Школьны мерыдыян: Слабадская СШ-сад

Грошы растуць у цяпліцы

На два з паловай мільёны рублёў прадалі сёлета ў школе расады, вырашчанай у сваёй цяпліцы. Рэалізоў­валі расаду кветак, капусты. Кветкі — пераважна камунальным прадпрыемствам, лепельскаму і бароўскаму, а таксама мясцоваму лясніцтву — у абмен на тую. Вырошчваюць тут і агародніну, якая ідзе да школьнага стала. Вазілі на раённы кірмаш бульбу, моркву, буракі, цыбулю, часнок, фасолю і нават свежыя грыбы.

А яшчэ вырас неблагі ўраджай яблыкаў у школьным садзе — таксама і здавалі, і самім ха­піла. Восенню грошы шукаць не трэба, яны пад нагамі валяюцца.

Маладыя спецыялісты

У гэтым навучальным годзе ў школу прыйшло трое маладых спецыялістаў — настаўніцы англійскай мовы Таццяна Федаровіч, фізікі і інфарматыкі Анастасія Шумчанка, а таксама Наталля Трывашкевіч — выкладаць у пачатковых класах. Дзяўчат зычліва прынялі ў калектыве. Вопытныя настаўнікі ахвотна дзеляцца з маладымі сваімі педагагічнымі напрацоўкамі.

 Юныя даследчыкі

 Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да конкурсу даследчых работ “Таямніца малой Радзімы”, які пройдзе ў межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Юныя даследчыкі рыхтуюць экала­гічны праект, пішуць творчыя працы, збіраюць фота­здымкі на адпаведную тэму, запісваюць легенды і паданні аб родным краі. Раённы этап конкурсу ўжо пачаўся.

 Выбіраюць рабочыя прафесіі

 Сорак пяць працэнтаў сёлетніх выпускнікоў школы выбралі працоўныя прафесіі. Андрэй Грыдзюшка паступіў у наш аграрна-тэхнічны каледж, Арцём Астаповіч і Максім Стажык вучацца ў мясцовым дзяржпрафліцэі, Арцём Мешчаракоў падаўся ў Полацк атрымліваць прафесію майстра лесу. Але не ўсе будуць рабочымі. Напрыклад, Святлана Дзямко і Анастасія Рудак хочаць стаць настаўніцамі, дзеля чаго абралі Полацкі педкаледж, Жэня Прыдатка будзе бібліятэкарам. А ў Веранікі Міхайлавай і ўвогуле рэдкая прафесія — паступіла ў вышэйшы авіяцыйны каледж.

 Свет пабачыць

 Цікава дзецям у падарожжах і паездках. Вучні пабывалі ў Мінску і Хатыні, у Віцебску трапілі на спектакль у драматычны тэатр імя Якуба Коласа, ездзілі з экскурсіяй на Лукомльскую ДРЭС, зрабілі аглядавую экскурсію па Полацку: пабывалі на тэрыторыі жаночага кляштара, ля помнікаў Усяславу Чарадзею, Еўфрасінні Полацкай, Францыску Скарыну і іншых мясцінах. Наведалі вучні і музей беларускага народнага побыту ў Строчыцах.

 Сталі традыцыйнымі штогадовыя вераснёўскія падарожжы і ў настаўнікаў: то ў Мірскі замак, то ў Нясвіж, то ў Жыровіцкі кляштар і г.д.

 Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.