Святочны парад

Урачыстасці, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны, пачаліся а дзясятай гадзіне на плошчы Свабоды з ускладання вянкоў да магіл герояў, якія аддалі свае жыцці за нашу Радзіму. У прызначаны час у скверы стаялі роўнымі шарэнгамі ваенны аркестр Заслонаўскага гарнізона і салютавая каманда. Працэсія ўсклала вянкі да магіл пад салютныя залпы.


Урачыстыя мерапрыемствы працягваліся ў Заслонаве. Ужо на пад’ездзе да вайсковай часці адчувалася святочная атмасфера: перад кантрольна-прапускным пунктам выстраіліся шэрагі легкавых аўтамашын гасцей. Сотні чалавек сталі наведвальнікамі свята, якое наладзілі вайскоўцы з 19-ай асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады.
Гасцей сустракала паходная кухня духмяным водарам салдацкай кашы. Порцыя гарачай грэчкі з мясам, кубачак гарбаты — выдатны сродак сагрэцца ў марозны дзень.
На страявым плацы — падраздзяленні часцей Заслонаўскага гарнізона: 19-ай брыгады, 52-га асобнага пошукавага сапёрнага батальёна, 231-ай артылерыйскай брыгады, 427-га рэактыўнага палка. Салдаты і афіцэры — у чаканні каманды.
Вайскоўцаў віталі старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў, камандзір 19-ай брыгады палкоўнік Мікалай Міклашэвіч і іншыя. Узброеныя сілы Беларусі — галоўны гарант бяспекі рэспублікі, яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. На кожных вучэннях, палігонных выхадах, баявых стрэльбах воіны паказваюць высокую баявую вывучку, зладжанасць дзеянняў. Гатоўнасць у любы момант абараніць Радзіму, самаадданасць разам з высокім прафесіяналізмам заўсёды былі галоўнымі рысамі беларускіх вайскоўцаў.
Адным з галоўных элементаў свята стаў плац-парад падраздзялення ганаровай варты, у ходзе якога салдаты паказалі майстэрства і ўменне валодаць зброяй, страявыя прыёмы.
Самым чаканым, асабліва для падлеткаў, стала паказальнае выступленне групы разведкі 19-ай механізаванай брыгады. Разведчыкі ў белых маскіровачных касцюмах пад аўтаматныя чэргі, грукат шумавых гранат, сярод клубоў густога дыму бездакорна дэманстравалі прыёмы рукапашнага бою, гатоўнасць выступіць супраць ворага, узброенага нажом, пісталетам, нават аўтаматам, і ў яго амаль не застаецца шанцаў на перамогу. Нашы хлопцы паказалі і сілавыя практыкаванні, калі чалавечае цела становіцца мацней за камень, які крышыцца пад моцнымі ўдарамі.
Захапіў відовішчны паказ узбраенняў і баявой тэхнікі. Пасля парада, калі падраздзяленні стройнымі калонамі з разгорнутымі сцягамі прайшлі перад трыбунай, усе жадаючыя змаглі паглядзець, нават пасядзець на танку, самаходных устаноўках. Патрымаць жа ў руках аўтамат, снайперскую вінтоўку ці гранатамёт для некаторых падлеткаў — высокая мара, якая ў святочныя дні стала явай.
Пасля афіцыйных урачыстасцяў у гарнізонным Доме афіцэраў адбыўся святочны канцэрт. Дзея была арганізавана сіламі артыстаў Шумілінскага РДК. Паводле праграмы культурных абменаў, аматары песні, танцаў з Шуміліна прыехалі ў госці на лепельскую зямлю, а нашы рушылі з візітам у адказ. Вайскоўцам і гасцям спадабалася выступленне.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: парадны марш.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.