Штрыхі адаптацыі

Маладая матуля ўвішна коціць дзіцячую каляску. Малое заходзіцца ад плачу. Маці як можа супакойвае дзіця. Аднак неўзабаве і сама кабета пачынае нервавацца, бо шлях перагарадзіў высокі бардзюр. Як адолець перашкоду? Жанчына бярэ малога на рукі, другой з сілай перавальвае каляску цераз штучны бар’ер. А наперадзе новы. Такім чынам на праезнай частцы з’яўляецца новы ўдзельнік дарожнага руху…


З такімі ж перашкодамі сустракаюцца і інваліды-калясачнікі. Пры ўсім тым фізічна аслабленыя асобы часта не могуць весці паўнавартасны лад жыцця з-за сацыяльных і фізічных бар’ераў, якія перашкаджаюць іх паўнапраўнаму ўдзелу ў грамадскім жыцці. Шчыра кажучы, адужваць ім даводзіцца бар’еры не толькі фізічныя, але і псіхалагічныя.
Ля шэрага сацыяльных аб’ектаў звонку абсталяваны пандусы. Зрухі намеціліся. А далей? Далейшае прасоўванне інвалідаў немагчымае з-за асаблівасцяў архітэктурнага праектавання. Некаторыя памяшканні не адаптаваныя да магчымасцяў фізічна аслабленых асоб. У такім выпадку не абысціся без істотнай змены функцыянальных і візуальных характарыстык. Скажам, унутрыкватэрная планіроўка жылога фонду дужа ўскладняе паўсядзённы побыт інвалідаў-калясачнікаў.
Работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі нанесена кантрасная афарбоўка на першую і апошнюю прыступкі ў жылых шматкватэрных дамах, дзе жывуць інваліды па зроку, аднак з цягам часу разметка стала ледзьве прыкметнай. Патрабуецца абнаўленне яе. Вялікіх асігнаванняў не патрабуецца. Звычайнай чалавечай увагі бракуе. Не дай бог, канечне, але кожны можа апынуцца на месцы небаракі, якому ва ўласную кватэру ці краму шлях заказаны.
Сапраўды, абуладкаванне тратуараў і дарожнай сеткі патрабуе перагляду, адаптацыі з улікам прасоўвання фізічна аслабленых асоб. Адразу, адным махам праблемы не вырашыш. Патрабуецца ўзважаная, паэтапная рэалізацыя мерапрыемстваў. І магу з задавальненнем паведаміць, што справа зрушылася з месца. Работнікамі адпаведных службаў райвыканкама з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў дэталёва вывучаны маршруты людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Выйсце адно — прывесці тратуары ў адпаведнасць з патрабаваннямі безбар’ернага асяроддзя.
Адсутнасць поручняў часам значна абцяжарвае прасоўванне да запаветнай мэты пажылых людзей і інвалідаў з парушэннем апорна-рухальнага апарата. Устаноўка хаця б аднаго поручня ўжо палегчыла б уздым. А кантрасная афарбоўка элементаў паспрыяла б больш упэўненай хадзьбе асобам са слабым зрокам.
Ну вось, скажам, падкаціў на калясцы інвалід да высокіх дзвярэй універмага. І — стоп! Далей — неадольная зона. Нават калі б нейкім цудадзейным спосабам пранік унутр крамы. На другі ці трэці паверх не трапіць. Ліфт не ўстановіш, праектам не прадугледжана, і сродкі немалыя спатрэбяцца. Во, скажаце, накручвае, а выйсця ў канцы тунэля не бачыць. Бачу. І не толькі я. Многія правільна арыетуюцца і ацэньваюць сітуацыю: найпрасцей на першым этапе зманціраваць на прымальнай вышыні магазіна кнопку выкліку.
* * *
У рэспубліцы сфарміраваны комплекс горадабудаўнічых і архітэктурна-будаўнічых нарматываў, якія ўстанаўліваюць пры праектаванні будынкаў і збудаванняў патрабаванні да асяроддзя пражывання інвалідаў і фізічна аслабленых асоб. Усё пачынаецца яшчэ на этапе архітэктурна-планіровачных заданняў для праектавання аб’ектаў сацыяльнай сферы. Аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама павінен пастаянна кантраляваць наяўнасць у праектах рашэнняў, якія ўлічваюць патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі і маламабільных груп насельніцтва ў адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі дакументамі. Падчас прыёмкі ў эксплуатацыю завершаных аб’ектаў будаўніцтва, незалежна ад формы ўласнасці, варта патрабаваць выканання мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Наконт гэтага маюцца адпаведныя нарматыўныя дакументы. Паводле рашэння Віцебскага аблвыканкама ад 25 чэрвеня 2009 г. №398 яшчэ на стадыі будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў трэба прадугледжваць абавязковыя ўстаноўку пандусаў і вызначанага іншага абсталявання ў рамках стварэння безбар’ернага асяроддзя незалежна ад наяўнасці ў сем’ях забудоўшчыкаў інвалідаў.
— Даступныя для фізічна аслабленых асоб лінейныя элементы пешаходных шляхоў рэкамендуецца праектаваць, па магчымасці, кароткімі, якія добра праглядаюцца на пэўнай адлегласці, — зазначыў у гутарцы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Васіль Рававы. — Не будзем галаслоўнымі. Прыкладам могуць служыць элементы безбар’ернага асяроддзя пешаходнага шляху ад раённага Дома культуры да крам райпо.
У нашай вобласці працягваецца актуалізацыя электроннага банка даных будынкаў і збудаванняў з улікам патрэб інвалідаў у безбар’ерным асяроддзі. На Лепельшчыне гэта работа прыпынілася, на жаль, няма дакладнай інфармацыі па адпаведных аб’ектах. Дадзеныя функцыі рашэннем райвыканкама ад 2 верасня 2008 г. №822 ускладзены на аддзел архітэктуры і будаўніцтва (каардынатар правядзення інвентарызацыі будынкаў і збудаванняў) і аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі (упаўнаважаны па інвентарызацыі аб’ектаў).
Адценім і такі немалаважны аспект. Інваліды павінны нароўні са здаровымі суграмадзянамі карыстацца рознымі сацыяльнымі паслугамі, у тым ліку і транспартнымі. Тое-сёе ў пазначаным напрамку робіцца. Аўтапаркам набыты нізкападлогавы аўтобус. Курсіруе па найбольш запатрабаваным маршруце №5. Гэта добра. Засмучае іншае. Пад’ехаў такі аўтобус да прыпынка — і што? Фізічна нямоглы чалавек у калясцы не можа патрапіць у салон па простай прычыне — прыпынак не прыстасаваны для такіх патрэб. Па маршруце налічваецца 16 прыпынкаў, інвалідам прыдатны толькі адзін належным чынам абуладкаваны — пасадачная платформа ля гімназіі.
Даўно вядуцца размовы вакол гарадскога аўтавакзала. Добраўпарадкаванне на гэты раз абыдзем маўчаннем, хаця і гэта не лішне зрабіць. Безбар’ернае асяроддзе таксама “накульгвае”. Ўваходы не абсталяваны сістэмамі аўтаматычнага адкрыцця дзвярэй, пасадачныя платформы не дазваляюць фізічна аслабленым асобам бесперашкодна ажыццяўляць пасадку ў аўтобусы.
Самая буйная ў горадзе бясплатная аўтамабільная стаянка каля ўнівермага не мае месцаў, пазначаных дарожным знакам «Стаянка для інвалідаў». На многіх прыпынках грамадскага транспарту расклад руху аўтобусаў цяжкавата прачытаць здаровым людзям, а інвалідам па зроку тым больш.
* * *
Мы фактычна закранулі адзін аспект стасункаў з людзьмі з аслабленым здароўем. Сацыяльная адаптацыя тым не заканчваецца. У раённай бібліятэцы абсталявана спецыяльнае рабочае месца для інвалідаў па зроку (камп’ютар з «прамоўнай праграмай» Javs, маецца шырокі выбар агучанай літаратуры (аўдыёкнігі па рознай тэматыцы ад навукова-папулярнай да дзіцячых казак), а таксама літаратура з брайлеўскім шрыфтам.
У рамках правядзення сёлетняга Дня яднання народаў Беларусі і Расіі выхаванцы камп’ютарнага гуртка «Паскаль» аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў прынялі ўдзел у скайп-канферэнцыі на базе мультымедыйнага цэнтра. Лепяльчане ўдзельнічалі ў канферэнцыі разам з прадстаўнікамі інфармацыйнага цэнтра для людзей з абмежаванымі магчымасцямі расійскага горада Балахна. Праводзяцца і спаборніцтвы па шашках, інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. Разам з тым уваход у будынак не абсталяваны элементамі безбар’ернага асяроддзя.
Паступова прыводзіцца ў адпаведнасць безбар’ернае асяроддзе ў агульнаадукацыйных школах, фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, дзіцячых дашкольных установах. Праз сродкі масавай інфармацыі, на вытворчых нарадах фарміруецца грамадская думка пра тое, што ствараць такое асяроддзе павінны не толькі адказныя спецыялісты пры будаўніцтве, рэканструкцыі сацыяльных аб’ектаў, але і ўсе грамадзяне сваім паўсядзённым стаўленнем да аслабленых асоб, як да раўнапраўных членаў грамадства.
Несумненна, для бесперашкоднага доступу маламабільных груп насельніцтва да аб’ектаў сацыяльнай і іншай інфраструктуры і інфармацыі нароўні з іншымі грамадзянамі варта зрабіць яшчэ нямала. Неабходна забяспечыць міжведамаснае ўзаемадзеянне пры будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю аб’ектаў інфраструктуры; павысіць якасць работ і тэмпы прыстасавання грамадскай і жылой забудовы; удасканальваць сістэму транспартнага абслугоўвання інвалідаў; забяспечыць развіццё спецыяльных сістэм камунікацыі і інфармацыі зносін інвалідаў з парушэннямі слыху і зроку.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.