Бабуліны рукавіцы

Летась Еўдакія Гумоўская з Баброва адзначыла сваё 80-го­ддзе. Аднак не рэдкі юбілей і паважаны ўзрост прыцягнулі ўвагу да бабулі, а тое, што яна ў такім узросце яшчэ працуе, прыносіць карысць грамадству. У дадатак сфера яе прафе­сійнай дзейнасці некалькі незвычайная.

Вось ужо гадоў з шэсць запар Еўдакія Аляксандраўна шые рукавіцы-спяцоўкі для сельгаспрадпрыемства “Баброва”. Па 500 — 600 пар за год. Выгадна абодвум бакам. Бабуля гэтым уцякае ад старэчай нямогласці

ды прыбытак мае, а акцыянернае таварыства забяспечвае работнікаў рукавіцамі, не патраціўшы на тое грошы, бо разлічваецца са швачкай збожжам з — за 500 пар рукавіц яна атрымлівае 3,5 тоны зерня.

 — На што выкарыстоўваеце зерне?

 — Сыну аддаю, які свіней трымае. А ён мяне свінінай забяспечвае. Мне ж без розніцы: ці за грошы купляць, ці за корм браць.

 — Некалькі слоў скажыце пра сваю вытворчасць…

 — Шыю дома: сваю швейную машынку маю. Тканіну, ніткі, іголкі купляю на базары.

 — Вы ўсе свае 80 гадоў бязвыезна пражылі ў Баброве. Распавядзіце гісторыю сваёй сям’і і гаспадаркі…

 — Добра. Але з Баброва я ўсё ж выязджала. Скажам, на выстаўку ВДНГ у Маскву…

*   *   *

 Як пачала ўсведамляць жыццё Дуся Гатоўка (Гумоўская), у Баброве ўжо быў калгас “Чырвоны кастрычнік”. Бацька Аляксандр працаваў кладаўшчыком, брыгадзірам, Маці Матруна паляводнічала. Каб галадалі, не памятае. Ды аб якім голадзе можна казаць, калі на падворку ўтрымлівалі карову, авечак, свіней, курэй.

 Не галадалі і ў вайну, бо кожны апрацоўваў зямлі пад патрэбнасць. Немцы цывільнае насельніцтва не чапалі, хоць у былым калгасным свінарніку дзейні­чаў “варштат” – прадпрыемства па рамонце тэхнікі. На ім працавалі выключна палонныя.

 Пры адступленні немцаў пачаўся артабстрэл Баброва. Гатоўкі схаваліся ў полі. І добра зрабілі, бо ў хату трапіў снарад. Не разнёс па бервяну, а толькі раскурочыў. А вось карове нагу адарваў. Яе забралі на кухню чырвонаармейцы.

 Залапілі дзіркі ў сценах і сталі жыць. Аднекуль карова з’явілася — можа, вайскоўцы ўзамен з’едзенай далі.

 Маці не дачакалася Перамогі. Захварэла. Адвезлі ў Лепель, дзе ўжо дзейнічала баль­ніца. Там і памерла. Адразу пасля вызвалення аднавіўся калгас з той жа назвай. Дуся скончыла чацвёрты клас, а ў пяты не пайшла: ёй сям’ю карміць трэба было. На дзень жнеям адводзілі норму — 10 сотак збажыны, а малалеткам — пяць. Спраўлялася. За працу гірсу давалі — адходы ўраджаю. Малолі і хлеб пяклі. Быў ён смачнейшы за цяперашні магазінны. Мо таму, што смак хлеба з гірсы забыўся, а заводскі прыеўся. Расіяне ж яго падабаюць. Прыехалі неяк у Баброва ў госці, па колу пусцілі паўбохана ра­сійскага, каб частаваліся. Далёка яму да нашага. Нездарма з сабой у Расію павезлі 20 лепельскіх боханаў.

 У 16 гадоў Дуся нараўне з мужчынамі скошвала за дзень 60 — 70 сотак пожні. У 20 год свіней глядзець узялася у калгасе імя Леніна (перайменавалі “Чырвоны кастрычнік”). Тады старшыня Іван Хрыпач і скіраваў свінарку Дусю на ВДНГ. Шмат цікавага пабачыла: кароў вялікіх ды ўдойных, каня, які 25-тонны воз цягнуў, авечак з 25-сантыметровай воўнай. Запомніла такі выпадак. Уся віцебская дэлегацыя кінулася да цэнтральнага ўваходу выстаўной залы глядзець індыйскага правадыра Джавахарлала Нэру. Дуся ж прытамілася ды села на лаўку. А Джавахарлал з дачкой Індзірай Гандзі выйшлі праз чорны ход прама на яе. Здзівіла адзенне — у прасціны сябе закруцілі. Потым лепельскай свінарцы ўся дэлегацыя зайздросціла.

 У 1955 годзе Дуся Гатоўка выйшла замуж за Анатоля Гумоўскага. Нарадзіла сыноў Віцю і Геню. У 1962 годзе перайшла цялятніцай ужо саўгаса “Баброва”. Да пенсіі жывёлу даглядала.

 20 курэй цяпер з мужам трымаюць. Ён на два гады маладзейшы, але ўжо два дзясяткі гадоў на высокі ціск хварэе.

 З сем’ямі сыноў жывуць дружна.

 — Не разумею тых свякрух, якія з нявесткамі не ладзяць, — кажа Еўдакія Гумоўская. — Я ж стараюся прытрымлівацца запаведзі свекрыві: “Рот закрый, а кашалёк раскрый”.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: Еўдакія Гумоўская.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.