Акцыя “Беларусь супраць курэння”

Шкодная “мода”

У Бароўскай СШ сцвярджаюць, што мода на курэнне ў мінулым часе. Хлопцы-старшакласнікі тут амаль не кураць, але, на жаль, больш гэтым “грашаць” дзяўчаты і дзеці ў пераходным узросце — маўляў, паспрабуй хоць раз.

Школа актыўна змагаецца з гэтай згубнай звычкай. Ва ўсіх класах прайшлі адзіныя інфармацыйныя гадзіны на тэмы “Не — тытуню!”, “Прадоўжы сваё жыццё”, “Курэнне — прычына ракавых захворванняў” і г.д. Здароваму ладу жыцця быў прысвечаны конкурс школьных агітбрыгад.

Для гутарак аб шко­дзе курэння запрасілі вядомых спартсменаў футбаліста Генадзя Тухто, мнагаборца Сяргея Новікава. Школа аб’яўлена зонай, свабоднай ад курэння.

Прафілактыка

Насычанымі мерапрыемствамі стануць апошнія тыдні навучальнага года ў СШ №3. Усе яны пройдуць у межах акцыі “Беларусь супраць курэння”. Барацьба з цыгарэтаю прадоўжыцца на тэматычных класных гадзінах. Старшакласнікі па­глядзяць дакументальны фільм “Прафілактыка тытунекурэння, алкагалізма і наркаманіі”. Вучні малодшых класаў пазнаёмяцца з гэтай тэматыкай у выглядзе мульцікаў. Інфармацыйныя гадзіны запланаваныя з канферэнцый, “круглых сталоў” і г.д. Па традыцыі штогод школа запрашае для прафілактычнай гутаркі з дзецьмі ўрача Зою Курсо. Прапагандзе здаровага ладу жыцця прысвечаныя і трэнінгі ў псіхолага, і размовы з бацькамі, і саветы прафілактыкі, і “Прамая лінія з мамай”. Апафеозам акцыі стане спартыўнае свята “Дзень здароўя”.

Кіно на перапынках

Перапынкі паміж заняткамі ў дзяржпрафліцэі не праходзяць дарэмна. Тут у фае размясцілі мультымедыяўстаноўку, праз якую даводзяць да навучэнцаў неабходную інфармацыю. У гэтыя дні ў ліцэі дэманструюць кароткія пяціхвілінныя відэаролікі, якія засцерагаюць ад шкодных звычак і прапагандуюць здаровы лад жыцця. Як новы перапынак — так новы ролік.

Пад эгідай БРСМ ліцэй праводзіць акцыю “Мяняем цыгарэту на цукерку”. А напрыканцы месяца плануюць запрасіць шэраг школ раёна на спартыўнае свята “Актыўны рух супраць курэння”. Падлеткі паўдзельнічаюць у спаборніцтвах па розных відах спорту. Антынікацінавай тэматыцы прысвечаны таксама класныя гадзіны і дыскатэка.

Намалюем і пазбавімся…

Чарговыя выставы-конкурсы ў Заслонаўскай СШ прысвяцілі здароваму ладу жыцця. Дзеці малявалі карцінкі і плакаты аб шкодных звычках, каб ад іх пазбавіцца. У конкурсах узялі ўдзел вучні 5 — 11 класаў. Тэме алкагалізму, табакакурэння і г.д. быў прысвечаны конкурс школьных агітбрыгад, які праходзіў па паралелях. Акцыю “Беларусь супраць курэння” ў Заслонаве сустрэлі лёгкаатлетычнай эстафетай, удзельнікамі якой сталі вучні сярэдняга і старэйшага школьнага звяна.  На тэму здаровага ладу жыцця прайшлі тэматычныя класныя гадзіны і прагляд дакументальнага фільма.

Наш кар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.