Урокі ў сельвыканкаме

У Слабадской сярэдняй школе склалася практыка па правядзенні некаторых урокаў на базе мясцовага сельвыканкама. Так, настаўніца Маргарыта Васільеўна Анікей разам з вучнямі адзінаццатага класа наведала сельвыканкам, дзе кіраўнік справамі Вольга Дуброўская пазнаёміла выпускнікоў школы са структурай і практычнай дзейнасцю мясцовага органа ўлады. Асаблівая ўвага была звернута на новаўвядзенні ў заканадаўстве, у тым ліку ў адносінах шлюбу і сям’і.

З цікавасцю, напрыклад, было ўспрынята паведамленне аб тым, што з дня падачы заявы аб заключэнні шлюбу і да яго рэгістрацыі трэба ўжо чакаць не месяц, як гэта было раней, а ўсяго тры дні. Была звернута ўвага вучняў-старшакласнікаў і на тое, што адменена спецыяльная дзяржаўная грашовая дапамога, якая раней аказвалася маці-адзіночкам.
Пасаджана алея
Трэнер-выкладчык абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ “Альбатрос” Валерый Харкевіч разам з выхаванцамі гэтай навучальнай установы Уладзіславам Волахам, Ільём Харкевічам, Аляксандрам Гінтофтам і Аляксеем Юшко на вяслярнай базе школы паблізу ГЭС пасадзілі прыгожую алею з трыццаці клёнаў уздоўж ракі Ула.

Нараджэнні дзяцей і шлюбы

За дзевяць месяцаў у аддзеле ЗАГС райвыканкама і сельвыканкамах раёна зарэгістраваны 281 нараджэнне дзяцей і 264 шлюбы. Зафіксавана 86 выпадкаў устанаўлення бацькоўства і тры — усынаўлення.
Сярод сельсаветаў раёна найбольш нараджалася ў Бароўскім, Горскім і Лепельскім — адпаведна 19, 12 і 11, а заключаных шлюбаў — у Бароўскім і Горскім сельсаветах, дзе іх было 18 і 10.

Восеньскі кірмаш

Восеньскі кірмаш адбыўся ў Заслонаве. Мерапрыемства было арганізавана Горскім сельсаветам і камандаваннем 19-й механізаванай брыгады. На заклік адгукнуліся многія жыхары навакольных вёсак: прывезлі бульбу, іншую гародніну. Працавалі кропка грамадскага харчавання, палявая кухня. Жыхары Заслонава змаглі зрабіць у дастатковай колькасці запасы на зіму.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.