Тры месяцы апраменьвання

З Аляксандрам Аўсянікавым і яго жонкай Валянцінай наглядна быў знаёмы даўно, і толькі нядаўна адкрылася цікавая старонка яго біяграфіі — мужчына ў час службы паспеў патрапіць і ў Афганістан, і ў чарнобыльскую зону. Пасля заканчэння тэрміновай службы на Паўночным флоце ў 1973 годзе Аляксандр звязаў сваё далейшае жыццё з арміяй. Яго прынялі на пасаду старшыны роты сувязі ў 76-ую ракетную брыгаду, якая дыслакавалася ў Бароўцы, праз пэўны час прысвоілі званні прапаршчыка, старшага прапаршчыка.

У 1983-ім Аляксандра камандзіравалі на два гады ў Афганістан начальнікам мабільнага вузла сувязі мотастралковага палка. Ён з двума салдатамі тэрміновай службы з дапамогай апаратуры на БТР-50 забяспечваў трывалую сувязь камандзіра і штаба палка з падраздзяленнямі, камандаваннем дывізіі, арміі. Асноўнай задачай была ахова перавала Саланг. Па першым часе, вядома, было цяжка, асабліва з-за спякоты. Паступова прывык. Да чаго так і не здолеў прызвычаіцца за больш як два гады службы ў паўднёвай краіне, дык гэта да пешых пераходаў па гарах.

 Аднойчы старшага прапаршчыка Аўсянікава прадставілі да ўзнагаро­джання ордэнам Чырвонай Зоркі. Вось як расказвае Аляксандр Васільевіч:

 — Сітуацыя склалася, можна сказаць, тыповая для Афгана: наша калона трапіла ў душманскую засаду. Духі падбілі першую і апошнюю машыны, перакрылі шлях выхаду па вузкай горнай дарозе і пачалі метадычна расстрэльваць нас з усіх відаў зброі. Мы, вядома, адстрэльваліся як маглі. Аднак духі знаходзіліся на вяршыні гары, іх не відаць. А мінамёты ўвогуле на адваротным схіле. Тут нам толькі адно спадзяванне — наша авіяцыя. Толькі б дачакацца яе! Я з двума байцамі выскачылі з БТРа, заляглі. Ідзе пятая, дзясятая хвіліна бою, бачу: духі бяруць у прыцэл мой БТР, міны кладуцца ўсё бліжэй і бліжэй. А салдацікі разгубіліся, расцягнуліся пластом на адкрытай дарозе, галовы рукамі закрылі і толькі ўздрыгваюць ад кожнага новага выбуху. Не заўважаюць, што побач — укрыццё з камянёў. Трэба толькі перабегчы некалькі метраў — і бу­дзеш больш-менш на­дзейна абаронены. Кідаюся да іх, хапаю за ­адзенне аднаго і шпурляю ў бок камянёў, другога — таксама. Хлопцам нібы і не хапала гэтага імпульсу, пераскокваюць праз камяні і на­дзейна хаваюцца. У наступную секунду там, дзе ляжалі мае салдацікі, бабахаюць дзве міны. Я паспеў адскочыць, але ўсё ж атрымаў лёгкую кантузію. А тут падляцела і наша авіяцыя, агнём заліла душманскія пазіцыі. За гэты ўчынак камандаванне палка прадставіла мяне да ўзнагароджання ордэнам, але са штаба дывізіі прыйшла адмова з фармулёўкай, што “падставай для ўзнагаро­джання ордэнам Чырвонай Зоркі з’яўляецца смерць ваеннаслужачага пры здзяйсненні по­дзвіга або цяжкое раненне”. Шчыра кажу: ніколькі, ні секунды не турбаваўся, не бедаваў, што мне ордэна не дасталося. Галоўнае, што дадому вярнуўся жывы, здаровы, на сваіх нагах. А ведаеце, што дапамагло жывым застацца? Малітва. Жонка запісала караценькую малітву на лістку паперы і ўпотай ад мяне зашыла пад падкладку кіцеля. Можа яна і зберагла маё жыццё і здароўе.­ Валянціна, дарэчы, толькі праз некалькі гадоў прызналася. Тая паперка і цяпер захоўваецца ў нас.

 Дадому Аляксандр вярнуўся ў канцы жніўня 1985 года. Неўзабаве ў часці сталі набіраць кандыдатаў на чарговую замежную камандзіроўку, на гэты раз у ГДР, у групу савецкіх войскаў у Германіі. Аднак старшаму прапаршчыку Аўсянікаву адмовілі, маўляў, савецкаму чалавеку занадта часта па замежжы ездзіць не трэба.

  Пад промнямі Чарнобыля

 У 1987 годзе ў ракетную брыгаду прыйшла разнарадка накіраваць пэўную колькасць людзей для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вайсковая справа простая: атрымаў загад — узяў пад казырок.

 На новым месцы старшы прапаршчык Аўсянікаў выконваў абавязкі старшыны роты дэгазацыі і дэзактывацыі. Рота месцілася ў сумнавядомай 30-кіламетровай зоне, у пасёлку Свяцілавічы, што непадалёк ад Веткі. Назва гэтага пасёлка стала нагодай для цэлага шэрага жартаў.

 Усе 120 чалавек у роце былі ваеннаслужачымі запасу, некалькі прапаршчыкаў і афіцэраў — кадравыя вайскоўцы. Ніводнага салдата тэрміновай службы ў часці не было. У камандзіроўку звычайна накіроўвалі на два — тры месяцы, пасля чаго людзі вярталіся ў свае часці, працоўныя калектывы. Запаснікі прыбывалі ў асноўным з еўрапейскай часткі РСФСР, Украіны, Беларусі.

 Кожны дзень экіпажы на пажарных машынах выязджалі ў рэйсы па Смілавічах, Ветцы і прылеглых вёсках. Выглядала гэта найчасцей наступным чынам. У вёску прыязджалі тры — пяць машын, вайскоўцы ў спецвопратцы разгортвалі пажарныя гідранты і палівалі дамы, гаспадарчыя пабудовы, школы, фермы, ФАПы. У цыстэрнах была залітая вада са спецыяльнымі сродкамі для вымывання і дэзактывацыі. На сялянскую сядзі­бу патрабавалася да трох цыстэрнаў вады, якія выліваліся літаральна за гадзіну, а то і хутчэй. Дзе браць яшчэ ваду? Адказ просты — у бліжэйшым вадаёме. Такую ж самую забруджаную радыёнуклі­дамі ваду, толькі са спецрэактывамі, зноў лілі на дахі. Эфектыўнасць тых спецрэактываў выклікала пэўныя сумневы.

 Іншыя экіпажы рыдлёўкамі здымалі грунт і на грузавіках вывозілі яго на спецыяльныя магільнікі радыёактыўных адходаў. Працавалі васкоўцы гэтай роты і непасрэдна па­блізу аварыйнага рэактара.

 Задачай Аляксандра Аўсянікава было матэрыяльнае забеспячэнне экіпажаў усім неабходным для працы. Зранку трэба было выдаць рэактывы, чыстую спецвопратку. Днём — развезці па ўсіх кропках гарачыя абеды, увечары — сабраць лю­дзей у размяшчэнне роты. Часта даводзілася выязджаць у якасці камандзіра экіпажа.

 — Першым адчуваннем ад знаходжання на за­бруджанай тэрыторыі быў пастаянны галаўны боль, — успамінае Аляксандр Васільевіч. — Галава балела пастаянна: і ўдзень, і ўначы. Спаць было амаль немагчыма. Аднак дзён праз дзесяць болі паступова суцішыліся, арганізм адаптаваўся. У 1987 годзе адсяленне яшчэ не набыло масавага характару, шмат людзей, асабліва старога веку, не жадалі выязджаць, маўляў, мы тут жыццё пражылі — тут і паміраць будзем. Рэдкі дом у вёсцы пуставаў. Хаця моладзь патроху ўжо эвакуіравалася. Вось прыязджаем у вёску, а там дзеці ў пясочку гуляюць. Мы ў жаху кажам бацькам: “Куды вы глядзіце, там жа радыёактыўны пыл!” А тыя ў адказ: “Нічога, мы прывыклі”. Што было самым страшным? Атрымаць занадта вялікую дозу радыяцыі ды стаць інвалідам. Мы ўжо крыху ведалі, што такое радыяцыя, у чым яе небяспека. З іншага боку, стандартныя армейскія дазіметрычныя прыборы ДП-5 не маглі дакладна паказаць узровень забру­джанасці: яны то маўчалі, то іх зашкальвала. Афіцэр-хімік, што служыў у роце, прафесіянал, і той прызнаваўся, што не можа дакладна вызначыць ні мікрарэнтгены, ні кюры. Харчовае забеспячэнне было выдатным, нават спіртное патроху выдавалі. У самым пачатку камандзіроўкі з Масквы прыязджаў прафесар, чытаў лекцыю пра радыяцыю, спосабы засцярогі ад яе, казаў, што алкаголь у малых дозах спрыяе хутчэйшаму вывядзенню з арганізма радыёнуклідаў.

 Праз тры месяцы трэба было вяртацца дадому. У Бароўку ехаў з супярэчлі­вымі пачуццямі. З аднаго боку, радаваўся, што камандзіроўка на небяспечнай тэрыторыі завершана, што не захварэў. З іншага боку, не раз даво­дзілася чуць пра тое, што радыёапраменьванне можа праявіцца праз месяцы, гады ў выглядзе самых небяспечных хваробаў.

 Аляксандр Васільевіч зараз разменьвае шосты дзясятак, а самая цяжкая хвароба для яго — прастуда. Самы любімы занятак — рыбная лоўля, бо жыве на самым беразе Ульянкі. Ёсць дзеці, падрастаюць унукі — самая вялікая радасць.

 — Шкада, вядома, але сувязь з былымі саслужыўцамі па Афгане, Свяцілавічах не падтрымліваю. Як у каго склаўся лёс, не ведаю. Хаця не так даўно да мяне дайшла вестка, што ад хваробаў памёр камандзір нашай часці падпалкоўнік Наскоў. Здарылася гэта гадоў з пяць таму. Відаць, вялікую дозу апраменьвання атрымаў. Памятаю, ён быў прыблізна маіх гадоў, даволі моцнага здароўя. Жыць бы ды жыць яму яшчэ…

 Да самага расфарміравання 76-ай ракетнай брыгады доўжылася служба Аляксандра ў арміі, пасля чаго звольніўся ў запас, пайшоў на пенсію. Прадаў кватэру ў Бароўцы, купіў дом у Лепелі. Рукі ў мужчыны працавітыя, пабудова выглядае лялечкай, машына заўсёды на хаду.

 — Жыць можна, дзеці, унукі радуюць. Пенсія неблагая, ды яшчэ кантралёрам уладкаваўся. Працую суткі праз трое. Хапае часу і здароўя займацца сваёй сядзібай. Шкада хіба, што адмянілі шэраг ільготаў ліквідатарам і афганцам. Рэгулярна запрашаюць то ў музей, то ў ліцэй, то ў школу выступіць перад моладдзю. Лічу, што гэта патрэбна. Ад каго, як не ад нас, відавочцаў, падлеткі даведаюцца праўду пра гэтыя падзеі!

С. БАЗЫЛЬ.

 На здымках:  Ветка, Аляксандр Аўсянікаў (злева); аварыйны рэактар Чарнобыльскай АЭС летам 1987-га года.

Фота з сямейнага архіва А. Аўсянікава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.