Фактары росту

Ніяк не чакаў убачыць начальнікам цэха вытворчасці камбікармоў на камбікормавым заводзе хлопца маладога, гадоў дваццаці пяці. Андрэй Хамёнак сустрэў мяне на выхадзе з цэха, на вуліцы, але і тут размаўляць было немагчыма — гудзела, як у трактары. Запрасіў да сябе ў кабінет — звычайную бытоўку. Толькі тут, за пластыкавымі дзвярыма, можна было пачуць адзін аднаго і ўрэшце пазнаёміцца.

Можна казаць, што цэх вытворчасці камбікармоў тут асноўны. Хаця, вядома ж, без іншых падраздзяленняў прадпрыемства таксама не існавала б. Было крыху дзіўнавата, але і прыемна пачуць, што прыкладна працэнтаў семдзясят — семдзясят пяць усіх работнікаў цэха складае моладзь. Дзіўнавата, бо вытворчасць адказная, прыемна, што моладзі тут давяраюць. А таму можна з аптымізмам глядзець у будучыню, бо моладзь — гэта і ёсць будучыня. Усяго тут працуюць 65 чалавек у чатыры змены. Адпаведна, ёсць чатыры зменныя майстры і чатыры майстры ўчасткаў. У змене працуюць два аператары, драбільшчык, два слесары, электрык, два падсобныя рабочыя і два грузчыкі.
Начальнік цэха спачатку знаёміць мяне з вытворчасцю, так бы мовіць, тэарэтычна. А потым — у цэх.
— Вырабляем свіны і курыны камбікармы, — расказвае Андрэй, — свінога — прыкладна дзесяць відаў, курынага — чатыры, у залежнасці ад таго, якога ўзросту птушку і жывёлу ім кормяць. Свіны камбікорм выходзіць россыпам, курыны — у гранулах. Сутачная вытворчасць складае каля 320 — 380 тон, штомесяц выходзіць прыкладна 6 — 6,5 тысячы тон. У мінулым годзе вырабілі 111077 тон. Гэта болей за папярэднія гады, калі выпускалі дзевяноста, а яшчэ раней — семдзясят тысяч.
— Гэта за кошт чаго?
— Шмат фактараў. Найперш — за кошт мадэрнізацыі вытворчасці, мяняем шнэкі на мадэрнізаваныя, больш прадукцыйныя. Перайшлі на чатырохзменную вытворчасць, што таксама паўплывала на павелічэнне прадукцыйнасці працы.
Кіруем у цэх. Уражвае работа аператараў. Калі вы думаеце, што выконваюць яны свае абавязкі пад шум-гам агрэгатаў ды ў пыле, то памыляецеся. Сядзяць за столікамі, сочаць за камп’ютарнымі маніторамі. Вось, напрыклад, Андрэй Міхно працуе на гранулятары. На заводзе Андрэй — шосты год. Затрымаўся, як бачым, надоўга малады чалавек — значыць, работа задавальняе. Хаця хапае працы, у сезон нарыхтоўкі асноўны занятак яшчэ і сумяшчае з працаю на сушылцы. Стварыў сям’ю, пазнаёміўшыся з будучай жонкай Юляй таксама тут, на камбікормавым заводзе, калі яшчэ працаваў электрыкам.
Каб мець непасрэднае ўяўленне аб вытворчасці, падымаемся з начальнікам цэха па стромай лесвіцы наверх. Менавіта сюды і падымаецца зерне, запаўняючы ёмістасці. Затым частка яго паступае на здрабненне, а гатовая здробненая маса — зноў наверх, каб у адмысловых змяшальніках перамяшацца з вітаміннымі дабаўкамі, маслам, лушпіннем у адпаведных прапорцыях і стаць камбікармом. Пасля накіроўваецца на склад гатовай прадукцыі.
Па дарозе наверх сустракаем слесараў-рамонтнікаў — у запыленых спяцоўках, з інструментамі, бачна, толькі што ліквідоўвалі нейкую непаладку. Знаёмлюся з адным з іх. Артур Ганчар ужо пяць гадоў на заводзе, хаця самому, відаць, няма і трыццаці. Жанаты. Жыве ў Лепелі, падрастае сын Даніла, якому чатыры гадкі. Маладую сям’ю трэба карміць. І Артур не спяшаецца мяняць работу. Дзе яшчэ знойдзеш больш заробкавую? А працаваць усюды трэба. Да рабочай прафесіі хлопцу не прывыкаць.
Кіруемся далей, абменьваемся з начальнікам цэха кароткімі пытаннямі-адказамі. Тут, у суцэльным гуле, не надта што дапытаешся. Вопратка пакрываецца белым налётам. Хамёнак тлумачыць, што ў іх устаноўлена адмысловая польская асперацыйная лінія — па ачыстцы паветра ад сумесяў пылу. Ды, відаць, дзесьці дала збой. Цяжка ўявіць камбікормавую вытворчасць, як кажуць, “без шуму і пылу” — у белай кашульцы. Людзі тут да працы звыклыя, ведалі, куды ішлі.
— А яшчэ, — кажа Андрэй, — ёсць лінія прыгатавання бялкова-вітамінных мінеральных дабавак, якіх больш за трыццаць відаў. Там працуюць майстар участка і тры грузчыкі.
Ведаю, што на той вытворчасці працуюць амаль уручную, бо трэба адмяраць вельмі дакладныя дозы.
Вось такі галоўны цэх камбікормавага завода — прадпрыемства, якое цяпер завецца Лепельскім філіялам закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: слесар-рамонтнік Артур Ганчар за працаю.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.