ФЭСТ мастацтва і рамяства

Мы з жонкай Наталляй Георгіеўнай амаль паўстагоддзя жывём у Растове-на-Доне. Яна — патомная казачка, а мае карані — з Лепеля. Мой дзед па лініі маці Эдуард Паўлавіч Філяндмуж разам з кампаньёнам Моўшам Шэндэравічам Кабалкіным у 1915 годзе збудавалі будынак, дзе зараз размяшчаецца сучасная рэдакцыя раённай газеты. У той час там на першым паверсе дзейнічалі пякарня і галантарэйная крама, а другі паверх быў жылы. Свайго бацьку Станіслава Прокша я не памятаю, бо той быў

арыштаваны за месяц да майго нараджэння і ў хуткім часе расстраляны ў 1937 годзе. Маці, бабуля, айчым і я са сваімі меншымі сёстрамі жылі ў Лепелі, вучыліся ў школе. Пасля паступіў у інстытут у Ленінградзе, атрымаў спецыяльнасць энергетыка і быў размеркаваны ў Растоў-на-Доне. З будучай жонкай пазнаёміўся ў паўночнай сталіцы.

Хаця ўсё дарослае жыццё прайшло ў Растове, сувязяў з Лепелем, з раднёй не парывалі. Мамы і айчыма даўно няма, але мы ўсё роўна кожнае лета прыязджаем у бацькоўскі дом.

 Два гады таму, разбіраючы старыя сямейныя архівы, знайшлі шэраг цікавых дакументаў адносна пабудовы рэдакцыі, якімі і падзяліліся з карэспандэнтамі. Так завязалася новае сяброўства. Сёлета нашы новыя сябры за­прасілі нас разам з унукам Славікам, які на той час таксама гасцяваў у Лепелі, на фальклорнае свята ў Вялікі Поўсвіж.

 Прыехалі напярэдадні ўвечары літаральна на некалькі хвілін, сказалі: “Збірайцеся на заўтра на цікавую імпрэзу, вопратка — лёгкая, паходная, адпаведна надвор’ю, на ўсялякі выпадак прыхапіце парасоны і абавязкова — добры настрой. Паверце, гэта будзе запамінальная падзея.” І чалавек паехаў далей па сваіх справах.

 Назаўтра раніцай, як і дамаўляліся, машына стаяла ля брамкі. Паехалі. Пра вёску Вялікі Поўсвіж толькі нешта чуў, сам у ёй не быў ні разу. Аказалася, яна даволі блізка ад Лепеля.

 Свята праходзіла на простай вясковай сядзібе. Перад ёй ужо стаялі некалькі легкавых аўтамашын. У двары адкрылася незвычайная для цяперашняга часу карціна, мы нібыта трапілі ў беларускую вёску, толькі на 200 — 300 гадоў назад. Сядзіба ўдала стылізаваная, плугі, каменныя жорны, сячкарні і іншыя старыя прылады працы стваралі патрэбны антураж, каларыт. Людзі хадзілі ў народных строях.

 Тут жа былі наладжаны выставы-продажы тавараў, суве­ніраў. У маладой прыгожай дзяўчыны можна было купіць вышываныя кашулі, паясы, закладкі ў кнігі. Побач жанчына прадавала свае вырабы з чароту: капелюшы і лапці. Расказвала, што чарот у адрозненне ад саломы не баіцца вільгаці, таму капелюшы не губляюць формы нават у дождж, а пасля дажджу хуценька высыхаюць. У чаротавых капелюшах можна нават у лазню хадзіць. У нашых краях таксама ёсць падобнага кшталту майстры, якія шмат чаго робяць уласнымі рукамі, а потым прадаюць свае вырабы на розных святах, там і куфэркі, і матрошкі, і вырабы са скуры, тканіны. Аднак лепяльчане, беларусы вызначаюцца, я б сказаў, трапяткімі адносінамі да сваёй культурнай спадчыны, стараюцца вышыць кашулю, саткаць пояс, сплесці лапці, захоў­ваючы старажытныя каноны да драбніц.

* * *

 У другім баку прыезджыя майстры прадавалі вырабы з дрэва і гліны. Хаця разьбяр і яго вырабы былі выдатныя, нам усё ж больш даспадобы быў ганчар. У прынцыпе, ганчаром яго назваць язык не паварочваецца — гэта мастак. Акрамя звычайных місак, кубкаў і жбаноў ён прывёз шмат стылізаваных, мастацкіх, дэкаратыўных вырабаў. Расказваў, што ў старажытнасці, напрыклад, маленькія жбанкі вешаліся ў хаце на дзвярных ушаках, прыцягвалі да гаспадароў багацце, здароўе і ўдачу, свістулькамі адганялі злых духаў.

 Каларыт дадаваў і агульны выгляд гэтага майстра: народны касцюм, льнянога колеру з сівізной барада, а самае галоўнае — светлыя жывыя вочы. А калі ён сеў за ганчарны круг і паклаў на яго камяк гліны — пачалася песня! Тут жа, на месцы, на вачах заварожаных гледачоў рабіліся міскі, жбаны. Ён прапаноўваў і гледачам паспрабаваць свае сілы. Некаторыя адважыліся. Наталля Георгіеўна таксама зрабіла гарлачык, мы яго забралі з сабой. Майстар Сяргей Шчэрба прыехаў з Паставаў, быў на фэсце разам з жонкай Людмілай. Ён расказаў нам, як правільна далей высушыць, апрацаваць і апаліць зроблены Наташай выраб, каб ён мог служыць доўгія гады.

 Асобая старонка — кулінарная. Мы прывыклі, што галоўныя стравы беларусаў — дранікі і клёцкі. Клёцак не было, але ніхто не бедаваў. У некалькіх месцах на адкрытых вогнішчах гатаваліся дранікі, ячная каша, бліны з мукі. Дранікі падаваліся абавязкова са смятанаю і салатай, а для кашы замест міскі выкарыстоўвалі… ліст капусты! Пасля сытнай кашы ім было добра закусіць. Запіць прапаноўвалі гарбату з самавара, завараную на травах. Пасля частавання на традыцыйныя шашлыкі глядзелі ўжо без ранейшай цікавасці.

 Сапраўдным хітом стала смажанне бліноў з пшанічнай мукі. На двары стаялі жорны, а побач у каробцы — зерне пшаніцы. Любы жадаючы мог змалоць збожжа на муку, тут жа замясіць з яе цеста і спячы блін. Унука Славіка ад жорнаў немагчыма было адцягнуць. Ён хутка асвоіў навуку малоць “па сонцы”, гэта значыць, круціць камень па га­дзіннікавай стрэлцы. Гаспадар свята Васіль Шкіндзер нам паказаў, што з-пад самага каменя высыпаецца больш буйная мука, амаль крупы, а тонкая мука адсыпаецца далей. Для больш тонкага памолу мы прапусцілі муку праз жорны двойчы. Потым замясілі цеста і спяклі бліны. Смачнейшых бліноў, паверце, не еў.

* * *

 На агароджы мясцовыя мастакі вывесілі свае карціны. Звычайна ў карціннай галерэі ходзіш і толькі глядзіш, можа яшчэ экскурсавод нешта распавядзе. А тут ты бачыш карці­ну і можаш пагутарыць з яе аўтарам. Цікавы вопыт!

 Растоўскі край, Дон — традыцыйна праваслаўныя тэрыторыі. А на фэсце ў Лепелі мы дакрануліся да спрадвечных дахрысціянскіх традыцый, якія ў большасці Расіі незваротна згублены. На нашых вачах трое мужчын на конскіх калёсах прывезлі на сядзібу тоўстае дрэва і ўзяліся яго апрацоў­ваць. Паступова праяўляліся абрысы вачэй, галавы, рук. А з рукі — маланка. Потым майстар нам растлумачыў, што яны выразаюць ідала старажытнага славянскага бога Перуна — уладальніка грому і маланак, ахоўніка ваяроў, галоўнага бога дахрысціянскага пантэону. Ідала пасля ўстановяць ля Перуновага каменя. Нам распавялі, што непадалёк ад Поўсвіжа ёсць такі помнік прыроды — Перуноў камень. Магчыма, калісьці ён быў аб’ектам пакланення продкаў, таму бу­дзе сімвалічным паставіць побач і ідала.

 У час фэсту грала народная музыка: спачатку з камп’ютара, а пасля гаспадар і госці ўзялі ў рукі дуду, бубен, скрыпку. Народныя танцы так і звалі кінуцца ў скокі. Многія наведвальнікі не ўтрымаліся, рушылі ў карагод. Мы з Наталляй Георгіеўнай таксама б станцавалі, але ўжо гады не тыя, а танцы — занадта энергічныя для нас. Мы селі на лавачку, глядзелі, пляскалі ў далоні, фатаграфавалі, здымалі на відэа.

 У другой палове дня на сцэнічную пляцоўку, якой служыў ганак аграсядзібы, выйшлі людзі, апранутыя зусім нечакана — у старажытныя сярэднявечныя строі. Прадставіліся: “Фолк-гурт “Тутэйшыя”, прыехалі з Мінска па запрашэнні арганізатараў фэсту парадаваць удзельнікаў і гасцей”. Іх музычныя кампазіцыі чаргаваліся з танцамі. Пра кожны танец ці песню яны казалі колькі словаў. Асабліва запомніўся танец “Друмул дракулі”. Расказвалі, што ён быў папулярны ў Беларусі ў ХІІІ — ХІV стагоддзях, прыйшоў з Румыніі, назва перакладаецца як “сцежкі д’ябла”. Лічылася, што той, хто бездакорна зможа выканаць гэты танец, можа спакойна выпраўляцца ў любую дарогу, “сцяжынкі і хітрыкі д’ябла яму не страшныя”.

* * *

 Дахаты вярнуліся ўвечары. Стомленыя, прывезлі назад усе прыпасы, што бралі з сабой, а таксама новыя набыткі: сувеніры, зроблены рукамі Наталлі Георгіеўны гарлачык. Яшчэ жонка пагутарыла з гаспадыняй сядзібы Ірынай, занатавала некалькі рэцэптаў.

 Зараз мы ў Растове. Паказваем сябрам і знаёмым фотаздымкі, відэа, многія не вераць, што такія святы арганізоўваюць людзі самі для сябе, што можна самому змалоць муку і спячы з яе бліны, не ўяўляюць нават смаку іх, асабліва выпечаных на імправізаванай печцы. Сярэднявечная музыка — увогуле, адкрыццё!

 Асабліва запомнілася атмасфера свята. Сабраліся менавіта тыя людзі, якія хацелі туды прыбыць, лішніх, абыякавых не было, таму свята ўдалося. Яму не зашкодзіў дробны дожджык, што заімжыў на некалькі хвілін, а потым зноў выглянула сонейка.

 Дзякуем Васілю і Ірыне Шкіндзерам за выдатнае, вясёлае свята, за новыя адкрыцці і ўражанні. На наступны год пастараемся абавязкова прыехаць у Лепель і зноў трапіць на фэст у Вялікі Поўсвіж.

Анатоль ПРОКШ,

жыхар  г. Растова-на-Доне.

 На здымках: майстар-клас праводзіць ганчар з горада Глыбокае Сяргей Шчэрба; размол на жорнах; Вольга Мулындзіна са сваімі вырабамі; выступае гурт “Тутэйшыя”.

Фота В. МАТЫРКІ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.