Аптэчная сетка

Надыход халадоў вядзе да росту прастудных захворванняў, а для іх лячэння патрэбны лекі.

— У горадзе Лепелі, акрамя цэнтральнай раённай аптэкі, якая знаходзіцца на вуліцы Данукалава, можна яшчэ купіць неабходныя лекі ў аптэцы №181, што месціцца ў цэнтральнай раённай бальніцы, №187 — магазіне “Універсам”, №188 — магазіне “Кулінарыя”, №189 — аўтавакзале, №150 — амбулаторыі ўрача агульнай практыкі на электрамеханічным заводзе, — паведаміла загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Вольга Лёгкая.

— У раёне аптэкі маюцца ў Бароўцы, Камені, Валосавічах, Домжарыцах, Заслонаве і ў ваенным санаторыі.

Дарэчы, згодна з сацыяльнымі стандартамі павінна быць адна аптэка на восем тысяч чалавек, а на Лепельшчыне адна аптэка прыпадае на менш чым тры тысячы чалавек.

У кожнай аптэцы ўстаноўлены стацыянарны тэлефонны апарат, што дазваляе своечасова зрабіць заяўку на лекавыя сродкі ў цэнтральную раённую аптэку, даведацца аб наяўнасці іх у іншых аптэках, каб хутка задаволіць попыт на лекі для пэўнага хворага чалавека.

У аптэках працуюць добрасумленныя і дасведчаныя спецыялісты. Многія з іх аддалі дзясяткі гадоў свайго жыцця гэтай нялёгкай справе. Напрыклад, Надзея Сакалоўская рупіцца ў аптэцы вёскі Валосавічы з 1965 года. Мясцовыя жыхары прызвычаіліся купляць лекі толькі ў яе, паколькі калі  тут не бывае ў наяўнасці патрэбнага лякарства, яно аператыўна дастаўляецца з Лепеля. Тым больш, што адзін раз на тыдзень лекі і іншыя тавары на спецыяльна абсталяванай машыне ГАЗ-53 цэнтралізавана развозяцца па аптэках. Дарэчы, Надзея Іракліеўна ў выпадку вострай неабходнасці выкарыстоўвае і магчымасці спадарожнага транспарту, які едзе ў Лепель і вяртаецца ў зваротным накірунку, каб задаволіць нечакана ўзнікшы попыт на пэўны лекавы сродак.

— Ці будзе пашырацца аптэчная сетка?

— У Лепелі ў мікрараёне шматкватэрных жылых дамоў па вуліцы Чуйкова, пабудаваных непадалёк ад гімназіі, плануецца ўзвесці сучасны “Уні­версам”, у якім будзе абуладкавана месца і для аптэкі.

Вядзецца работа па павелічэнні плошчаў ужо існуючых аптэк. Напрыклад, у магазіне “Кулінарыя” кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства выдзеліла дадатковыя плошчы для рэканструкцыі размешчанай у гандлёвай кропцы аптэкі, што дазволіць павялічыць асартымент і выкладку лекаў, іншых тавараў медыцынскага і бытавога прызначэння.

— Ці выкарыстоўваецца для рэалізацыі лекаў насельніцтву сетка іншых медыцынскіх устаноў?

— Лекавыя сродкі таксама прадаюцца ў Заслонаўскай, Пышнянскай і Слабадской урачэбных амбулаторыях, фельчарска-акушэрскіх пунктах аграгарадкоў Вялікі Поўсвіж, Стаі, Баброва, Горкі, Старое Лядна, Чарэйшчына і вёсках Стары Лепель, Барсукі, Забароўе, Чэрцы, Матырына, Грыгаравічы і Суша.

— Якія вынікі гандлёва-фінансавай дзейнасці?

— За 10 месяцаў рэалізавана медыкаментаў, вырабаў медтэхнікі і тавараў рознічнага асартыменту на 6,2 млрд. рублёў, у тым ліку праз іншыя медыцынскія ўстановы — на 170 млн. рублёў.

— Што трэба зрабіць для павелічэння продажу медыкаментаў праз ФАПы?

— Віцебскае абласное гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Фармацыя”, якому падпарадкоўваемся, павінна выдзеліць дадатковыя фонды на паліва, гаруча-змазачныя матэрыялы, каб можна было завозіць лекі на ФАПы раёна. Пакуль яны дастаўляюцца спадарожным транспартам або іх атрымліваюць асабіста ў  аптэцы медыцынскія работнікі.

— Адкуль атрымліваеце лякарствы і іншыя тавары медыцынскага, бытавога прызначэння, якімі гандлюеце?

— З цэнтральнага склада ў Віцебску, які належыць абласному ГВУП “Фармацыя”. Набываць іх у іншых месцах катэгарычна забаронена.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.