“Хачу жыць…” — прызнаваўся Тодар Кляшторны ў адным са сваіх вершаў

DSCN2536 “Хачу жыць…” — прызнаваўся Тодар Кляшторны ў адным са сваіх вершаў. Аднак ён не дажыў, не дапеў, не дапісаў. Яго жыццё абарвалася ў жудасныя трыццатыя гады дваццатага стагоддзя.
“Таленавіты — значыць небяспечны”, — пісала Яўгенія Янішчыц пра той час. Факт, што Тодар Тодаравіч быў пацалаваны богам, адмаўляць нельга. Ціхмяны, спакойны, неканфліктны. Сяргей Грахоўскі ва ўступе да кнігі з бібліятэкі беларускай паэзіі “Тодар Кляшторны” назваў яго “паэтам нашага рання”.
На Лепельшчыне шануюць памяць земляка. Чарговая творчая вечарына, прысвечаная памяці Тодара Тодаравіча, адбылася ў бібліятэцы-музеі Тодара Кляшторнага.
Нарадзіўся пясняр беларускай зямлі ў сакавіку 1903 года ў вёсцы Парэчча Лепельскага раёна. Адслужыў у Чырвонай арміі, потым вучыўся на аршанскім рабфаку, закончыў філалагічны факультэт БДУ. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў “Узвышша”, “Маладняк”.
Першы верш Тодара Тодаравіча надрукавалі ў 1925 годзе ў часопісе “Аршанскі маладняк”. Потым пайшлі зборнікі вершаў: “Кляновыя завеі”, “Светацені”, “Ветразі” і іншыя, кніжка-малюнак для дзяцей “Пра зайца, ваўка і мядзведзя”.
Беларускі “Ясенін” са сваім асаблівым светапоглядам і лірычнымі разважаннямі пра жыццё, каханне, смерць быў не патрэбны таталітарнаму ладу. У позніх вершах можна чуць песімістычныя ноты і бачыць знакі пытання. Апошні верш ён назваў “Песня пра вясну” і надрукаваў 27 сакавіка 1936 года. Аднак чарговую вясну паэт не ўбачыў. Тодара Кляшторнага хутка арыштоўваюць і пасля доўгіх тыдняў і месяцаў катаванняў назначаюць яму вышэйшую меру пакарання. Жонку з малодшай дачкой выслалі ў Акмолінскі карны лагер, старэйшыя дзеці выхоўваліся ў дзіцячым доме. Паэту было трыццацць чатыры гады.
Яго паэма “Калі асядае муць” займае пачэснае месца сярод паэм такіх майстроў, як Янка Купала, Язэп Пушча, Уладзімір Дубоўка. Гэты твор абвясцілі шкодным, і ён доўгі час не перадрукоўваўся. Прарочымі аказаліся яго радкі “Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ДПУ…”
На сустрэчу ў бібліятэку-музей прыехалі студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Цімур Буйко, студэнтка акадэміі мастацтваў Марта-Дарыя Клінава, рэжысёр Акадэміі мастацтваў Ілья Башко. Мінчане будуць здымаць кінастужку пра рэпрэсаваных пісьменнікаў. Акрамя таго, Марта-Дарыя піша дыпломную работу, у якой асобная старонка будзе прысвечана творчасці Тодара Кляшторнага. З мэтай больш даведацца пра творчы і жыццёвы шлях славутага земляка яны і наведалі творчы вечар. Дырэктар Каменскай дзіцячы сад-сярэдняй школы Ганна Барадзіна расказала пра даследчую працу ў школе і прадставіла праект “Каляронімы ў лірыцы Тодара Кляшторнага 20 — 30 гадоў”. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры існуе “куток памяці” творцы. Традыцыйны асенні баль адкрываюць радкі яго верша.
Вучні чыталі як вершы Тодара Кляшторнага, так і свайго ўласнага сачынення. Падзяліліся біяграфічнымі звесткамі, успамінамі сяброў і калег Кляшторнага. Напрыканцы мерапрыемства зладзілі спецыяльную экскурсію для гасцей.
Ірына ЗНАРОК,
загадчыца бібліятэкі-музея Тодара
Кляшторнага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.