Абарона законных правоў

Парваліся толькі нядаўна набытыя чаравікі ці боцікі, выйшаў са строю тыдзень таму рамантаваны ўжо тэлевізар, праблемы з рамонтам аўтамабіля — з гэтымі і іншымі праблемамі спажыўцы ідуць спачатку да прадаўцоў і рамонтнікаў, а калі да агульнай згоды не прыйшлі, то іх шлях звычайна ляжыць у таварыства абароны правоў спажыўцоў. Аднак, паколькі аддзялення такой структуры ў Лепелі няма, іх функцыі нададзены раённаму выканаўчаму камітэту.

Спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алег Івашкевіч ужо каля дзесяці гадоў займаецца і гэтай важнай справай.
— Мінулы год быў вельмі насычаны працай, — кажа Алег Мікалаевіч. — Для параўнання: на працягу 2011 года да нас па абарону правоў звярнуліся толькі два чалавекі, а за 2012 — 17 пісьмовых зваротаў і яшчэ больш вусных і тэлефанаванняў на нумар 4-40-00. Увогуле, па тэлефоне шмат даводзіцца кансультаваць.
З 17 зваротаў пяць — нараканні на якасць тавару ў крамах. Часта апошнім часам звяртаюць увагу на якасць і асартымент хлебабулачных вырабаў. Зафіксаваны нават паўторны зварот. На ўсе пытанні, паднятыя грамадзянамі, ім дадзены падрабязныя, вычарпальныя адказы, іх правы абаронены.
— А ці былі звароты неабгрунтаваныя?
— Былі і такія, — кажа Алег Мікалаевіч. — Аднак больш уражваюць звароты несвоечасовыя. Колькі разоў казалі: звяртайцеся да прадаўцоў адразу, як толькі выявілі брак. Часта назіраем іншае. Да мяне прыходзілі людзі, скардзіліся на якасць хлеба і прад’яўлялі скарынкі… месячнай даўніны! Хочацца спытаць: дзе ж вы цэлы месяц былі, чаму не звярнуліся ў той жа дзень?
Даволі шмат зваротаў і скаргаў на якасць мэблі, вокнаў, дзвярэй. Гэта натуральна: людзі робяць рамонт, плацяць немалыя грошы і патрабуюць, каб вытворцы пастаўлялі якасныя тавары і паслугі.
— Зразумелы механізм уздзеяння на нядобрасумленных мясцовых вытворцаў ці прадаўцоў. А як быць, калі фірма зарэгістравана ў іншым рэгіёне?
— Здараліся і такія выпадкі. Дарэчы, часта мэблю ці вокны заказваюць у Віцебску, Мінску, Полацку. Напрыклад, жыхарка Бароўкі заказала ў віцебскай фірме шафу-купэ, заплаціла тры з паловай мільёны рублёў. Ёй прывезлі заказ, але з відавочным бракам: сколіны на ламінаце ДСП, планка іншага колеру. Віцябляне адразу не прызнавалі сваю віну. З нашай дапамогай быў падрыхтаваны зварот у суд, які жыхарка Бароўкі выйграла, вытворцы няякаснай мэблі вярнулі ёй грошы, аплацілі судовыя і іншыя спадарожныя расходы.
— Дарэчы, нашы грамадзяне рэдка звяртаюцца ў суд па абарону сваіх правоў. Баяцца, што патрацяць шмат грошай на пошліны і прайграюць…
— Баяцца не трэба. Дарэчы, пры зваротах па абароне правоў спажыўцоў пошліна не ўплачваецца.
— Ці былі выпадкі, калі ўсё ж правата была не на баку спажыўца?
— Крайне рэдка. Напрыклад, жыхарка аднаго з населеных пунктаў рабіла фотаздымак на пашпарт, звярнулася да мясцовага прадпрымальніка. Ён зрабіў фотаздымак на лічбавую фотакамеру, адаслаў файл у Віцебск. Там фота надрукавалі і прыслалі назад. Жанчына адмовілася аплачваць, казала, што здымак дрэннай якасці. У заяве з абурэннем напісала: “Гэта фота хутчэй для крымінальнага пратакола, чым у пашпарт!”. Фатаграфію адаслалі на экспертызу, якая паказала, што яна зроблена якасна, усе стандарты вытрыманы. Да таго ж прадпрымальнік дадаў відэазапіс з камеры назірання, устаноўленай у атэлье. Там відаць, як фатограф здымае, потым паказвае жанчыне фота на дысплеі фотакамеры, тая пагаджаецца. Так што ў дадзеным выпадку прэтэнзіі яе прызнаны неабгрунтаванымі.
Некалькі разоў спажыўцы звярталіся са скаргамі на няякасны рамонт аўтамабіляў, мабільнікаў. Пры гэтым былі зафіксаваны выпадкі, калі аказанне паслуг не афармлялася належным чынам. Потым даказаць сам факт аказання паслугі бывае праблематычна.
Зімой прыняты калектыўны зварот прадпрымальнікаў, якія гандлююць у малочным павільёне цэнтральнага рынку. Яны скардзіліся, што кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства (РСТ) “нічога не робіць для наладжвання камфортных умоў гандлю, а толькі збірае арэндную плату”. У актавай зале райвыканкама была наладжана сустрэча прадпрымальнікаў, кіраўніцтва РСТ, прадстаўнікоў райвыканкама. Дыскусія была гарачай, але пасля перайшла ў канструктыўнае рэчышча. Дамовіліся, што ў бліжэйшы час РСТ ўсталюе пластыкавыя ўваходныя дзверы, заменіць аварыйную электраправодку, што і было неўзабаве зроблена. На лета намецілі рэканструкцыю павільёна. Прадпрымальнікі ж пагадзіліся сабраць грошы, каб часткова прафінансаваць работы.
— На завяршэнне хачу звярнуць увагу на абавязковае афармленне ўсіх здзелак па куплі-продажы тавараў, аказанні паслуг, — сказаў Алег Мікалаевіч. — Маючы на руках дагавор, квітанцыю, нават чэк, значна прасцей абараняць свае законныя правы.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Алег Івашкевіч вядзе прыём грамадзян.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.