Школьны мерыдыян: Горская СШ

Адкуль прыйшла лыжка?

Кожную чвэрць у пачатковых класах праходзіць новы даследчы праект. Раней тут даследавалі Антарктыду, збіралі цікавы матэрыял пра кошак, адправілі на рэспубліканскі конкурс даследчую работу па творчасці Міхаіла Прышвіна, цяпер прыйшла чарга… лыжкі. Свята драўлянай лыжкі ўпрыгожыла адпаведная выстава, на якой апынуліся нават лыжкі, вартыя музея.

Прайшлі пазнавальная віктарына “Адкуль прыйшла лыжка”, літаратурна-музычны конкурс, прысвечаны лыжцы. Ну, а пераможцы ў якасці прызоў, зразумела, атрымалі таксама лыжкі, якія дзеці самі ж распісвалі.

Ад Калядаў да Масленіцы

Яшчэ не забытыя калядкі, да якіх старанна рыхтаваліся вучні пачатковых класаў: ладзілі прэзентацыю “З гісторыі Ражства Хрыстова”, працавала майстэрня “Выраб каляднай зоркі”, музычная скарбонка “Ішла Каляда калядуючы”. Адбыўся конкурс малюнкаў “Зімовыя святкі”. І вось ужо самыя маленькія вучні школы разам з настаўнікамі рыхтуюцца святкаваць Стрэчанне (па-іншаму Грамніцы), а затым і Масленіца не за гарамі — з блінамі і аладкамі, немінучым наступленнем вясны.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.