаў у райвыканкам паступіла дзевяць зваротаў — на адзін менш за аналагічны перыяд 2012 года.

 У Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь звяртаўся грамадзянін В.П. Турлай з аграгарадка  Старое Лядна, які абскарджваў дзеянні дырэктара ААТ «Лядна». Камісіяй райсельгасхарчу правераны выкла­дзеныя факты, у дзеяннях дырэктара парушэнняў не выяўлена.

 В.Н. Балотнік з в. Пышна пісаў  ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь наконт неабходнасці навядзення парадку на тэрыторыі СФГ «Азім­ка». Кіраўнік гаспадаркі Г.В. Лявіцкі папярэджаны аб адказнасці за парадак на сельскагаспадарчых аб’ектах…

 На асабістых прыёмах кіраў­ніцтвам выканкама ў першым паўгоддзі прынята 50 грамадзян,  старшынёй райвыканкама — 34 чалавекі.

  Выязныя прыёмы насельніцтва горада праводзяцца ў дні выезду інфармацыйных груп, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца старшыня райвыканкама, намеснікі старшыні, кіраўнік спраў, старшыня райсавета і іншыя адказныя работнікі.

 На вёсцы выязныя прыёмы практыкуюцца штомесяц за га­дзіну да пачатку пасяджэння сельвыканкама. Усяго за першае  паўгоддзе 2013 года прынята сем чалавек.

 Распараджэннем старшыні райвыканкама ад 9 жніўня 2011 года №233-р зацверджаны графік работы грамадскай прыёмнай, якая працуе ў будынку райвыканкама штодня ў кабінеце №102 юрыдычнага сектара, аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

 — Зараз варта пагаварыць, Васіль Іванавіч, аб новых формах работы, якія дазваляюць грамадзянам аператыўна вырашаць паўсядзённыя пытанні, атрымліваць больш інфармацыі аб дзейнасці раённага выканаўчага камітэта і яго структурных падраздзяленняў. Апошнім часам прыкметна вырасла камп’ютарная пісьменнасць насельніцтва, асабліва моладзі. Камп’ю­тар становіцца незаменным атрыбутам пры стасунках са знешнім светам. Некалькі маніпуляцый на клавіятуры — і ты ўжо на патрэбным сайце. Можаш выказаць свае прапановы, даслаць у органы ўлады электронны зварот…

 — На сайце райвыканкама маецца раздзел для прапаноў грамадзян па ўдасканаленні адмініс­трацыйных працэдур, пытанняў дэбюракратызацыі, а таксама  адмысловыя рубрыкі «Электронныя звароты», «Найбольш часта ўзнімаемыя  ў зваротах грамадзян пытанні». Дарэчы, электронныя разглядаюцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года «Аб зваротах грама­дзян і юрыдычных асоб». За шэсць месяцаў на сайт выканкама паступіла 11 зваротаў грамадзян, усе разгледжаны ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны, падрыхтаваны і дадзены адказы на электронны адрас заяўнікаў.

 У райвыканкаме функцыянуе тэлефон «гарачай лініі». «Прамыя тэлефонныя лініі» кіраў­ніцтва райвыканкама праводзяцца адзін раз у два месяцы, аб чым насельніцтва інфармуецца праз газету “Лепельскі край» і сайт райвыканкама. Падчас тэлефанаванняў паступі­ла сем зваротаў, з іх тры па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, два — аховы здароўя,­ па адным наконт жыллёвага заканадаўства і пераразліку пенсіі.

 — У «Лепельскім краі» публікуюцца і анонсы аб прыёме грамадзян пасадавымі асобамі іншых дзяржаўных органаў…

 —  «Прамыя тэлефонныя лініі» і прыём грамадзян у райвыканкаме вялі Міністр па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь В.Н. Палуян, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці В.В. Заранкін, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама В.Н. Севярын, старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Віцебскага аблвыканкама В.Н. Белавус, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П.Г. Шыкшнян, старшыня Віцебскага абласнога суда Н.Н. Хамічонак.

 На ўсе пытанні дадзены тлумачэнні або пісьмовыя адказы.

 — Адзіныя дні інфармавання насельніцтва выяўляюць узаемаадносіны ўлады і народа, папярэджваецца незадаволенасць насельніцтва па той ці іншай праблеме. Узнятыя пытанні вырашаюцца аператыўна,  людзі пераконваюцца ва ўважлівым стаўленні кіраўнікоў да іх праблем. Неаднойчы выязджаў у скла­дзе групы і аўтар гэтых радкоў. Пасля выступлення дакладчыка па пэўнай тэме ад прысутных паступалі прапановы і скаргі па розных аспектах сацыяльнага быцця. На многія ­ўдзельнікі адразу атрымлівалі канкрэтныя адказы, калі і што будзе зроблена. Асобныя тэмы патрабавалі дадатковай прапрацоўкі, фінансавых укладанняў, таму браўся тайм-аўт. Пасля грамадзянін інфармаваўся наконт вырашэння зададзенага пытання альбо перспектыў яго рэалізацыі. Такім чынам на месцы ліквідоў­ваўся ачаг незадаволенасці. Прафілактычны рычаг удала спрацоўваў, бо быў напоўнены канкрэтным зместам.

 — Згодзен, эфектыўнасць такіх надзённых дыялогаў відавочная. У раёне створана дзевяць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп (ІПГ) райвыканкама, 11 — сельскіх Саветаў і 58 груп прадпрыемстваў і арганізацый. ІПГ райвыканкама ўзначальваюць старшыня райвыканкама, намеснікі старшыні, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама. За шэсць месяцаў праведзена 426 сустрэч, з іх 52 — ІПГ райвыканкама. Паступіла 216 пытанняў і крытычных заўваг, на якія дадзены тлумачэнні.

 Колькасць зваротаў ад жыхароў вёскі ў райвыканкам у першым паўгоддзі зменшылася на сем. Увогуле датычыліся яны  жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвага заканадаўства, працаўладкавання, землеўпарадкавання і землекарыстання, транспартных паслуг, газіфікацыі, адукацыі, законнасці і правапарадку… Больш за ўсё зваротаў паступіла з Бароўскага, Горскага сельсаветаў. На ўсе  былі дадзены адпаведныя тлумачэнні.

 — Васіль Іванавіч, вяскоўцы апрача райвыканкама і вышэйстаячых арганізацый звяртаюцца за вырашэннем сваіх праблем і ў адпаведныя  сельвыканкамы. Навошта турбаваць іншых начальнікаў, калі свае побач…

 — Такім чынам у сельвыканкамах разгледжана 78 зваротаў грамадзян —  на 39 менш за першае паўгоддзе  2012 года.

 — Мы ўжо закраналі негатыўную тэндэнцыю павелічэння колькасці скаргаў жыхароў Лепельшчыны ў аблвыканкам. Канешне, некаторыя нашы землякі ў абыход мясцовай улады адразу “сігналізуюць наверх”. Здараецца такое ў паўсядзённай практыцы. Працэс не спыніш, калі чалавек так рашуча настроены. Аднак бывае і іначай. Не знаходзіць заяўнік паразумення на мясцовым узроўні. Не задавальняе яго пэўнае рашэнне. Тады бярэцца за пяро і піша ў больш высокую інстанцыю. А гэта ўжо брак у рабоце…

 — Шчыра прызнаю, не зжыты яшчэ факты павярхоўнага разгляду зваротаў і неналежнага выканання сваіх абавязкаў асобнымі адказнымі работнікамі. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута адна службовая асоба.

 У Каменскім і Баброўскім сельвыканкамах не замацаваны адказныя за вядзенне справаводства па зваротах грама­дзян і юрыдычных асоб, не былі ўнесены дадзеныя звесткі ў службовыя інструкцыі кіраўнікоў справамі. Агульнымі недахопамі для часткі сельвыканкамаў з’яўляюцца малая колькасць альбо адсутнасць запытаў па адміністрацыйных працэдурах, у журналах рэгістрацыйна-кантрольнай формы рэгістрацыі заяў зацікаўленых асоб запаўняюцца графы з парушэннем патрабаванняў заканадаўства, рэгістрацыя адміністрацыйных працэдур вядзецца з адступленнем ад устаноўленага ўзору. Найменне журналаў не заўсёды  адпавядае ўстаноўленай наменклатуры спраў.

 — Колькі слоў аб адміністрацыйных працэдурах…

 — Структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама выканана каля 14003 адміністрацыйных працэдур, у тым ліку сектарам «адно акно» —  1204, сельскімі выканаўчымі камітэтамі — 3806 адміністрацыйных працэдур па заявах грамадзян.

 Дзейнасць структурных падраздзяленняў раённага выканаўчага камітэта з выкарыстаннем праграмнага комплексу «адно акно» была распачата ў 2011 годзе. Па новай тэхналогіі сектарам «адно акно» зарэгістравана 1204 заяў, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне — 3008, аддзелам адукацыі — 21. Сельскімі выканаўчымі камітэтамі з агульнай колькасці прынятых у першым паўгоддзі 2013 заяў (3806 заяў) з выкарыстаннем названага праграмнага комплексу зарэгі­стравана 2239 заяў.

 Аналіз зваротаў насельніцтва дазваляе ўладным структурам трымаць руку на пульсе сацыяльнага жыцця, аператыўна прымаць меры, ствараць грамадзянам умовы камфортнага пражывання на пэўнай тэрыторыі.

 Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.