Трагедыя на Чуйкова

29 ліпеня а 16.50 на вуліцы Чуйкова насупраць аўтацэнтра “Запаска” адбылася трагедыя: аўтамабілем “Кіа” быў збіты дзевяцігадовы хлопчык, які рухаўся па дарозе на веласіпедзе. Дзіця на месцы загінула.

Паводле папярэдніх даных, падзеі развіваліся наступным чынам. Кіроўца рухаўся з боку вакзала, хуткасць трымаў у межах дазволенай на гэтым адрэзку вуліцы. Маленькі веласіпедыст узнік перад машынай раптоўна, выскачыў на праезную частку з аднаго з бакавых выездаў. Усё адбылося настолькі хутка, што вадзіцель не паспеў зрэагаваць. Бакавым ударам хлопчыка з веласіпедам адкінула на некалькі метраў.

На вялікі жаль, выпадкі гібелі дзяцей у вобласці, рэспубліцы не адзінкавыя. Напрыклад, у вёсцы Рудня-Марымонава Гомельскага раёна загінулі дзве дзяўчынкі, стрыечныя сёстры. Яны гулялі ў кар’еры за вёскай, капалі пячоры. Грунт абваліўся, адбылася трагедыя. У Шаркаўшчынскім раёне маці пакінула дзяцей дома адных, калі там паліўся агонь у печы. Двое малечаў згарэлі.

З пачатку года ў Беларусі патанулі 24 дзіцяці, загінулі на пажарах — 16, у ДТЗ — 10, паранены ў дарожных здарэннях — 218.

Як паказвае практыка, асноўная прычына — няўвага дарослых. Аналізуючы выпадак на Чуйкова, задаю сабе наступныя пытанні. Паводле правілаў дарожнага руху, па дарогах і вуліцах агульнага карыстання можна ездзіць непаўналетнім на веласіпедах толькі з 14 гадоў. З меншага ўзросту — толькі ў суправаджэнні дарослых. Як жа дзевяцігадовы хлопчык мог апынуцца на вуліцы на веласіпедзе адзін? Няўжо бацькі яму не растлумачылі асноўных праві­лаў паводзін на дарозе?

 Аднак канчаткова карціна здарэння будзе высветлена пасля правядзення экспертыз.

Для папярэджання трагедый міліцыя праводзіць адпаведную работу. Нашы супрацоўнікі разам з прадстаўнікамі таварыства выратавання на водах, выратавальнікамі-пажарнымі і іншымі службоўцамі выступаюць перад дзецьмі ў школах, у працоўных калектывах перад дарослымі. Аднак нішто не заменіць бацькоўскага клопату, навукі і кантролю.

Мікалай ЛАТЫШАЎ,

начальнік РАУС, падпалкоўнік міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.