Індыкатар даверу

“Прамыя лініі” і прыём грамадзян прадстаўнікамі вышэйшых органаў улады сталі неад’емнай часткай нашага жыцця, індыкатарам даверу насельніцтва да ўлады. Калі людзі давяраюць, то яны тэлефануюць на “прамыя лініі”, прыходзяць на прыёмы, бо ўпэўненыя, што ім дапамогуць у вырашэнні іх праблемы, дадуць параду. Так, на анансаваную сустрэчу з першым намеснікам старшыні Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Вадзімам Заранкіным адгукнуліся больш за дзесяць грамадзян.
Першай патэлефанавала жыхарка вуліцы Валадарскага Тамара Конава.

Жанчыне 76 гадоў, яна інвалід, ходзіць з цяжкасцю, яе абслугоўвае сацыяльны работнік. У кватэры водаправоду няма, хадзіць па ваду даводзіцца ў далёкую калонку, бо бліжэйшая замярзае нават пры малых маразах. Жыллё не прыватызаванае. Тамара Іванаўна папрасіла наладзіць стабільнае водазабеспячэнне. Пытанне было абмеркавана са старшынёй райвыканкама Барысам Яфрэмавым і яго намеснікам Аляксандрам Шыдлоўскім, пазней далучыўся дырэктар КУВП ЖКГ “Лепель” Віктар Мозаў. Ён паведаміў, што праца водаразборнай калонкі адноўлена.
Марыя Іванаўна Станкевіч пыталася, калі ў Лепелі будзе пабудавана крама “Еўраопт”? Ёй адказалі, што пакет дакументаў адносна пабудовы магазіна сабраны і зараз знаходзіцца на разглядзе ў Віцебскім аблвыканкаме.
Жыхарка вёскі Юркоўшчына паведаміла, што па дамоўленасці з СВФ “Заазер’е” мясцовыя жыхары бяруць у залік зарплаты харчовыя тавары. Гэта добра, паведаміла жанчына, аднак нярэдкія выпадкі, калі такім чынам некаторыя людзі, схільныя да п’янства, набіраюць спіртнога. Магчыма, варта было б забараніць продаж спіртнога ў залік, а дазволіць толькі продаж харчовых тавараў.
Старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Рыгор Стош запэўніў, што ўсё прадаўцы пісьмова папярэджаны аб недапушчальнасці продажу спіртнога ў залік зарплаты.
Першым на асабісты прыём запісаўся жыхар Юркоўшчыны Васіль Міснік, яго пытанне тычылася зямельнай спрэчкі з суседам Барадзейкам. Спрэчка даўняя, застарэлая, доўжыцца не адзін год. Урэшце, бакі звярнуліся ў суд, справа знаходзіцца ў стадыі разгляду. Вадзім Уладзіміравіч параіў дачакацца суда і далейшыя свае дзеянні суадносіць з яго рашэннем.
Таццяна Халімоненка, жыхарка вёскі Старое Лядна, звярнулася з пытаннямі адносна дзейнасці спажывецкага кааператыва па газіфікацыі “Кладч”. У прыватнасці, яна не задаволена памерамі налічанай аплаты і метадамі яе налічэння. Ёй дадзена тлумачэнне, што гэтыя пытанні адносяцца да сферы дзейнасці кааператыва, органы дзяржаўнай улады ў яе не ўмешваюцца. Паколькі вышэйшым органам кіравання ў кааператыве з’яўляецца агульны сход, то было рэкамендавана ў бліжэйшы час склікаць яго, вынесці на абмеркаванне ўсе спрэчныя пытанні.
Сяргей Патоцкі жыве ў Матырыне ў адным з дамоў, пабудаваных па праграме адраджэння і развіцця вёскі. Працуе вальшчыкам у бароўскім лясніцтве Крупскага ваеннага лясгаса, а яго жонка Таццяна — даяркай у КУВСГП “Баброва”. У сям’і падрастаюць дзеці, хочацца мець уласнае жыллё, але пакуль што без дзяржаўнай падтрымкі набыць яго немагчыма. Сям’я ўзята на ўлік у Баброўскім сельвыканкаме.
Рэкамендавана райвыканкаму сумесна з КУВСГП “Баброва” разгледзець варыянты вырашэння жыллёвага пытання сям’і і паведаміць ім пра гэта ва ўстаноўленыя законам тэрміны.
Напрыканцы прыёму ў кароткім інтэрв’ю Вадзім Заранкін сказаў:
— Дзе маглі, мы вырашалі пытанні на месцы, давалі даручэнні адказным асобам аб дзеяннях у найкарацейшыя тэрміны. Па пытаннях, якія разглядаюцца ў судзе, мы не ў праве дзейнічаць да іх вырашэння ў гэтай інстанцыі. Ад сябе скажу, што зямельныя спрэчкі за межы найчасцей застарэлыя, маюць зацяжны характар. У пытаннях газіфікацыі галоўнае слова мае сход членаў кааператыва, аднак і органы дзяржаўнай улады трымаюць іх пад пільнай увагай. Падводзячы вынік, скажу, што “прамая лінія” і прыём грамадзян прайшлі канструктыўна. Апавяшчэнне праз сродкі масавай інфармацыі прайшло своечасова, таму людзі з’явіліся.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.