Школьны мерыдыян: Новавалосавіцкая СШ

Дагадзілі снежнаму святу

Сусветны дзень снегу вырашылі адзначыць спаборніцтвамі па зімовым мнагаборстве. Перамог трэцякласнік Іван Гарбёнак. Зрэшты, аднымі зімовымі відамі спорту не абмежаваліся. Прайшлі яшчэ і спаборніцтвы ў спартыўнай зале, дзе, як заўсёды па суботах, шматлюдна і цікава. Дзеці займаюцца валейболам, баскетболам і г.д.
Пяцікласнік Сяргей Разумаў і сямікласніца Дар’я Смажэўская трапілі ў склад раённай каманды па мнагаборстве, якая прыняла ўдзел у абласных спаборніцтвах у Віцебску.

Сто дарог — твая адна

У тыдзень прафарыентацыі ў малодшых класах адбылася інфармацыйная гадзіна “У свеце прафесій”, да якой была прымеркавана і выстава дзіцячых малюнкаў.

Старэйшыя зрабілі выставу насценгазет “Калейдаскоп прафесій”. Будучыя выпускнікі школы правялі класіфікацыю прафесій. Падчас гадзіны прафарыентацыі былі падведзены вынікі анкетавання “Ці ведаеце вы сваю будучую прафесію?”, праведзенага напярэдадні. Прайшоў таксама практыкум “Сем крокаў пры выбары прафесіі”.

Адпачывалі — не сумавалі

Цікава было ў школьным лагеры на канікулах. Адпачывала ў ім усяго пятнаццаць чалавек. Забаўляліся на свежым паветры, удзельнічалі ў інтэлектуальным конкурсе “Разумніцы і разумнікі”, ладзілі “Фестываль сапраўдных хлопчыкаў”, праводзілі гульню “Зорны час”. Канікулы прайшлі весела і непрыкметна.

Аматары роднага слова

Прыхільнікам роднага слова прыйшоўся даспадобы школьны тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Вучні шостага — восьмага класаў прынялі ўдзел у конкурсе “Самы ўважлівы чытач”. Дзявяты — адзінаццаты класы былі задзейнічаны ў інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Слабае звяно”. Пяцікласнікі з задавальненнем памерыліся інтэлектам у віктарыне прыказак і прымавак “Ад прадзедаў спакон вякоў…”
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.