Айчынныя прэпараты не горшыя

Восень. Усё гусцейшыя чароды нудных дажджоў. Усё цямнейшыя вечары. Часцей дакучаюць кашаль ды насмарк. Часам навальваецца самота. Як заставацца здаровым і аптымістычным у часіны міжсезоння? Парады дае галоўны правізар аптэкі №14 Ларыса Занько.
— Ларыса Уладзіміраўна, вось кажуць: ногі трэба трымаць у цяпле, а галаву ў холадзе. Як вы ставіцеся да такой парады?
— Адмоўна. У галаве — безліч сасудаў. Пад уздзеяннем холаду яны звужаюцца, адпаведна, падвышаецца ціск.

Што гэта азначае, напрыклад, для пажылога чалавека, для гіпертоніка? Ды і маладым з галавою трэба жыць у згодзе, берагчы яе, не пераахалоджваць, пагнаўшыся за сумнеўнай модай. Асабліва трэба берагчы вушы, яны вельмі баяцца холаду. Ногі, зразумела, павінны быць сухімі і ў цяпле.
— А як быць, напрыклад, з методыкай Парфірыя Івановаа?
— Прашу не блытаць застуджванне і загартоўку. Загартоўка — працэс паступовы. Там свае правілы і законы. Бывалі выпадкі, калі людзі і не па сваёй волі мусілі падвяргацца выпрабаванням холадам. Так, некаторыя з іх выжывалі і не хварэлі, але іншыя, наадварот, гінулі. Холад — гэта стрэс, а ён на арганізм уплывае па-рознаму.
— Калі ўсё ж падхапілі прастуду ці, крый божа, грып. Што рабіць?
— Лячыцца. У сувязі з падвышэннем захворванняў у аптэцы назапашана дастаткова сродкаў, эфектыўных пры вострых рэспіраторных інфекцыях. Хачу зазначыць, што не заўсёды дарагія імпартныя лекі эфектыўней за таннейшыя айчынныя. Апошнім часам паявіліся эфектыўныя прэпараты айчыннай вытворчасці, што не саступаюць імпартным аналагам. Напрыклад, грыпамікс. У адрозненне ад усіх замежных аналагаў, ён прымяняецца для лячэння дыябетыкаў, бо ўтрымлівае фруктозу. АгрыМакс не абцяжарвае страўнікава-кішэчны тракт, ён у капсулах, у яго склад уваходзіць рэмантадзін. Негрынпін, фармавекс — гэтыя прэпараты дапамогуць на першых стадыях захворвання.
— Папярэдзіць хваробу, як вядома, лягчэй, чым яе лячыць.
— Так. І хвароба выбірае ў першую чаргу людзей з аслабленым імунітэтам.
— Імунітэт умацоўваць трэба было летам, калі, як у той байцы, “пад кожным пад кустом быў гатоў і стол, і дом”. Колькі вітамінаў — ягады, агародніна, лекавыя травы! Ці можна імунітэт “набыць” у аптэцы?
— Чаму ж не? Раслінныя прэпараты, зноў жа, айчыннай вытворчасці, што падвышаюць імунітэт, даступныя кожнаму. Карыстаюцца попытам эхінгін, фітансол, трымунал. Усе яны выраблены на аснове эхінацэі пурпурнай, вядомай сваімі гаючымі ўласцівасцямі. Эхінгін — гэта эхінацэя плюс жэньшэнь. Беларусь — адна з шасці краін Еўропы, у якой наладжана вытворчасць уласных амінакіслот.
— Што такое амінакіслоты?
— Гэта структурныя часткі бялкоў натуральных, так неабходных арганізму заўсёды, не кажучы пра час міжсезоння. Яны аказваюць імунамадэлюючае, агульнаўмацоўваючае дзеянне. Лейцын, таламін, прыптафан здольныя падняць настрой, зняць стомленасць. Здаровы ж дух дапаможа ўтрымліваць здаровым і цела. У айчыннай фармацэўтычнай вытворчасці на гэты выпадак ёсць шэраг лекаў расліннага паходжання, напрыклад, цалкам даступныя коштам настойкі зверабою, жэньшэню. Гіпертонікам, сардэчнікам у гэты скрушны асенні час будзе вельмі дарэчы папрымаць трэпардзін, распрацаваны Віцебскім медуніверсітэтам і РУП “Белмедпрэпараты”. У склад яго ўваходзяць настойка глогу (боярышник), сардэчніку (пустырник), валяр’яну. Супакоіць, дапаможа сэрцу. Існуе шэраг лекаў ад кашлю і прастуды ў гранулах, таблетках, у выглядзе сіропаў — з алтэяй, трыпутнікам, дзівасілам і г.д.
— Вось вы кажаце, айчынныя медпрэпараты цалкам даступныя кожнаму. Але ці так гэта? Тым болей, апошнім часам паявілася інфармацыя, што яны павінны падаражэць.
— Так, быў такі сюжэт на АНТ, але нам пакуль ніякіх указанняў не паступала. Ведаеце, часам думаеш, можа, гэта і слушная прапанова. Справа ў тым, што кошт айчынных прэпаратаў і іх імпартных аналагаў часам розніцца ў дзясяткі разоў. Скажам, дыклафенак айчынны каштуе тысяч шэсць, імпартны — за сто. І людзі пачынаюць сумнявацца, ці варта купляць такі танны. Дарэчы, існуе цэлы пералік лекаў айчыннай вытворчасці, усяго 163 найменні, на якія прадугледжаны зніжкі на дзесяць працэнтаў для пенсіянераў, інвалідаў пенсійнага ўзросту, шматдзетных сем’яў.
— Дзе можна пазнаёміцца з такім пералікам?
— У аптэцы. У нас жа аформлены і стэнды-вітрыны, дзе размешчаны найбольш папулярныя і жыццёва неабходныя айчынныя прэпараты, супрацьвірусныя, тыя, што падвышаюць імунітэт, вітаміны і г.д. Зараз распрацаваны так званыя вітаміны-антыаксіданты А+С+Е з неабходнымі для арганізма дабаўкамі — ёдам, цынкам, жалезам і г.д. Новая серыя вітамінаў “Вітус”. Напрыклад, вітаміны для жанчын “гравітус”, якія ўмацоўваюць і амалоджваюць жаночы арганізм. Вітаміны з элькарніцінам, неабходныя для работы сардэчнай мышцы, садзейнічаюць зніжэнню масы цела.
— А што прадугледжвае ў гэты час народная медыцына? Ці можна абысціся без аптэкі?
— Як заўсёды, правільнае збалансаванае харчаванне. Якога ніхто не адмяняў, чай з лімонам, розныя напоі з мёдам. Вельмі карысна заварваць маладыя галінкі чорных парэчак і шыпшыны. Карысна папіць і чай з маліны — сушаныя ягады, лісце і галінкі. Зрэшты, усе гэтыя травяныя зборы таксама ёсць і ў аптэцы.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.