Скрозь лясныя нетры

Удзельнікі клуба турыстаў «Паходнік» даўно шукалі зручны выпадак здзейсніць лыжную вылазку за горад. Спачатку было мала снегу. Потым грымнулі невандроўныя маразы. Нарэшце, снегу найшло, і слупок тэрмометра папоўз уверх. Наперад!
Але куды? Васіль Хацкевіч прапанаваў схадзіць да мізэрных балотных азёраў, размешчаных непадалёк ад Верабак. Аб тых вадаёмах мала хто ведае, паколькі нават карта-кіламетроўка іх не паказвае.

Азерцы недаследаваныя з прычыны непрыступнасці тонкага да небяспекі берагавога пласта глебы ды частых бяздонных вокнаў. Можна, вядома, падпаўзці да вады разам з гумавай лодкай і з яе даследаваць дно. Але ніхто да гэтага яшчэ не дадумваўся.
Паход пачалі ад возера Святога. Добра ехаць па лясной дарозе, хоць і схаванай пад снегам. Тым больш, што да Вялікага Люсінца хтосьці ўжо праклаў лыжню. Горш стала ў заазёрным лесе. Дарога бачная, але па ёй ніхто не ездзіў з часу выпадання снегу. Толькі ў Хацкевіча лыжы паляўнічыя ўсім на радасць — значыць, яму і першапраходцам снежнай цаліны быць. Добра апошняму ехаць па лыжні, дзе ўжо прайшлі шасцёра лыжнікаў — любуйся сабе маляўнічымі наваколлямі, якія нават не заўважае першы штурмавік.
Неяк непрыкметна і адносна лёгка пераадолелі дзевяць кіламетраў. Першае возера — большае. Бераг, мяккі пад снегам і лёдам, лыжнікаў трымае надзейна. Гэта зімой. А летам бліжэй, чым на дзясятак метраў да вады не падысці. У адным месцы хтосьці жэрдкі паклаў, дык толькі па іх можна падпаўзці. Вокнаў поўна. Ходзіць легенда, што аднойчы ў адно з іх бык праваліўся і патануў, а праз нейкі час увесь разбухлы ўсплыў у возеры.
Ушыркі возера — 50 крокаў. У даўжыню — разы ў чатыры болей. Узяліся палонку прасякаць. Ледзь управіліся — сякерка невялікая, паходная, а лёд сантыметраў 30 таўшчынёй.
Хацкевіч высек прыпек метры з чатыры даўжынёй. Апусціў у палонку. Глыбіня — каля двух метраў. Далей мерка лёгка палезла ў сапрапель. Схавалася ўся, а цвердзі так і не дастала. У палонцы каля берага гісторыя паўтарылася. Кранулі глей, і паветра напоўнілася тухлым пахам. Яно і зразумела — возера ж непраточнае. Праўда, кажуць, што з меншага азярца ў Верабскі канал ручай цячэ, у якім мясцовая дзеўка ледзь не ўтапілася.
На абследаванне малога азярца часу не застаецца — дзень кароткі. Прайшлі міма вадаёма, не спыняючыся. І так зразумела, што дно ў абодвух азёрах аднолькавае.
Абедзенны прывал вырашылі зладзіць кіламетры праз два, ва ўрочышчы Жоўты Яр. Заснежанымі дарогамі — далёка. Лепш напрасткі, праз лес. Лепш бы дарогай пайшлі! Выбілі з сіл паваленыя дрэвы ды курганы на забалочаных месцах.
Але вось і Эса, скаваная лёдам пад высачэзным абрывам. Расчысцілі снег, расклалі вогнішча, паставілі на яго чайнік з крынічнай вадой. Не вельмі ўтульна абедаць, калі з неба самы сапраўдны лёд сыплецца. Але такая ўжо турысцкая доля.
Назад выбралі карацейшы шлях: пайшлі праз Лугі — так называецца пойма Эсы насупраць Забаення. Лепш бы тройчы круг зрабілі!
Лугі сустрэлі бясконца доўгай агароджай. Вырашылі не ісці ў вароты і далей уздоўж Эсы, а пайшлі паўз плот, у абход. Як заглыбіліся ў гушчар — ні прайсці, ні праехаць. Хмызняк сяк-так пераадолелі, але дарога, дакладней, бездараж, не нашмат палепшылася. З выгляду прывабным здаецца бярозавы гай. Яно на самой справе так, калі ў яго прыехаць на машыне ды запаліць вогнішча, шашлыкі прыгатаваць, піўцо адкаркаваць… А паспрабуй пралезці на лыжах скрозь неймаверны гушчар! А тут у яшчэ больш гіблай пастцы апынуліся. І стварылі яе бабры. Вялізныя дрэвы перагрызлі. Набудаваныя плаціны — паўбяды. Бяда ў бескарысных завалах, зробленых звярамі выключна дзеля таго, каб зубы затупіць і не даць ім расці бясконца. Паспрабуй пераадолець такі хаос!
Не, такім лесапавалам да Эсы не выбрацца. Лепш наўздагад узяць накірунак на Куляшы па чыстай супрацьпажарнай паласе. Але неўзабаве пашкадавалі пра тое. У такія зараснікі ўляпаліся, што раней падобных і не бачылі. Ні назад вярнуцца, ні наперад рушыць. Пастка! А дзень на зыходзе…
У Куляшы ўсё ж патрапілі. Але ўжо ў поўнай цемры. Канчаткова стомленымі нагамі ледзь перасунулі лыжы да Святога, дзе ўвесь час паходу стаяла машына Хацкевіча.
Можа, хто жадае такога лыжнага адпачынку? Калі ласка, у «Паходнік».
На здымку: замер дна балотнага возера.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.