Алея ў дэндрапарку

Незвычайнае папаўненне атрымаў у гэтым годзе дэндрапарк. Там у рамках штогадовай акцыі “Тыдзень лесу-2012” работнікі лясгаса вырашылі закласці алею з 65 туй і прысвоіць ёй імя 130-годдзя з дня нара­джэння Якуба Коласа і Янкі Купалы.

 Туі заходнія для алеі не з неба зваліліся. Іх рыхтавалі цэлых шэсць гадоў. Вырашчаныя з насення парасткі перавезлі з гадавальніка Кашчынскага ў гадавальнік Слабадскога лясніцтва. Праз пяць гадоў са­джанцы выкапалі і даставілі ў дэндрапарк.

 Сімвалічна прагучалі радкі верша Якуба Коласа: “Глуха шэпча лес зялёны і шуміць ён, і шуміць…”, які прачытала бібліятэкар Цэнтральнай раённай бібліятэкі Вольга Доўнер.

 Намеснік дырэктара лясгаса Аляксандр Касьянчык зазначыў, што сёлетні “Тыдзень лесу” пачынаецца адметна — закладкай алеі. Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін выказаў падзяку работнікам лесу за тое, што надалі алеі імя 130-годдзя з дня нараджэння беларускіх класікаў у Год кнігі. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі пералічыў гарадскія ваколіцы, якія дзясятак-другі гадоў таму назад былі захламленымі пусткамі, а цяпер ператварыліся ў маляўнічыя зялёныя зоны. Гэта ваколіцы леспрамгаса, электрамеханічнага завода, вёсак Куляшы, Забаенне, урочышча Аэрадром, азёраў Глыбочыца, Бораўна, Святое. Такім аазісам праз некалькі гадоў стане і дэндрапарк.

 Пасля ўрачыстай часткі ніхто не застаўся абыякавым. У работнікаў лесу рыдлёўкі па­прасілі ўсе, хто прысутнічаў на акцыі. Кожны хацеў унесці персанальны ўклад у карыснае мерапрыемства. З разуменнем важнасці сітуацыі леснікі ўсім далі магчымасць пасадзіць сваю тую.

 — Крадуць рэдкія дрэўцы, — уздыхнуў майстар лесу Заазерскага лясніцтва Сяргей Маркавец і паказаў ямкі на месцы высаджаных раней туй.

 Як толькі не баяцца злодзеі? У выпадку “залёту” ім ніяк не ўціснуць у адну зарплату штраф і пакрыццё нанесенай прыро­дзе шкоды.

*   *   *

 Дэндрапарк быў закладзены 10 гадоў таму назад. Расце ў ім больш за 1200 дрэў. Усяго іх 39 відаў.

 У гэтым годзе ў дэндрапарк будуць пасаджаны 300 новых саджанцаў рэдкіх беларускіх відаў. На жаль, папоўніць калекцыю прадстаўнікамі экзатычных насаджэнняў з іншых краін не ўяўляецца магчымым.

Ц. ЭСЕНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.