“Сюрпрызы” на дне
Кожны год групам і спецыялістам размініравання даводзіцца выязджаць на разнастайныя выклікі. У раённым ваенным камісарыяце арганізацыяй утылізацыі знойдзеных “сюрпрызаў” займаецца маёр Руслан Мурзін. Асноўнай часткай такіх знаходак, па прызнанні афіцэра, з’яўляюцца боепрыпасы часоў Другой сусветнай вайны. Знаходзяць іх у горадзе, на палях, нават пад будынкамі. Самае прыкрае тое, што з кожным годам колькасць смяротна небяспечных знаходак не змяншаецца, хаця з часу, як з беларускай зямлі выгналі акупантаў і адгрымелі апошнія баі, мінула больш за 68 гадоў.
З вясны — пары пачатку палявых работ і асноўнай працы сапёраў — маёру Мурзіну даводзілася выязджаць па выкліках не менш за восем разоў, у сярэднім па разу на месяц.
Калі раней іржавую смерць выцягвалі з зямлі, то зараз і з вады — такой стала адна з адметных асаблівасцяў апошніх гадоў. Звязана гэта найперш з тым, што сярод беларусаў усё большую папулярнасць набывае дайвінг — плаванне пад вадой з аквалангам, даследаванне дна вадаёмаў. Так, адзін з такіх дайвераў летам знайшоў у возеры Катоўшчына авіябомбу вагой не менш за 30 кілаграмаў. “Добра, што не дадумаўся сам падымаць яе, а выклікаў спецыялістаў, — кажа Руслан Юр’евіч, — тыя дасталі з вады і ліквідавалі боепрыпас”.
З другім дайверам адбылася сітуацыя ўвогуле кур’ёзная. Ныраў ён на Бобрыцы, зводдаль ад пляжа. Убачыў на дне прадмет, падобны на бутэльку. Узяў рукой за тонкі канец — важкая.
Пакуль даплыў да берага, вадой змыла каламуць, якой быў аблеплены прадмет. Аказалася, баявая граната! Добра, мужчына быў не слабанервовы, не расціснуў руку, не выпусціў яе, акуратна даставіў на сушу, паклаў на зямлю, адышоў і выклікаў міліцыю. Спецыялісты канстатавалі: знойдзена супрацьтанкавая граната нямецкай вытворчасці, прычым, у добрым баявым стане, магла выбухнуць.
Другі пункт асаблівай увагі — падлеткі. Яны па сваёй натуры даследчыкі, следапыты, шукаюць і адкрываюць для сябе кожны раз новае, не задумваючыся пры гэтым пра асабістую бяспеку. Нядаўна ў адной са школ раёна быў выпадак, калі настаўнік канфіскаваў у іх патрон. Таму найперш бацькам варта больш увагі ўдзяляць сваім дзецям, растлумачыць ім небяспеку, якую нясуць “класныя штукі”.
Напрыканцы напомнім чытачам, што, паводле правілаў бяспекі, пры выяўленні выбухованебяспечнага прадмета — снарада, гранаты, падазронай сумкі ці скрутка — ні ў якім разе нельга самому спрабаваць абясшкодзіць яго. Трэба адысці на бяспечную адлегласць і выклікаць спецыялістаў па тэлефонах: 4-19-46, 4-14-34 (райваенкамат) або 4-70-83, 102 (міліцыя).
Васіль МАТЫРКА.