“Вечна жыві і квітней, Беларусь!”

IMG_4520“Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь… Кожны год, сустракаючы гэта цудоўнае свята, мы на некаторы час вяртаемся на дзесяцігоддзі назад і перагортваем слаўныя старонкі нашай гісторыі.

Мы захапляемся подзвігамі бацькоў і дзядоў — адважных франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, якія не шкадавалі сваіх жыццяў для таго, каб мы жылі ў шчаслівай і свабоднай краіне. Мы радуемся поспехам нашых землякоў — навуковых дзеячаў, выдатных спартсменаў, творцаў, што сваімі поспехамі праслаўляюць Беларусь сярод іншых краін свету. Мы ганарымся табой, родная краіна, і верым у твой далейшы росквіт”, — шчыра жадаю ў думках і крочу на плошчу Свабоды, дзе па традыцыі пачынаюцца святочныя мерапрыемствы ў гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
IMG_4548…Пад гукі духавога аркестра прадстаўнікі мясцовай улады, шэрага гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў усклалі вянкі да магіл загінулых воінаў. Шматлікія госці свята спяшаліся ў гарадскі парк. Гледачоў усіх узростаў зацікавіла выстава ваеннай тэхнікі, падрыхтаваная ваеннаслужачымі 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады.
Паўсюдна раскінуліся гандлёвыя вітрыны райспажыўтаварыства, ААТ “Лепельскі МКК”, дзе ў шырокім асартыменце пакупнікам прапаноўваліся кулінарныя вырабы, ласункі і ахаладжальныя напоі. Многія з задавальненнем частаваліся гарачым шашлыком, набывалі марожанае.
IMG_4532У чарговы раз захапілі сваім майстэрствам юныя творцы аб’яднанняў па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Арыгінальныя сувеніры, лялькі, вырабы з саломкі, бісеру… Кожная работа ўразіла сваёй індывідуальнасцю і творчым каларытам. Немагчыма было прайсці міма выставы-кірмашу “Са святам цябе, Беларусь!”, дзе былі прадстаўлены вырабы народных майстроў клуба “Скарбонка” раённага Цэнтра рамёстваў. Вырабы з лазы, творы з саломкі, непаўторная выцінанка, саматканыя паясы — усюды адчувалася цеплыня сэрца творцы. Тут жа была арганізавана бяспройгрышная латарэя.
IMG_4540Зацікавіла гледачоў і фотавыстава “Партызанскімі сцяжынамі”, якую падрыхтавалі работнікі раённага краязнаўчага музея. Юныя госці свята з задавальненнем бавілі час на гульнявой пляцоўцы “Дзіцячы панадворак”, дэманстравалі свае здольнасці ў “Эстафеце вясёлых гульняў”, спартыўных атракцыёнах.
Аматары паэтычнай творчасці былі запрошаны на літаратурна-патрыятычны калейдаскоп “Няхай заўсёды будзе сонца”, які на летняй танцпляцоўцы правялі работнікі цэнтральнай раённай бібіліятэкі.
IMG_4589…Бадзёрыя музычныя акорды паклікалі гасцей у летні амфітэатр, дзе была арганізавана тэматычная праграма “Вечна жыві і квітней, Беларусь!”. Глыбокія струны душы закранула тэатральная пастаноўка работнікаў раённага Дома культуры. Словы малітвы аб шчаслівай будучыні роднай Беларусі на сцэне прачыталі маці, салдат, рабочы, сялянка… Кожны з і х нарадзіўся ў непаўторнай блакітнавокай краіне і сваімі справамі стварае яе светлую будучыню. Шчырыя словы віншаванняў гасцям свята прысвяціў старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. Пад цёплыя апладысменты гледачоў Барыс Сяргеевіч уручыў ордэн Маці Наталлі Жарнасек — жанчыне, якая нарадзіла і выхоўвае пецярых дзяцей.
IMG_4551Арганічным дапаўненнем сцэнічнай дзеі сталі выступленні вядомых творчых калектываў нашага раёна. Чула і пранікнёна прагучалі песні ў выкананні ўдзельнікаў хору народнага клуба “Ветэран”. Піянеры дружыны імя Ю.Смірнова ветэранам, што прысутнічалі на свяце, уручылі кветкі. Мілагучным лейтматывам ліліся выступленні спевакоў і музыкантаў. Цудоўны настрой падарылі кампазіцыі юных удзельнікаў узорных ансамбляў танца “Затея” і “Лілея”.
Нямала гасцей сабралася каля “Паходнай кухні”. Дарослыя і дзеці з задавальненнем частаваліся апетытнай салдацкай кашай.
Выдатнае сонечнае надвор’е садзейнічала паспяховаму правядзенню свята і дарыла ўсім цудоўны настрой.
Яркая святочная праграма была падрыхтавана для гасцей і ў вячэрні час. Зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый падарыла ўсім эстрадная канцэртная праграма “Песні маёй Беларусі”, наладжаная ў РДК. Цёпла сустрэлі спевы ў выкананні мясцовых артыстаў Наталіі Мацюш, Таццяны Невядомскай, Ірыны Бусавай і іншых выканаўцаў. І артысты, і гледачы па традыцыі прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Праспяваем гімн разам!”.
IMG_4566Як цудоўна, што кожны год мы збіраемся разам на ўлонні прыроды ў гонар вялікага свята! Жыві і квітней, дарагая Беларусь! З году ў год памнажай свае дасягненні і захапляй усіх сваім хараством. Мы ганарымся табой, наша родная краіна!
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: яркія моманты свята.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.