У экстрэмальных умовах

Высокі снег падразумявае і вялікую колькасць талай вады. Наколькі гэта добра для пасеваў? Усё добра ў меру, кажа народная мудрасць. Зноў жа, паводле даных метэастанцыі, на кожным гектары поля ў выглядзе снегу ляжыць больш як па тысячы тон вады. Можна ўявіць сабе, якая гэта маса. Пакуль яна не сцячэ, пакуль зямля не прасохне, няма сэнсу выязджаць на палеткі — магутныя трактары будуць толькі гразнуць ды калеі ў глебе праразаць. Толькі калі сцякуць талыя воды, верхні слой прагрэецца, можна будзе кідаць зерне ў раллю.
Вельмі шмат залежыць ад надвор’я. Пад дажджамі снег з палёў сыдзе хутка, але ж прасыхаць да прыгоднага для тэхнікі стану яны будуць даўжэй, чакаючы, пакуль засвеціць і прыгрэе сонца.

Калі ж захаваецца існуючае надвор’е, калі сонечныя цёплыя дзянькі чаргуюцца з лёгкім марозам па начах, то снег будзе сыходзіць крыху даўжэй, але амаль адразу пасля гэтага можна пачынаць рыхтаваць глебу.
А пакуль што земляробы, аграномы гаспадарак, райсельгасхарчу трымаюць пастаянную сувязь з метэастанцыяй, рэгулярна атрымліваюць прагнозы надвор’я. Паводле іх, чакаецца наступленне больш-менш спрыяльнага надвор’я ў сярэдзіне месяца.
Зараз, улічваючы стан надвор’я і снег на палях, тэхніка стаіць у рамонтна-механічных майстэрнях. На лінейцы гатоўнасці — больш за 80 працэнтаў трактароў, пасяўных агрэгатаў, сеялак, культыватараў. Працэс рамонту і наладкі завяршаецца, у некаторых гаспадарках набліжаюцца да стопрацэнтнай гатоўнасці. Кожны дзень слесары, механізатары ўводзяць у строй новыя адзінкі.
Радуе, што парк пасяўной тэхнікі і трактароў рэгулярна абнаўляецца, на змену заслужаным МТЗ-82 прыходзяць энерганасычаныя, сеялкі замяняюцца пасяўнымі агрэгатамі, якія характарызуюцца большай прадукцыйнасцю, больш дакладным вытрымліваннем нормы высеву. Яны больш дасканала рыхтуюць глебу пад сяўбу. Так, у СВФ “Заазер’е” амаль стопрацэнтна перайшлі на выкарыстанне пасяўных агрэгатаў.
Ва ўсіх гаспадарках ёсць у наяўнасці неабходны запас насення яравых збожжавых культур. Ячмень, пшаніца, кукуруза перазімавалі добра, праз пэўны час іх можна загружаць у сеялкі і агрэгаты. Рэгулярна гаспадаркі вядуць селекцыйную работу, на змену насенню другой — трэцяй рэпрадукцыі прыходзіць эліта.
Восенню земляробы Лепельшчыны пасеялі 8110 гектараў азімых збожжавых культур і 2200 гектараў азімых крыжакветных — рапсу і свірэпіцы. Пры наступленні спрыяльных умоваў — усталяванні сярэднясутачных тэмператур на ўзроўні +50С і з’яўленні белых карэньчыкаў, якія сведчаць аб пачатку вегетацыі — пасевы трэба падкарміць мінеральнымі ўгнаеннямі. Таксама трэба будзе падкарміць і 4300 гектараў шматгадовых траў. Гэта самая першая задача. Пакуль жа пра стан азімых пасеваў, пра тое, як яны перазімавалі, казаць рана, трэба дачакацца сыходу снегу. Бывалі выпадкі, калі частку азімых патрабавалася перасейваць нанава.
Яравы клін больш прасторны, дасягае 13070 гектараў, у тым ліку 6890 га зерневых і зернебабовых, 1800 га рапсу, 700 — лёну, 3800 — кукурузы, 200 — бульбы. Аптымальныя шматгадовыя тэрміны сяўбы для зерневых — да першага мая, да пятага мая — для бульбы і кукурузы. Як бачым, з-за анамальных умоваў надвор’я тэрміны яшчэ больш сціскаюцца. Ці паспеюць земляробы ўкласціся ў аптымальныя дні, бо, як вядома, веснавы дзень год корміць.
Да правядзення пасяўной кампаніі мяркуецца прыцягнуць дапамогу шэфаў — прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна. Ужо зараз некалькі трактароў дапамагаюць вывозіць арганіку ў ААТ “Ладасна”. На выручку вяскоўцам прыйдуць працаўнікі КУВП ЖКГ “Лепель”, КУВП “Бароўка” і іншыя.
Начальнік аддзела механізацыі і інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Любоў Плігаўка ўпэўнена, што часу на ўсе аперацыі хопіць.
— Гаспадаркі ў поўнай меры валодаюць магутнай энерганасычанай тэхнікай, — кажа яна. — Да яе ў наяўнасці ёсць увесь шлейф прычапной і навясной тэхнікі як для апрацоўкі глебы, так і для сяўбы зерневых і зернебабовых. Галоўным гарантам поспеху сёлетняй пасяўной кампаніі можа стаць толькі плённая, самаадданая праца ўсіх земляробаў — ад механізатара да кіраўніка гаспадаркі. Дзяржава чым можа — абавязкова дапаможа. І ўжо дапамагае: у сельгасарганізацыі паступаюць мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, запчасткі для трактароў і іншай тэхнікі. Для паскарэння работ варта арганізаваць дзвюхзменны рэжым працы, каб ахапіць увесь светлавы дзень, кожную пагодлівую хвіліну. Кіраўнікам і спецыялістам трэба наладзіць самы пільны кантроль за правядзеннем работ, каб механізатары дакладна выконвалі ўсе належныя тэхналагічныя аперацыі. Мы паспеем адсеяцца, калі дружна будзем працаваць.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.