Што магчыма — будзе зроблена

Добраўпарадкаванне на вёсцы — важкая частка спраў сельвыканкамаў. Як наводзіцца парадак у кожнай асобна ўзятай вёсачцы? Возьмем, для прыкладу, вёску Чэрцы Лепельскага сельсавета. Разам з суседняй Адамаўкай яна ўтварае цэнтр сортавыпрабавальнай станцыі, часткова размешчана абапал даволі бойкай Аршанскай шашы, знаходзіцца ў вельмі маляўнічым, прыдатным для турызму азёрным краі. У свой час вёска выглядала вельмі рэспектабельна.

Тут меліся васьмігадовая школа з інтэрнатам, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт і ветлячэбніца, клуб з бібліятэкай, пошта, дзіцячы сад, малочнатаварная ферма, лазня, пральня. Зараз гэта вёска выглядае па-іншаму. Пра тое, што робіцца дзеля навядзення парадку ў вёсцы, гутарым са старшынёй Лепельскага сельвыканкама Адамам Ташліковічам.
— Адам Васільевіч, напачатку хацелася б пагаварыць пра тое, што стварае знешні выгляд: агароджа, пакінутыя дамы, абкошванне населенага пункта. Апошні раз цэнтральная вуліца Чэрцаў абгароджвалася, калі не памыляюся, яшчэ за савецкім часам.
— Так, я ведаю гэту праблему. У межах планаў па акультурванні вёскі былі задумы і па ўзвядзенні агароджы па цэнтральнай вуліцы працягласцю два з паловай кіламетры. Быў падрыхтаваны матэрыял. Цэментавыя слупы і зараз у нас захоўваюцца. Аднак рэаліі памяняліся. У цяперашні час сельвыканкамы не маюць магчымасці агароджваць цалкам населеныя пункты. Гэта павінны рабіць за свой кошт самі жыхары. Мы ж можам агароджваць толькі месцы культурнага адпачынку — паркі, скверы, абносіць агароджай памятныя месцы і пахаванні, могілкі і г.д.
— Што ж, такія месцы ёсць і ў Чэрцах. Напрыклад, помнік загінулым воінам, пасля закрыцця школы застаўся стадыён. Праблема стадыёна, можа, не столькі ў агароджванні, колькі ў своечасовым абкошванні. І мы яе сёлета падымалі ў газеце.
— Помнік, у прынцыпе, можна і абгарадзіць, але толькі не ўсю тэрыторыю вакол былой школы. Сёлета мы ля помніка памянялі мосцік, замянілі пліту з імёнамі загінулых, сам помнік пафарбавалі. Стадыён, які належаў аддзелу адукацыі, будзе перададзены нам. На жаль, не маем магчымасці яго дагледзець. Да слова, адзіную бензакасілку мы запраўляем за кошт уласных сродкаў, а ў сельсавеце сорак дзве вёскі.
— Пасля публікацыі ў газеце абкошана пляцоўка футбольнага поля. На жаль, толькі пляцоўку шырынёй сорак на восемдзесят. Няўжо не знайшлося некалькі літраў бензіну, каб акультурыць увесь стадыён? А ў рэагаванні на публікацыю, у тым ліку і вы, паабяцалі… прыбраць са стадыёна лішнія спартыўныя збудаванні, каб мясцовым жыхарам самім было яго лягчэй даглядаць. Гэта выклікала, па меншай меры, непаразуменне жыхароў вёскі. Просьба была ўсяго толькі своечасова, хаця б раз на год, абкошваць стадыён…
— Такая ініцыятыва сыходзіла больш не ад нас, а з боку спартыўнага ведамства. Калі яны маюць магчымасць даглядаць стадыён, мы гэта толькі вітаем, у нас, паўтараю, такой магчымасці няма.
— І не маеце магчымасці абкошваць сам населены пункт?
— За Чэрцамі замацаваны шэфы з раённага спажывецкага таварыства. У іх, дарэчы, і косы маюцца, так што пытанне — да іх.
— У вёсцы дзве вуліцы — Цэнтральная і Школьная. Абедзве — пад асфальтавым пакрыццём, якое значна знасілася і патрабуе неадкладнага рамонту. Асабліва небяспечна ездзіць па Школьнай вуліцы, дзе яміна на яміне, выступаюць наверх каналізацыйныя трубы…
— Цэнтральная вуліца знаходзіцца ў ведамстве ДЭУ-202. Што да Школьнай, то гледзячы які рамонт. Пакласці новы асфальт мы наўрад ці зможам. Магчыма зрабіць толькі хіба падсыпку гравіем.
— Наверх на асфальт — гравій? Яго ж размые па ўзбочынах першай жа вясной.
— У крайнім выпадку апрацаваць шчэбнева-бітумнай сумессю. Ва ўсялякім разе, пастараемся нешта прадпрыняць. І з каналізацыйнай трубой самі справімся.
— Асвятлення ў Чэрцах дастаткова, але толькі на цэнтральнай вуліцы. Школьная ж цалкам у цемры, калі не лічыць асобных “прыватных” ліхтароў, устаноўленых жыхарамі.
— Не зусім так. На скрыжаванні дзвюх вуліц, непадалёк ад магазіна, ліхтар гарыць. Далей — сапраўды цемра. Бліжэйшым часам установім яшчэ адзін ліхтар дзесьці пасярэдзіне вуліцы, магчыма, у раёне стадыёна.
— Пакінутых дамоў у Чэрцах не так многа, можа, тры ці чатыры. Але ж вельмі псуюць агульны выгляд вёскі…
— Праблемай гэтай займаемся. За мінулыя гады ўжо знеслі ў Чэрцах тры такія хаты. Складанасць у тым, што знесці можна толькі пасля высноў адпаведнай камісіі пры КУВП ЖКГ і пры згодзе ўласніка. Устанаўліваем, каму гэтыя пабудовы па факце належаць, збіраем адрасы.
— Цяпер — пра могілкі. Знаходзяцца яны паміж Чэрцамі і суседняй Юндзілаўкай…
— Могілкі абгароджаны.
— Так. Аднак жа вы паспяшаліся іх абгарадзіць. Агароджа там, можа, і не мае вялікага значэння. Праблема ў іншым. Могілкі вельмі старыя, ім, можа, гадоў трыста. Хаваюць людзей не толькі з гэтых дзвюх вёсак, але і з іншых. Там проста не засталося месца для пахаванняў. Невялікі курганок сярод поля. Патрэбна бульдозерам расчысціць схіл вакол, каб новыя пахаванні паступова “спаўзалі” ў бок поля.
— Гэта цалкам магчыма. Могілкі перададзены на баланс ЖКГ, але работы на іх вызначаем мы. На бліжэйшы год запланавана навесці парадак на могілках у Вялікім Поўсвіжы, Старым Лядне і Юндзілаўцы. Схіл выраўняем, папярэдне аднёсшы агароджу, хутчэй за ўсё, з боку Чэрцаў. Выражам аварыйныя дрэвы. Пажадана, каб дапамаглі і мясцовыя жыхары.
— Аварыйных дрэваў там не так шмат, а вось смецця па ўзбочынах — багата. Патрэбен кантэйнер.
— Кантэйнер устанавіць — не праблема. А вось ці будзе адтуль смецце своечасова вывозіцца? Трэба найперш разабрацца з тым смеццем, якое ўжо назапашана.
— Пасля закрыцця школы ў яе памяшканнях пад адным дахам сабраліся пошта, клуб з бібліятэкай, ФАП. Пакуль там быў і дзіцячы сад, будынак ацяпляўся кацельняй, якая належала сістэме адукацыі. Пасля ліквідацыі сада пытанне прыналежнасці кацельні павісла ў паветры. Халады не за гарамі, патрэбна б завозіць паліва, аглядаць сістэмы.
— Падрабязнасцяў не ведаю. Але магу запэўніць, што гэта пытанне будзе вырашацца ў цэнтралізаваным парадку, і калі ўжо ўстановы сабраны пад адным дахам, то і ацяпляцца яны будуць не паасобку, а цэнтралізавана.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.