Турыстычны патэнцыял

Турыстычны патэнцыял Лепельшчыны паступова раскрываецца. Дваццаць аграсядзібаў гасцінна адчыняюць свае дзверы наведвальнікам. Не сказаць, каб гэта справа ішла спраўна ды гладка, аднак радуе, што за апошні час ніхто не адмовіўся ад свайго выбару.

Наадварот, колькасць жадаючых папоўніць шэрагі ўладароў аграсядзібаў прырастае.

Дзеля большага прыцягнення патэнцыйных кліентаў кожны гаспадар стараецца прыдумаць, укараніць толькі яму ўласцівую асаблівасць, як кажа сучасная моладзь, фішку, на якую клюне пакупнік. Напрыклад, аграсядзіба Люкжына Віктара Труфанава вызначаецца экалагічнай накіраванасцю. Пабудова знаходзіцца ў лесе, непадалёк ад маляўнічага берага возера. Там прыемна і цікава не проста пажыць, а і паставіць палатку, згатаваць вячэру на вогнішчы.

 А вось Васіль Шкіндзер з Поў­свіжа прываблівае захаваннем народных традыцый. На яго сядзібе рэгулярна праводзяцца разнастайныя народныя святы: Каляды з жаніцьбай Цярэшкі, гуканне вясны, Купалле. Летась задумаў і першы раз правёў рамесніцка-мастацкі фэст. І ўдзельнікам, і гасцям ён запомніўся.

 Спецыяльна для развіцця аграэкатурызму быў распрацаваны экскурсійны маршрут “Край сівых валуноў і жоўтых гарлачыкаў”, які закліканы паказаць гасцям найперш прыроднае багацце, хараство лепельскага краю. Маршрут праходзіць па найбольш маляўнічых мясцінах Лепельшчыны, турысты могуць пабачыць помнікі прыроды, такія як Цар-Дуб у Тадуліне, велізарныя камяні і прыгожыя азёры. А можна пагля­дзець і прыгажосць рукатворную: цэрквы, касцёлы, будынкі, якія могуць распавесці шмат цікавых гісторый пра сваё мінулае і пра людзей, якія да таго мінулага дакраналіся.

 Апошнім часам стала актуальным адраджэнне нацыянальна-культурнай спадчыны. Адна з такіх праяў — наданне статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Першым такога звання ўдастоіўся абрад жаніцьбы Цярэшкі. Калісьці абрад быў шырока распаўсюджаны па вёсках, мястэчках, аднак з цягам часу стаў забывацца. На шчасце, жывыя яшчэ тыя людзі, якія памятаюць паслядоўнасць правядзення абраду, песні, якія пры гэтым спяваліся. Яшчэ большае шчасце, што ёсць нераўнадушная моладзь, якая цікавіцца народнай спадчынай. Вялікай удачай была іх сустрэча, абрад пачаў ажываць. У апошнія гады на жаніцьбу Цярэшкі госці прыязджаюць спецыяльна, каб пагля­дзець, паспяваць, а магчыма, і паўдзельнічаць. У клубе Велеўшчыны, на аграсядзібах у Вокане, Селішчы, у Цярэшках збіраюцца сотні людзей, пераважна моладзь, каб разам станцаваць кракавяк, падыспань, падэграс і іншыя танцы, правесці абрад разам са старажыламі, пераняць ад іх спрадвечную мудрасць.

* * *

 Ля вытокаў аграэкатурызму на Лепельшчыне стаіць Вольга Маханенка. Менавіта яна адной з першых адкрыла і зарэгістравала аграсядзібу, адкрыла для гасцей прыгажосць і непаўторнасць Лепельшчыны. Следам за ёй за справу ўзяліся іншыя, часта да жанчыны ідуць па параду, кансультацыю.

 З нядаўняга часу Вольга жыве новай справай — праектам “Вада, прырода і людзі ў ландшафце, які знікае. Развіццё вясковага турызму ў Расіі і Беларусі”. Гэты праект — супольная праца грамадскіх актывістаў з Беларусі, Калі­нінградскай вобласці Расіі і Галандыі. Аграэкатурызм можа і павінен стаць адным з лакаматываў развіцця эканомікі вясковых рэгіёнаў.

 — Аграэкатурызм — нашмат больш шырокае паняцце, чым уяўляе яго сабе большасць, — сцвярджае Вольга Маханенка, — і мы павінны раскрыць яго механізмы, паказаць, як ён дзейнічае, як на турыстах у вёсцы можна зарабляць грошы кожнаму вяскоўцу, а не толькі ўладальніку аграсядзібы. Просты прыклад — экалагічна чыстыя прадукты харчавання. Немцы, галандцы, французы шукаюць чыстую прыроду, не кранутую прамысловасцю, з такімі ж экалагічна чыстымі прадуктамі, таму і гатовыя ехаць у Беларусь на нашы аграсядзібы. Уладальніку не абавязкова на ўсе сто працэнтаў забяспечваць госця прадуктамі харчавання. Можна, напрыклад, дамовіцца з суседскай бабулькай, тая прама з градкі прынясе свежых агурочкаў ці кропу або дазволіць госцю сабраць агародніну самому. Наведвальнік задаволены, а суседка атрымае нейкую капейчыну. Мажліва, тая ж суседка не забылася які-небудзь стары промысел: вяжа ці вышывае, пячэ хлеб у печы. Гэта прадукцыя таксама можа зацікавіць турыстаў. Такім чынам пакрысе трэба ўцягваць у актыўнасць як мага больш людзей. Толькі актыўнае дзеянне можа даць станоўчы вынік.

 Вясковы турызм прывабны для развіцця вясковых тэрыторый па многіх прычынах. Сярод іх галоўная — эканамічнасць. Аграсядзі­бы ў сваёй большасці не патрабуюць маштабных інвестыцый. Вясковы дом, лазня, маляўнічая прырода, славутасці, якія цікава было б паглядзець, на фоне якіх можна было б сфатаграфавацца — вось увесь мінімальны набор. Вядома, з цягам часу будуць вылучаны і маштабныя гасцінічныя комплексы, якія запатрабуюць больш сур’ёзных інвестыцый.

 Другая важная прычына, на якую большасць не звяртае ўвагу, — народная дыпламатыя. Статыстыка паказвае, што паслугамі аграсядзібаў у пераважнай большасці карыстаюцца не самыя багатыя, шараговыя грамадзяне. Гэтыя людзі адкрываюць для сябе нашу краіну, знаёмяцца з яе людзьмі, традыцыямі. Не сакрэт, што ў многіх краінах Беларусь карыстаецца  дрэннай рэпутацыяй, замежнікі нават з асцярогай едуць сюды ўпершыню. Агра­экатурызм разбівае падобныя стэрэатыпы. Еўрапейцы, пазнаёміўшыся з беларусамі, назаўсёды мяняюць сваё меркаванне і, вярнуўшыся, рэкамендуюць сябрам і знаёмым наведаць Беларусь.

 Вельмі радуе, што гаспадары аграсядзібаў не варацца выключна ва ўласным сочыве, а актыўна супрацоўнічаюць, абменьваюцца вопытам. Напрыклад, на свяце Купалля, што праходзіла на аграсядзібе Люкжына, сабралася некалькі гаспадароў, кожны стараўся здзівіць сваімі адметнасцямі не толькі гасцей, а і калегаў. Не так даўно газета пісала і пра семінар-вучобу, якая праходзіла на аграсядзібе Пеўнікі ў Браслаўскім раёне, там пабываў Васіль Шкіндзер. Ён даведаўся шмат цікавага, некаторыя прыёмы мяркуе ўкараніць і на сваёй сядзібе.

 Важным элементам аграэкатурызму, як і любога іншага віду бізнэсу, з’яўляецца рэклама. Як людзі паедуць да цябе ў госці, калі нічога ні пра цябе, ні пра тваю сядзібу, ні пра твае магчымасці не ведаюць? Даступна расказаць, маляўніча паказаць, падкрэсліць самыя яркія бакі свайго краю, малой радзімы — вось адна з галоўных задач, асабліва на першым этапе. І тут лепельскія актывісты актыўна выкарыстоўваюць самыя розныя рэкламныя спосабы і хады.

 Вядома, самым даступным і аўтарытэтным рэкламным метадам з’яўляецца “сарафаннае радыё”. Часта мы выбіраем мадэль машыны, купляем бытавую тэхніку, камп’ютар па парадзе сяброў, якія самі ўжо з гэтай мадэллю, рэччу пазнаёміліся. Так і ў турбізнэсе: два — тры чалавекі, якія добра адпачылі, могуць зрабіць сядзібе выдатную рэкламу сярод сяброў, знаёмых, калег. А могуць і наадварот.

* * *

 Імкнучыся зрабіць станоўчае ўражанне, завабіць паболей замежных наведвальнікаў, Вольга Маханенка запрасіла на сваю аграсядзібу ў Стары Лепель консула Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Дагнію Лацэ-Атэ. Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што спадарыня Дагнія не першы раз гасцявала на Лепельшчыне, а ў свяце Купалля на Люкжыне нават прыняла непасрэдны ўдзел, бо якраз гэтай парой у Латвіі адбываецца народнае свята Ліга, аналагічнае беларускаму Купаллю.

 На гэты раз спадарыня Дагнія прыехала са сваёй калегай Інэсэ Балабэ, спыніліся ў Старым Лепелі на аграсядзібе. А назаўтра рушылі па маршруце сівых валуноў і жоўтых гарлачыкаў. Першым пунктам прыпынку стаў салон “Скарбонка”. Госці хадзілі па ім як па музеі, нават не маглі паверыць, што ўсе кросны, калаўроты не проста экспанаты, а дзеючыя. Майстрыхі на іх кожны дзень вырабляюць шэдэўры, якімі ўстаўлены паліцы, увешаны сцены. Дырэктар “Скарбонкі” Алена Барадзейка спецыяльна для гасцей сама правяла экскурсію. Аказалася, што спадарыні консулу таксама блізкая тэма народнай спадчыны. Яна заўважыла, чым латышскі народны касцюм адрозніваецца ад беларускага, а чым падобны. Купілі госці некалькі сувеніраў на памяць.

 Наступным пунктам маршруту стала Тадуліна з яго знакамітым Цар-Дубам. Цуд прыроды ўразіў гасцей. Яны раз-пораз задавалі пытанні адносна дрэва: які ўзрост, калі абмяралі, як ахоўваецца, ці часта сюды наведваюцца турысты.

 Далейшы шлях ляжаў за вёску Малыя Таронкавічы на старажытнае капішча. Сярод поля проста з зямлі растуць каменныя крыжы. Дакладна ўжо немагчыма вызначыць іх пахо­джанне, вылічыць іх узрост. Некаторыя даследчыкі вылучаюць гіпотэзы аб тым, што каменныя крыжы Малых Таронкавічаў — гэта помнікі яшчэ дахрысціянскіх часоў, адно з увасабленняў язычніцкіх багоў. Дагнія Лацэ-Атэ падзялілася тэорыяй аб тым, што крыж у паганскія часы сімвалізаваў жаночы пачатак, маці-прыроду, а кола было сімвалам сонца. Мажліва гэта хацеў сказаць майстар, высякаючы на адным з камянёў мена­віта крыж і круг над ім.

 Месца вызначаецца своеасаблі­вай энергетыкай, таму выбрана невыпадкова. Вакол узгорка — ўрадлівае поле, дзе сёлета расла збажына, а вось на месцы, дзе знаходзяцца камяні, — нават трава чэзлая, не ўздымаецца вышэй за крыжы, хаця яе ніхто не падкошвае.

 У Малых Таронкавічах нельга абысці былы бровар. Нават цяпер, калі драўляныя канструкцыі абваліліся, цэгла пакрысе выветрываецца, пабудова ўсё ж уражвае. Амаль метровай таўшчыні муры, стрэльчатыя вокны, сажалка ля самага падножжа — гасцям ёсць што паказаць.

 А па другі бок бровара ў зарасніках схаваўся яшчэ адзін цуд прыроды — ахвярны камень. Паводле старажытных легенд, яго калісьці выкарыстоўвалі менавіта для таго, каб прыносіць ахвяры. Зараз жа наведвальнікі прыносяць у ахвяру манеткі.

 Зноў па машынах, невялікі пераход — і кампанія на святой крыніцы ля вёскі Новыя Валосавічы. Пра яе таксама распавядаюць шмат легенд, некаторыя нават знаходзяць сваё пацвярджэнне. Напрыклад, крыніца не замярзае нават у самыя лютыя маразы. Мясцовыя жыхары з пашанай ставяцца да прыроднай спадчыны, добраўпарадкавалі наваколле, госці могуць спакойна даехаць, хоць крыніца і знаходзіцца ў лесе.

 Стомленыя, але поўныя ўражанняў, госці вярталіся дадому. Ім ёсць што распавесці сябрам, расказаць пра лепельскі край, пра яго гасцінных людзей.

 Аднак лепельскія актывісты працуюць не аднымі толькі дзедаўскімі метадамі, на дапамогу прыцягваюць і перадавыя інфармацыйныя тэхналогіі. Вольга Маханенка расказала, што ў бліжэйшы час будзе распрацаваны і размешчаны ў інтэрнэце сайт міжнароднага праекта, дзе будзе ўся інфармацыя, неабходная як турыстам, так і гаспадарам аграсядзібаў.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: Алена Барадзейка праводзіць экскурсію; ля каменных крыжоў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.