“А дарога шэраю стужкаю ўецца…”

Па выніках штогадовага спаборніцтва сярод арганізацый у галіне будаўніцтва раёна пераможцам прызнаны філіял дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення №202 камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд”. Улічваўся шэраг паказчыкаў: колькасць уведзеных аб’ектаў, агульны аб’ём будаўніча-мантажных работ, аказанне платных паслуг, аб’ём інвестыцый у вытворчыя фонды, чысты прыбытак, узровень рэнтабельнасці і іншыя.


— Шчыра прызнацца, не чакаў, што 2012 год завершым так удала, — прызнаўся на справаздачным сходзе прадпрыемства начальнік ДРБУ-202 Уладзімір Гірынскі. — Шкада толькі, што год ад году скарачаюцца выдаткі на ўтрыманне аўтадарог мясцовага значэння. Летась, напрыклад, мы давялі да ладу толькі 1,5 км такіх дарог, гэта праезд ад трасы Мінск — Віцебск да вёскі Бяседы. Недахоп працы і грошай кампенсуем іншымі заказамі. Добра папрацавалі ў запаведніку, дзе зрабілі 8-кіламетровы адрэзак дарогі паміж вёскамі Валова Гара і Прудок, у Полацкім раёне, дзе зрабілі 6,8-кіламетровы пад’езд да базы адпачынку “Поліміра”. У Полацку наводзілі парадак у час падрыхтоўкі да 1150-годдзя горада, працавалі ў дзве змены.
Сярод лепшых называлася прозвішча Сяргея Шляжко, які чвэрць стагоддзя працуе на родным прадпрыемстве, прыйшоў сюды пасля арміі. Пачынаў простым рабочым, зараз прараб — кіраўнік работ на аб’екце. Сяргею Іванавічу не раз прапаноўвалі паступаць у ВНУ, атрымліваць вышэйшую адукацыю, заняцца кар’ерным ростам, аднак усе падобныя прапановы ён адмаўляў: хто, калі не я, будзе працаваць, даручаную справу выконваць.
Ветэран працы з не меншым стажам — вадзіцель пагрузчыка Анатоль Паўлавіч Папко. Мужчына таксама прыйшоў працаваць пасля арміі, а зараз яму — амаль 60. Сёння Анатоль Паўлавіч кіруе магутным “Амкадорам”, працуе так, што люба-дорага паглядзець, пляцоўку каўшом можа разраўняць так, што іншы работнік і на грэйдзеры такой роўнасці не даб’ецца. Яго часта называюць “правай рукой прараба на аб’екце”, бо можа працаваць самастойна, кантроль за ім залішні. Дастаткова толькі раніцай паставіць задачу на дзень, а ўвечары — прыняць зробленае.
Шмат гадоў выдатна працуюць вадзіцель пагрузчыка Сяргей Собчанка, машыніст аўтагрэйдара Сяргей Ладзік. Іх вызначаюць найперш самаадказнасць і беражлівыя адносіны да даручанай тэхнікі.
Падобныя словы можна сказаць у адрас многіх працаўнікоў ДРБУ-202, якіх на сёння налічваецца 111 чалавек. На абслугоўванні знаходзяцца больш 600 кіламетраў дарог рознага прызначэння, летась дадаліся яшчэ 28. Пра якасць працы сведчаць два факты: па-першае, ужо некалькі гадоў прадпрыемства працуе без вытворчага траўматызму — бяспецы працы, наданню належных умоваў удзяляецца самая пільная ўвага; па-другое, не зафіксавана ДТЗ па віне дарожнікаў.
Адзін з аспектаў бяспекі працы — дысцыпліна на працоўных месцах. Не сакрэт, што да паловы, а то і больш траўмаў прычыняюцца работнікам па іх жа віне — у стане алкагольнага ап’янення. У ДРБУ-202 наладжаны рэгулярны кантроль за вадзіцелямі аўтамабіляў, трактарыстамі, машыністамі спецмашын на прадмет ап’янення. Ды і работнікі іншых прафесій таксама. З аматарамі выпіць на працы развітваюцца без спагады і жальбы. Так, ужо сёлета за знаходжанне на працоўным месцы “пад мухай” звольнены двое.
Кіраўніцтва прадпрыемства пастаянна клапоціцца пра кваліфікацыйны рост работнікаў. Так, толькі за мінулы год сямёра работнікаў прайшлі навучанне, яшчэ дзесяць — павысілі кваліфікацыю. Другі магутны стымул да працы ў ДРБУ-202 — заработная аплата. Сярэдняя налічаная аплата за 2012 год склала 3586 тысяч рублёў.
Калектыў ДРБУ-202 дружны, спаяны дзесяцігоддзямі сумеснай працы, мае багаты вопыт. Аднак Уладзімір Гірынскі адзначыў яшчэ адну важную праблему — недахоп моладзі, часта ветэранам няма каму перадаць свае прафесійныя і жыццёвыя веды. На прадпрыемстве працуюць 12 работнікаў пенсійнага ўзросту, а сярэдні ўзрост працаўнікоў — 46 гадоў.
На 2013 год планы ў прадпрыемства больш амбіцыйныя, для іх рэалізацыі трэба будзе амаль удвоіць аб’ёмы выкананых работ. Задача, прама скажам, няпростая. Уладзімір Гірынскі на сходзе калектыва сказаў:
— Крыху больш за палову аб’ёмаў на 2013 год мы маем, па многіх заключаны дагаворы. Тут і дарогі, і пад’езды, вуліцы, добраўпарадкаванне тэрыторый вакол ферм. Пры гэтым мы не спім у шапку, стараемся, шукаем выгадныя кантракты. Бо, каб прыцягнуць людзей, важнейшы паказчык — заробак, а каб больш зарабіць, трэба больш працаваць.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Сяргей Шляжко і Анатоль Папко абмяркоўваюць працоўнае заданне на дзень.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.