Эстонскія госці

Гісторыя знаёмства з жыхаром Эстоніі пачалася дзіўна, нечакана, нават кур’ёзна. Водпуск, займаюся хатнімі справамі. Раптоўна стук у дзверы, мужчына пытае, ці тут жыве карэспандэнт?
Першая думка: і тут спакою няма. Аднак запрасіў у хату, спытаў, у чым справа.
— Ці ведаеце вы, як даехаць у вёску Чапаева да Ніны Іванаўны Шуйто? — спытаў суразмоўца, чым выклікаў лёгкі ступар.


— Такой вёскі ў Лепельскім раёне няма, ды і прозвішча Шуйто першы раз чую, — адказваю. — Адкуль вы ўзялі такую інфармацыю?
— Разумееце, — пачаў мужчына, — я Віталь Ігнатовіч. Мы з маці Святланай Аляксееўнай і братам Вячаславам жывём у эстонскім горадзе Нарва яшчэ з савецкіх часоў. Усёй сям’ёй прыязджалі да бабулі Ніны Іванаўны, калі я быў зусім малечай. Пад час развалу СССР бацька Уладзімір Ігнатовіч развёўся з мамай і вярнуўся на радзіму ў вёску Чапаева Лепельскага раёна. З таго часу не бачыліся. Мне зараз амаль 30 гадоў, захацелася знайсці радню, пабачыцца, пагутарыць, узнавіць старыя сувязі. Заехаў у вашу вёску, спытаў у першага сустрэчнага, а той скіраваў да вас, маўляў, едзьце да карэспандэнта, ён усё ведае, дапаможа.
Паступова і я падыходзіў да разумення сітуацыі, патлумачыў наступнае:
— Ведаеце, сапраўды, вёскі Чапаева на сучаснай карце Лепельшчыны няма. Аднак так калісьці, яшчэ ў савецкія часы, называлася сучасная Юркоўшчына. Можа гэта яна і ёсць? Далей — наконт прозвішча Шуйто. Магчыма, калі вам яго запісвалі, рука варухнулася і літара “эн” няправільна запісалася ў прозвішчы Шунто. А вось такіх на Лепельшчыне багата. У тэлефонным даведніку ёсць шмат абанентаў з прозвішчам Шунто. Больш таго, Шунто Н.І. зарэгістравана ў Юркоўшчыне! Можам зараз жа патэлефанаваць.
Набралі нумар. Аказалася, што мы мелі рацыю. Дамовіўшыся аб сустрэчы на вечар, паказаў дарогу.
Увечары прыехаў у Юркоўшчыну. Бурная радасць ад першай сустрэчы ўжо супакоілася. Віталь пагутарыў з бацькам і бабуляй за добрым сталом, склаліся першыя ўражанні.
* * *
Бабуля Ніна Іванаўна Шунто — даўно пенсіянерка, бацька Уладзімір Ігнатовіч так і жыве ў Юркоўшчыне, працуе жывёлаводам на бліжэйшай ферме, больш не ажаніўся, новую сям’ю не завёў. Сустрэча пасля гадоў расставання была для яго поўнай нечаканасцю.
— Віталь, разумею, што ты толькі нядаўна прыехаў, мала што пабачыў, аднак падзяліся першымі ўражаннямі аб Беларусі.
— Пра Беларусь сапраўды ведаю мала, у Эстоніі пра вашу краіну можна здабыць інфармацыю толькі хіба з інтэрнэту. Паводле інтэрнэт-паведамленняў і навін, у мяне склалася цвёрдае перакананне, што Беларусь — выдатная краіна. З людзьмі тут сустракаўся няшмат, таму асабліва нічога сказаць не магу. Дарогі вашы варта пахваліць, праехаў па іх не адну сотню кіламетраў.
— Калі не супраць, пагаворым пра жыццё ў Эстоніі. Раскажы пра свой горад.
— Нарва — горад памежны. Расію і Эстонію падзяляе рака Нарва, а па абодва берагі яе насупраць адзін аднаго стаяць Нарва з эстонскага боку і Іван-горад — з расійскага. Так гістарычна склалася, што Нарва больш як на 90 працэнтаў рускамоўная. Таму назіраецца пэўнае саперніцтва паміж ёй і сталіцай — Талінам, дзе пераважаюць эстонцы.
Талін і Нарва здаўна былі прамысловымі цэнтрамі краіны. Пасля атрымання суверэнітэту Нарву сталі адцясняць на другі план, зачыніліся некалькі прамысловых прадпрыемстваў. Зараз у горадзе цяжка знайсці працу, высокае беспрацоўе, асабліва сярод моладзі. Патлумачу на прыкладзе сваёй сям’і. Брату Славу зараз 25 гадоў, ён нядаўна скончыў вучобу ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе, атрымаў спецыяльнасць электрыка-аўтаматчыка. Рабочыя падобнай спецыяльнасці патрабуюцца на мясцовай электрастанцыі, але яго не бяруць. Матывацыя — няма вопыту, стажу. А адкуль узяцца стажу, калі на працу не прымаюць, прычым не толькі на электрастанцыю, а ўвогуле ні на якія прадпрыемствы? Такіх прыкладаў сотні, тысячы ў Нарве. Шмат моладзі з’язджае, найперш — у краіны Заходняй Еўропы, у пошуках заробкаў. Я зараз працую ў будаўнічай фірме, мама і брат — нідзе, уся сям’я — на маім заробку.
— Па расійскім, радзей — па беларускім, тэлебачанні асвятляецца тэма дыскрымінацыі рускамоўнага насельніцтва ў Прыбалтыцы.
— У прынцыпе, такая праблема прысутнічае. Ілюструю на ўласным прыкладзе. Я нарадзіўся і вырас у Эстоніі, аднак дагэтуль не маю эстонскага грамадзянства, бо для яго атрымання трэба яшчэ здаць экзамен на веданне эстонскай мовы. Я шчыра хацеў здаць гэты экзамен, спецыяльна вучыў мову, аднак эстонская мова дужа цяжкая для вывучэння. Да таго ж, калі б побач пастаянна гаварылі па-эстонску, я б лепей і хутчэй вывучыў, але ж я ўжо казаў, што Нарва — горад рускамоўны.
Збольшага навучыўся, магу зразумець гаворку, казаць некаторыя нескладаныя фразы. На экзамене са ста магчымых балаў я набраў толькі 45, а прахадны — 60. У выніку ў мяне не агульнаграмадзянскі пашпарт сіняга колеру, а пашпарт асобы без грамадзянства — шэрага. Перавагі наступныя: як жыхар Эстоніі я магу без Шэнгенскай візы ездзіць па ўсіх краінах Еўропы, а як жыхар памежнай з Расіяй Нарвы — па ўсёй Расіі і Беларусі, бо паміж імі няма мяжы. Як неграмадзянін, я не магу набыць зямлю для вядзення сельскай гаспадаркі, нерухомасць, кватэру мы здымаем. На працу неграмадзян бяруць неахвотна, за меншую аплату, звычайна зніжэнні даходзяць да 20 — 30, а то і 50 працэнтаў.
Пікам супрацьстаяння сталі падзеі вакол пераносу помніка савецкаму салдату ў Таліне. Тады шмат людзей, асабліва радыкальна настроенай моладзі, аўтобусамі ехалі ў Талін на акцыі пратэсту. Аднак да крайнасцяў не дайшло, помнік перанеслі, акцыі пратэсту паступова сціхлі, людзі вярнуліся да будзённых спраў.
— Кажаш, што шмат маладых людзей выязджаюць з Эстоніі на заробкі. А сам спрабаваў?
— Найперш — у Фінляндыю, таксама шмат едуць у Нарвегію, Швецыю, Англію, Германію, Францыю, Італію. Я б паехаў таксама, каб не мова. Цяжка вывучыць эстонскую мову, але ж фінскую — яшчэ цяжэй, хаця яны роднасныя. У школе ж больш увагі ўдзяляў гульням, чым навучанню мовам, аб чым цяпер шкадую. Зараз мог бы працаваць у той жа Англіі ці Германіі.
* * *
— Якія зараз у Эстоніі заробкі і расходы сярэдняй сям’і?
— За ўсю Эстонію сцвярджаць не буду, скажу пра Нарву. Як я ўжо казаў, мы ўтрох, я, мама і брат, жывем на мой заробак, які складае каля 600 еўра. Гэта сярэдні ўзровень па нашым горадзе. З іх каля 100 еўра аддаем за кватэру і камунальныя паслугі. З надыходам ацяпляльнага сезона аплата ўзрастае да 130 — 150 еўра. Бохан хлеба каштуе ад 70 да 100 цэнтаў у залежнасці ад віду і гатунку. Малако — 60 — 80 цэнтаў, куртка — 40 — 60 еўра, штаны — каля 30, летнія туфлі — 50 — 60 еўра.
Хаця зазначу, што, напрыклад, былыя ў карыстанні еўрапейскія аўтамабілі можна набыць даволі танна. Вобразна кажучы, за пяць — шэсць тысяч еўра можна купіць 600-ы “Мерсэдэс”, але запчасткі да яго… мінімум — некалькі соцень! Таму я сабе набыў “Фальксваген-Пасат”. Ён сам па сабе недарагі, запчасткі даступныя, і многія рамонты магу зрабіць сам. Нафтапрадукты дарагія, дызельнае паліва — 1,4 еўра за літр.
— Ого! Памятаю, у 2010 годзе я ездзіў у Германію, там дызель каштаваў ад 1,1 да 1,2 за літр.
— Так было калісьці. Аднак за апошнія гады чатыры, з надыходам крызісу, кошты істотна падраслі.
— Некалькі гадоў таму Эстонія канчаткова адмовілася ад сваёй нацыянальнай валюты кроны і цалкам перайшла на еўра. Як людзі ўспрынялі такія перамены?
— Негатыўна. Пераход з кроны на еўра прыпаў на крызіс, падняліся цэны, таму людзі не вельмі задаволеныя.
— Як моладзь у Нарве бавіць вольны час?
— Па-рознаму, у асноўным танцуе ў начных клубах. Аднак паход у клуб — забава нятанная, таму дазваляю сабе гэта рэдка, як і моцнае спіртное — па той жа прычыне. Стараюся зарабіць, зэканоміць. Дарэчы, цыгарэт таксама не палю. Сапраўдная катастрофа для Нарвы — наркотыкі. Гэта дрэнь ідзе ў Эстонію і з Усходу, і з Захаду. Некалькі маіх сяброў, дарэчы, ужо загінулі ад яе. Таму тыя маладыя людзі, якія хочуць дабіцца чагосьці ў жыцці, шмат працуюць або выязджаюць за мяжу.
— Блізкасць Расіі адбіваецца на жыцці Нарвы?
— Самым істотным чынам! Заможныя людзі з Расіі адчыняюць у Нарве сумесныя прадпрыемствы, для гэтага прадуманы падатковыя льготы. Нават набываюць кватэры, іншую нерухомасць. Праз мяжу ідзе плынь кантрабанды. Найперш — паліва, цыгарэты, алкаголь — усё, што ў Расіі нашмат танней, чым у Эстоніі. Аднак і пакаранне за такія дзеянні важкія, таму з кожным годам усё менш і менш ахвочых знаходзіцца, каб разбагацець такім спосабам. Міждзяржаўныя пагадненні аб памежным руху даюць шырокія магчымасці для ўзаемных паездак, чым я сёння і скарыстаўся. Разам са мной прыехаў сябар Жэня Шаламаў, які ніколі не быў у Беларусі, таму гэта паездка — адкрыццё для яго новай краіны.
Я сам вельмі рады, што прыехаў, пабачыўся з бацькам, бабуляй. Разумею, што ў наступны раз у Беларусь траплю не хутка. Дадому павязу самыя лепшыя ўспаміны.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: эстонскія госці Віталь і Жэня.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.