У буфернай зоне

Паводле апошніх паведамленняў, афрыканская чума свінняў (АЧС) зарэгістравана на свінакомплексе “Лучоса”, што пад Віцебскам. У ачагу інфекцыі свінапагалоўе знішчаецца.
Згодна з планам прафілактычных мерапрыемстваў, у радыусе 40 кіламетраў вакол комплексу ўстанаўліваецца першая буферная зона, на тэрыторыі якой праводзіцца шэраг прафілактычных мерапрыемстваў, у тым ліку вакцынацыя супраць класічнай еўрапейскай чумы свіней. Галоўным адрозненнем гэтых хвароб з’яўляецца тое, што супраць класічнай чумы ёсць эфектыўныя вакцыны, а супраць афрыканскай — няма. Аднак згодна з планам вакцынацыя праводзіцца абавязкова.

З мэтай прадухілення магчымага далейшага распаўсюджвання вірусу ўстанаўліваецца другая буферная зона ў радыусе ста кіламетраў, куды і трапіў Лепельскі раён. На гэтай тэрыторыі трэба максімальна скараціць перамяшчэнне свіней і прадуктаў са свініны.
На апошнім пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях райвыканкама выпрацавала новыя рашэнні. Паколькі адной з асноўных прычын заражэння свінапагалоўя разглядаецца няякасны імпартны камбікорм, камісія вырашыла пацвердзіць забарону на продаж камбікорму на базары. Аднак гаспадарам, якія трымаюць свіней, курэй, іншую жывёлу, патрэбны якасныя кармы. Першапачаткова меркавалася задачу гэту даверыць філіялу “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Аднак высветлілася, што гэта структура – прадпрыемства закрытага тыпу, усёй прадукцыі завода ледзь хапае, каб закрыць патрэбы некалькіх комплексаў. Раённае спажывецкае таварыства абавязана праз свае крамы рэалізоўваць камбікармы толькі вытворчасці Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, на якім забяспечваецца шматузроўневы кантроль за якасцю паступаемых кампанентаў, што дае высокую ступень гарантыі абароненасці ад вірусу афрыканскай чумы свіней. Да таго ж з гэтым прадпрыемствам у райспажыўтаварыства наладжаны даўнія партнёрскія сувязі, адпрацаваны схемы дастаўкі тавару, фасоўкі і аплаты.
Гэтым жа рашэннем забаронены продаж на тэрыторыі раёна свіней жывой вагой, а таксама свежага мяса, салёнага сала і каўбас хатняга вырабу. З мэтай дадатковага абмежавання з восьмага ліпеня аж да асаблівага распараджэння забаронена выдача даведак у сельсаветах і ветэрынарных службах на продаж сельгаспрадукцыі (свініны), выгадаванай у асабістых прысядзібных гаспадарках.
— Як доўга будзе дзейнічаць гэта рашэнне? — пытаемся ў галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Святланы Знарок.
— У рашэнні ўказана: “Да асобага распараджэння”. Мяркуецца, што каранцінныя мерапрыемствы ў ачагу заражэння працягнуцца каля паўгода. Пасля будуць праведзены кантрольныя пробы, пасля чаго і будзе прымацца рашэнне аб згортванні каранціну і выключэнні Лепельскага раёна з буфернай зоны.
— Якія рэкамендацыі можаце даць гаспадарам свінапагалоўя?
— Найперш — да мінімуму скараціць, а яшчэ лепей – увогуле адмовіцца ад кармлення свіней камбікармамі сумніўнага паходжання. Здаўна вяскоўцы варылі жывёле бульбу, дадавалі туды муку. Гэта — лепшы корм, бо вірус АЧС гіне ў вадзе, якая кіпіць. Рэгулярна трэба вычышчаць хлявы ад гною, мяняць падсцілку з саломы ці пілавіння.
На бліжэйшы час рэкамендуем устрымацца ад пакупкі парасят. Вяскоўцы часта жадаюць паглядзець жыўнасць суседа, самому перад ім пахваліцца, маўляў, вось якога выгадаваў. Не варта глядзець на жывёлу іншых гаспадароў, тым больш трэба абавязкова абмежаваць, спыніць усялякія падыходы да сваіх свіней іншых лю-дзей, акрамя ветэрынараў.
— Аднак пры гэтым свінакомплекс у Дражне не спыняе сваю дзейнасць.
— Так. Найперш таму, што прадпрыемства функцыянуе ў рэжыме закрытага вытворчага цыклу. Гэта азначае, што ўсе этапы вытворчасці знітаваны ў адно, на кожным — самы пільны кантроль з боку ветэрынарных спецыялістаў як уласных, так і райветстанцыі. Акрамя гэтага, праводзіцца шэраг дадатковых мерапрыемстваў па дэзінфекцыі, недапушчэнні нават найменшай магчымасці пранікнення вірусу.
— У якасці адной з прычын пранікнення АЧС на тэрыторыі Беларусі разглядаліся дзікі, папуляцыя якіх значна павялічылася ў апошнія гады.
— Так, разглядаецца і гэты варыянт. Для супрацьдзеяння такой пагрозе прынята рашэнне аб стопрацэнтным адстрэле дзікоў на адлегласці трох кіламетраў ад свінакомплекса ў Дражне і свінафермы сялянскай фермерскай гаспадаркі “ВалБіК”. Акрамя гэтага, ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, ДПУ “Бярэзінскі біясферны запаведнік”, паляўнічыя гаспадаркі “Лябур-ХантФіш” і “Заранка” абавязаны адстрэльваць дзікоў у сваіх угоддзях і справаздачы аб гэтым прадстаўляць штодзённа.
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.