Ступень гатоўнасці

Пакуль на палях ляжыць снег, асноўная праца вяскоўцаў ідзе ў рамонтна-механічных майстэрнях. На патоку — камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты, сеялкі, культыватары, аўтатрактарная тэхніка, пагрузчыкі. Пабачыць працэс работ скіраваліся ў сельскагаспадарчы вытворчы філіял адкрытага акцыянернага таварыства “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” “Заазер’е”.
Гаспадарка па праве лічыцца адной з лепшых у раёне.

Прынамсі, аднымі з першых завяршаюць жніво, сяўбу, намалочваюць стабільна высокія ўраджаі. Не збіраюцца адставаць і сёлета, толькі яравых збожжавых і зернебабовых плануюць пасеяць не менш за дзве тысячы гектараў.
Для выканання маштабнай задачы гаспадарка мае не менш маштабны парк тэхнікі. Асноўны цяжар пасеву зерневых культур ляжа на камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты. Іх у “Заазер’і” восем адзінак: шасціметровага захопу АПП-6Д вытворчасці Віцебскага маторарамонтнага завода і імпартнага Amazone, а таксама шэсць агрэгатаў Lemken, якія па ліцэнзіі вырабляюцца зноў жа ў Віцебску. Уся пасяўная тэхніка пасля асенняй сяўбы азімых збожжавых адрамантавана, наведзена і пастаўлена на сезоннае захоўванне да новай вясенняй пасяўной. Невялікая праблема толькі з імпартным Amazone — восенню пад час інтэнсіўнай эксплуатацыі выйшаў са строю гідраўлічны размеркавальнік. Паколькі такую апаратуру ў Беларусі не выпускаюць, давялося звярнуцца да афіцыйных дылераў. Як сказаў галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Раман Крывец, уся справа толькі ў грашах, бо каштуе запчастка 102 мільёны рублёў. Як толькі сродкі будуць пераведзены на рахунак прадаўца, гідраразмеркавальнік будзе дастаўлены. У бліжэйшыя дні гэта будзе зроблена.
У сярэднім на кожны Lemken прыпадае па 200 гектараў, а на АПП-6Д і на Amazone — па 400. Зыходзячы з вопыту ранейшых гадоў, спецыялісты СВФ упэўнены, што веснавую сяўбу ўдасца завяршыць за 15 дзён, але галоўнае слова ў гэтай справе будзе, безумоўна, за надвор’ем.
Усе пасяўныя плошчы ўзараныя яшчэ з восені, згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Таму плугі пастаўлены на доўгае захоўванне. Хіба што спатрэбіцца дадаткова падняць якое поле…
А вось астатняя глебаапрацоўчая тэхніка — на лінейцы гатоўнасці. Толькі каманды на выхад у поле чакаюць шэсць чызельных культыватараў, культыватары КПС-4 і АКШ-6.
Асноўнай ударнай сілай у пасяўной кампаніі павінны стаць тры магутныя энерганасычаныя трактары МТЗ-3022. Менавіта яны будуць прыводзіць у дзеянне шасціметровы чызель КЧН-6 і пасяўныя агрэгаты АПП-6Д і Amazone. Праўда, адзін трактар пакуль не працуе. Ён быў першым МТЗ-3022 у гаспадарцы, пачаў працаваць яшчэ ў 2009 годзе. Інтэнсіўнай эксплуатацыі не вытрымаў рухавік — магутны шасціцыліндравы Deutz. Галоўны інжынер са спецыялістамі, механізатарамі разважалі наступным чынам: “Капітальны рамонт рухавіка каштуе каля 170 мільёнаў рублеў, новы рухавік — 197. Розніца ў грашах адносна невялікая, затое ў выніку мы будзем мець новы сілавы агрэгат і амаль новы трактар”. Словам, спыніліся на другім варыянце. Грошы ўжо пералічаны на рахунак мінскай фірмы “Маторы і трансмісіі”, рухавік прывезены на машынны двор, цяпер справа за механізатарамі і слесарамі. Да пачатку красавіка ён будзе ўстаноўлены, потым спецыялісты фірмы правядуць першы запуск і паставяць на гарантыйнае абслугоўванне.
— Няўжо нельга было рамонт рухавіка зрабіць уласнымі сіламі? — пытанне да Рамана Крыўца.
— Deutz — гэта не “Беларус” МТЗ-82. Гэта тэхніка нашмат больш складаная, патрабуе дасканалага вытрымлівання ўсіх тэхналагічных нормаў пры абслугоўванні. Акрамя гэтага, звязаліся мы з тымі, хто ўжо спрабаваў рамантаваць Deutz, прыйшлі да высновы, што выгадней усё ж набыць новы рухавік. З новым рухавіком будзем мець стопрацэнтную гарантыю на некалькі гадоў бесперабойнай працы, з рамантаваным — рызыку, што заўтра ў полі ён зноў выйдзе са строю.
Акрамя энерганасычаных, гаспадарка мае трактары МТЗ-1523, МТЗ-1223, МТЗ-1221.4 і шэраг прывычных, загартаваных дзясяткамі гадоў эксплуатацыі МТЗ-82. Усім працы будзе шмат непасрэдна на сяўбе, падрыхтоўцы глебы, унясенні арганікі і тукаў, падвозе насення ў поле.
У “Заазер’і” сабраны добрыя механізатарскія кадры. Руслан Крывец кажа:
— З трактарыстаў-ветэранаў хацеў бы адзначыць Юрыя Арцюха, які жыве ў Юркоўшчыне. Вясной ён будзе працаваць на сваім МТЗ-1523 з агрэгатам Lemken. На змену такім ветэранам прыходзіць перспектыўная моладзь. Напрыклад, Сяргей Касцюковіч са Старога Лепеля не так даўно скончыў наш дзяржпрафліцэй, а ўжо мае ўсе трактарысцкія катэгорыі. У час пасяўной ён на МТЗ-3022 будзе працаваць з пасяўным агрэгатам АПП-6Д. Яго равеснік Аляксей Гарыслаўка з Лепеля працуе на МТЗ-82, аднак увесну таксама будзе задзейнічаны на адказнай працы.
Падводзячы вынікі, скажам, што вяскоўцы ў асноўным гатовыя да пасяўной і з нецярпеннем чакаюць цёплых дзянькоў, калі сонца згоніць, нарэшце, снег з палеткаў, падсушыць іх, даючы магчымасць кінуць зерне ў першыя барозны.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: тэхніка на лінейцы гатоўнасці.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.