У ратным страі

  Наша газета за час свайго існавання змясціла на сваіх старонках не адну тысячу артыкулаў аб подзвігах землякоў на палях крова­пралітных бітваў з ворагам. Слаўны летапіс гераічных ратных спраў лепяльчан працягваецца. Тэмай публікацый становіцца не толькі гераічнае мінулае. На тэрыторыі раёна размешчаны тры ваенныя гарадкі. У рамках спецпраекта “Служым Айчыне” распавядаецца аб непарушным адзінстве арміі і народа, армейскіх буднях абаронцаў Радзімы.

 Творчая скарбонка па названай тэматыцы багатая і разнастайная. Матэрыялы журналістаў заўважаны і высока ацэнены не толькі нашымі чытачамі, але і Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь. Тройчы газета адзначалася Граматамі. І сёлета на ўрачыстую цырымонію ўшанавання пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва ў Цэнтральны дом афіцэраў г. Мінска быў запрошаны галоўны рэдактар газеты Уладзімір Шаўчэнка. Міністр абароны генерал-лейтэнант Юрый Жадобін, першы намеснік Міністра інфармацыі Лілія Ананіч сардэчна віталі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, падзякавалі журналістам за эфектыўную інфармацыйную падтрымку арміі. Творчая праца журналістаў “Лепельскага краю” адзначана Дыпломам другой ступені і грашовай прэміяй у намінацыі “Спецыяльны праект” за высокапрафесійнае асвятленне жыцця і дзейнасці органаў вайсковага кіравання, злучэнняў і вайсковых часцей Узброеных Сіл, ваенных навучальных устаноў і арганізацый Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

 Артысты Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл напрыканцы ўрачыстай цырымоніі выступілі з канцэртам.

 Ул. ВАЛОДЗІН.

 На здымку: Міністр абароны генерал-лейтэнант Юрый Жадобін уручае Дыплом галоўнаму рэдактару Уладзіміру Шаўчэнку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.