Абудзіць асобу

Пра тое, чым жыве прафтэхліцэй, пра некаторыя аспекты выхавання падлеткаў і маладых людзей гутарым з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце гэтай навучальнай установы Святланай Салавей.
— Святлана Анатольеўна, часта даводзіцца сустракацца з такой, здавалася б, парадаксальнай сітуацыяй: падлетак сярэдніх здольнасцяў, пайшоўшы пасля школы ў ліцэй, як бы ажывае, выпроствае плечы. Ведаю, у вас вельмі падабаецца многім “сераднячкам”. У чым тут справа? Раскрыйце сакрэт.


— А хто вам сказаў, што гэта падлеткі сярэдніх здольнасцяў? Няўменне рашаць трыганаметрычныя функцыі ці няўдзел у школьных алімпіядах — гэта яшчэ не прыгавор падлетку. З тых людзей, якіх мы сёння набралі, якіх вучым, могуць вырасці добрыя механізатары-хлебаробы, электрыкі, слесары, вадзіцелі, швачкі, цырульнікі і г.д.
— Вы робіце стаўку на тое, каб падцягнуць кожнага да ўзроўню сярэдняга?
— Мы імкнемся абудзіць асобу, якая, верым, спіць у кожным падлетку.
— Пазнаёміўся са статыстыкай правапарушэнняў па каледжы і міжволі засумняваўся, ці спіць яна, тая асоба, у кожным падлетку…
— А вы не са статыстыкай — з дзецьмі нашымі пазнаёмцеся і ўбачыце, як гараць у іх вочы…
— Бачыў-бачыў — і дапытлівых дзяўчат-першакурсніц з пяцьдзясят другой групы, якія літаральна абагаўляюць свайго майстра Ірыну Хейлік, за мамку яе трымаюць. І хлопцаў бачыў асцярожных з пяцідзясятай, якія пакуль што “пачціва” прапускаюць наперад трэцякурснікаў, ні за што іх не абгоняць. На ўсякі выпадак. Баяцца?
— Няхай не баяцца. Любыя праявы так званых “нестатутных” стасункаў будуць прысечаны на карані. Жыццё ёсць жыццё. Усялякае здараецца. Бываюць і ў нашым ліцэйскім жыцці непрыемнасці і расчараванні, самі кажаце, бачылі статыстыку. Але калі ў трэцякурсніка ёсць галава на плячах, калі не хоча сапсаваць сабе жыццё, кар’еру і г.д., ён не закране навічка, а, наадварот, яшчэ і сам прапусціць яго наперад.
— У вас падлеткам падабаецца. Ім тут цікава. Чым вы іх завабілі?
— Найперш тым, што на іх тут ніхто не глядзіць ваўком ці зверху ўніз. Іх чакае шмат цікавых спраў, у якія ўжо і акунуліся першакурснікі. Паўдзельнічалі ў канцэрце мастацкай самадзейнасці да Дня настаўніка. Тыя ж дзяўчаты з пяцьдзясят другой групы, пра якіх вы ўзгадвалі, цудоўна спявалі, чыталі вершы, ставілі інсцэніроўкі. Мы не толькі тут спяваем ды танцуем. Мы ўдзельнічаем у рэспубліканскім конкурсе мастацкай самадзейнасці “Арт-вакацыі”. Падключаемся да акцыі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Разнастайная праграма — падлеткі не засумуюць. Іх чакае тэматычная дыскатэка “STOP-тытунь”, розныя спартыўныя мерапрыемствы ў межах акцыі “Беларусь супраць тытуню”. У нас добрая традыцыя супрацоўніцтва з раённай бібліятэкай, дзе працуе “бібліяграфічны ліцэй” і праходзіць прававы ўсенавуч “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
— Усё роўна ў новым калектыве чалавеку патрэбен час для адаптацыі…
— Разумеем. І таму для першакурснікаў праводзім адаптацыйны курс. Пачынаем з дыскатэкі “Давайце пазнаёмімся”. Далей — конкурсная праграма “Таленты”. У інтэрнаце пачалася ўжо акцыя “Інтэрнат — наш дом”. Аб’явілі конкурс на лепшы пакой у розных намінацыях: чысціня і парадак, спартыўныя дасягненні, літаратурныя і мастацкія таленты і г.д. Праводзім работу з вучнёўскім актывам. Вучым падлеткаў лідарскім якасцям. Падабаецца навучэнцам і ў клубе “Патрыёт”, асноўныя накірункі якога — валанцёрскі рух, работа з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, догляд памятнікаў, пошукавая дзейнасць. Збіраем, напрыклад, матэрыялы пра нашых выпускнікоў, цікавімся іх лёсамі, поспехамі, дасягненнямі. Фарміруем банк даных пра выпускнікоў. Штогод праводзім злёты выпускнікоў нашага раёна.
— Усё так, але ж асноўная ваша задача — прафесійная адукацыя. Нездарма ж ліцэй прафесійна-тэхнічны. Што робіцца ў гэтым накірунку?
— Так, нашы выпускнікі, як бы актыўна не ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці, павінны найперш выйсці са сцен ліцэя прафесійнымі слесарамі па рамонце сельгасмашын і абсталявання, трактарыстамі-машыністамі сельгасвытворчасці, вадзіцелямі, электраманцёрамі, а таксама жывёлаводамі, швачкамі, цырульнікамі і г.д. Таму найпершая ўвага надаецца прафесійным навыкам. Удзельнічаем у конкурсах прафесійнага майстэрства. Штогод праводзім кірмашы вакансій. Такім чынам, клапоцімся аб працаўладкаванні нашых выпускнікоў. Ёсць магчымасць таксама займацца спортам, музыкай, вакалам.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.