Як пацеркі ў каралях

Па выніках мінулага года раённы Дом рамёстваў выйшаў пераможцам у абласным спаборніцтве ў намінацыі “Лепшы Цэнтр, Дом рамёстваў”. “За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” калектыў атрымаў дыплом і прэмію. Гутарым з дырэктарам установы Аленай Барадзейка.


— Алена Іванаўна, раскажыце, што гэта было за спаборніцтва і наколькі сур’ёзнай была канкурэнцыя?
— Ведаеце, зараз увогуле слабых супернікаў не бывае, спаборнічалі цэнтры і Дамы рамёстваў з усёй вобласці, у тым ліку і з больш буйных гарадоў, чым наш, таму аказацца першымі — вялікі гонар для ўсяго нашага калектыву. Дастаткова сказаць, што падобны конкурс праводзіцца раз у пяць гадоў, мінулы раз мы таксама былі першымі.
— Чым запомніўся мінулы год?
— Было багата падзей. Мы шмат куды з’ездзілі, і не без поспеху. А найперш запомніўся тым, што гэта быў юбілейны год — нашаму Дому рамёстваў споўнілася дваццаць гадоў. У гэтай сувязі хацелася б сказаць добрае слова пра першага дырэктара Вольгу Жукаву. Вольга Емяльянаўна заклала той падмурак, на якім трымаюцца нашы сённяшнія дасягненні. Як вядома, заваяваць поспех лягчэй, складаней яго ўтрымаць.
— Раскажыце пра найбольш памятныя мінулагоднія паездкі.
— Была паездка на свята ў Александрыю, дзе мы былі прадстаўлены выставай фондавай калекцыі “Белая Русь” і арганізавалі выставу-продаж. Потым — свята ў Ляўках, дзе правялі майстар-класы па вышыўцы і ткацтве паясоў і, зноў жа, выставу-продаж. У Глыбокім, на свяце беларускага пісьменства, правялі майстар-класы па саломапляценні, вышыўцы, беларускай ляльцы, прадавалі на падвор’і.
— Што значыць прадаваць на падвор’і?
— Арганізоўваюцца такія імправізаваныя “вуліцы”, кожная носіць назву пэўнага горада ці раёна. Стаяць стылізаваныя хаціны, што сімвалізуюць сялянскі побыт пэўнага перыяду. Майстры працуюць прама ў рэальным часе. Арганізаваны і гандаль. Так было, зрэшты, і на “Славянскім базары”, дзе мы працавалі амаль два тыдні: ладзілі выставы, давалі майстар-класы, гандлявалі, удзельнічалі ў конкурсе выцінанкі “Ажурныя мары”, дзе наш майстар Галіна Жураўлёва заняла другое месца. На “Дажынках” у Горках мы хоць і не былі, але прадукцыя Дома рамёстваў там была прадстаўлена — выстава тканых вырабаў і касцюмаў. Затое ў Полацк на свята горада ездзілі самі. Бралі ўдзел у “крывіцкім кірмашы”, дзе выстаўлялі вырабы з саломкі, тканую прадукцыю, вышыўку. Арганізавалі там свой Лепельскі падворак. Выстаўляліся і ў Міёрах, на абласным конкурсе вырабаў гурткоўцаў. Бралі ўдзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў у Лошыцкім парку сталіцы, дзе калектыў атрымаў дыплом першай ступені, яшчэ персанальна была адзначана дыпломам першай ступені работа майстра па ткацтве беларускіх паясоў Таццяны Размысловіч. Дарэчы, наша выстава тканых паясоў была на працягу цэлага месяца прадстаўлена ў Полацкім музеі ткацтва.
— А якая работа вялася на месцы, у раёне?
— Значнай падзеяй лічу персанальныя выставы майстроў нашага клуба “Скарбонка” — мастака Анатоля Чулкова, майстроў беларускай лялькі Наталлі Петуховай і выцінанкі — Галіны Жураўлёвай. Шмат рабілі для папаўнення фондавай калекцыі Дома рамёстваў: ткалі паясы кшталту тых, якія знаходзяцца ў розных музеях Беларусі, нават у Смаленску. Калекцыю народных строяў папоўнілі касцюмам ткацтва Дзісненскага строю, над якім працавала майстар Святлана Залатуха. Папоўнілі калекцыю лялькамі, апранутымі ў народныя строі — Пінскага, Івацэвіцкага і Мінскага. Ёсць у нас калекцыя аўтэнтычнай лялькі: лялькі-закруткі, пелянанкі, вясельныя лялькі-неразлучнікі і г.д. Папоўнена калекцыя габеленам “Купалле”.
— Ці зарабляеце вы грошы?
— Так. Таваразварот нашага магазіна склаў 217 працэнтаў у параўнанні з папярэднім годам. Зарабілі летась больш як дваццаць чатыры мільёны рублёў. Сталі аказваць новую паслугу — “Вяселле ў Доме рамёстваў”. Летась абслужылі тры маладыя пары і ўжо сёлета адну. Зрабілі вышыўку для касцюмаў удзельнікаў “Сунічак”, калектыву, якому нядаўна прысвоена званне заслужанага.
— Як усё паспяваеце? Дзе чэрпаеце натхненне?
— Людзям творчым натхнення не займаць. Вельмі прыемна, што ў нашым Доме рамёстваў працавалі і працуюць такія натхнёныя людзі як Кацярына Смажэўская, Ніна Бабровіч, Людміла Казачонак, Святлана Чэрнікава, Валянціна Ганчар, Ніна Кудзіна і іншыя. Зараз у калектыве працуюць дванаццаць чалавек. Кожны па-свойму непаўторны, як пацеркі ў каралях. Клуб “Скарбонка” — як жывы арганізм. Людзі прыходзяць туды проста па добрае слова, па параду.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымку:  творчы калектыў Дома рамёстваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.