Бароўскія будні

Калі заходзіш у будынак сельсавета, міжволі нараджаецца адчуванне, нібыта трапіў у сціплую кантору 70-ых — 80-ых гадоў:  навокал цішыня, людзі гутараць нягучна, спакойна, рытм жыцця павольны. Бароўка з’яўляецца выключэннем. Як толькі заязджаеш у населены пункт, адразу трапляеш у вірлівае жыццё: справа працуе базар, прадпрымальнікі і вяскоўцы прапаноўваюць самыя разнастайныя тавары штодзённага попыту ад бульбы да мабільных тэлефонаў

і аўтамабільнага масла, а злева разгарнулася вялікая будоўля.

Дзень за днём
Адразу і не скажаш, што тут праводзіцца рэканструкцыя будынка. Асабліва ведаючы яго даўні выгляд і канструкцыю, разумееш, якога маштабу справа робіцца.
Ранейшы будынак у розныя гады выконваў функцыю крамы, кулінарыі, кафэ-марожанага, пяльменнай. З прыемнасцю ўспамінаюцца часіны, калі тут было адзінае месца ва ўсім гарадку, дзе можна было паласавацца марожаным, якое прадавалася на вагу. Аднак часы мяняюцца, і мы мяняемся разам з імі. Марожанае цяпер прадаецца ў любой харчовай гандлёвай кропцы без абмежаванняў, у Бароўцы адчыніўся шэраг крамаў як дзяржаўнай, так і прыватнай уласнасці, таму пяльменная страціла сваё значэнне. А між тым з наданнем населенаму пункту статуса вёскі і стварэннем сельвыканкама паўстала праблема памяшкання. Сельвыканкам больш за дзесяць гадоў месціўся ў прыстасаванай былой трохпакаёвай кватэры. Нават памяшканне для ўрачыстых абрадаў даводзілася арандаваць у мясцовым цэнтры культуры і вольнага часу. Таму было прынята рашэнне будынак рэканструяваць і аддаць пад сельсавет.
Падрад на будаўнічыя работы быў аддадзены прыватнаму будаўнічаму прадпрыемству “Уладзіён-буд”. Яны за некалькі гадоў зрабілі на Лепельшчыне шмат аб’ектаў, прыкладалі свае працоўныя рукі да рэканструкцыі Лепельскага ваеннага санаторыя. Кіраўнік прадпрыемства Уладзімір Карымаў даўно звярнуў увагу на Лепельшчыну як аб’ект для ўзаемавыгаднага бізнэсу.
Паводле праекта, новы сельсавет атрымаў новы фасад, у якім ужо немагчыма пазнаць былую нязграбную пабудову. Белыя канструкцыі ўздымаюцца ўверх, увасабляючы новае архітэктурнае вырашэнне.
Добраўпарадкавала прылеглую тэрыторыю прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Яго працаўнікі маюць багаты досвед у падобнай практыцы і высокую кваліфікацыю. Пад кіраўніцтвам прараба Сяргея Унуковіча меліяратары выраўнавалі ландшафт “Амкадорам”, уклалі бардзюры, тратуарную плітку, заклалі газоны. І зараз прыемна пабываць у адноўленым будынку мясцовай улады, радуе вока дагледжаная як след прылеглая тэрыторыя.
Навядзенне парадку, акультурванне тэрыторыі можа служыць і прыкладам супрацоўніцтва: свой унёсак у добрую справу зрабіў і ўладальнік кафэ “Надзея” Уладзімір Шашкін. Расказвае старшыня сельвыканкама Вольга Пятрова:
— Паблізу ад новага будынка сельвыканкама знаходзяцца пабудовы Уладзіміра Міхайлавіча: кафэ і гараж. Натуральна, што абедзьве пабудовы, асабліва гараж, трэба было паднавіць, каб усё арганічна глядзелася адзіным збалансаваным ансамблем, пафарбаваць сцены гаража, дах на кафэ, зрабіць падсыпку пляцоўкі. Сучасны бізнэс патрабуе рэгулярнага ўкладання сродкаў, наведвальнікам нашмат прыемней прыйсці ў прыгожае кафэ, якое да таго ж мае зручны пад’езд.
Бароўскі сельсавет мае сваю, уласцівую толькі яму, спецыфіку. Па колькасці насельніцтва ён, напэўна, у раёне самы шматлікі: 3100 чалавек пражываюць у самой Бароўцы, акрамя гэтага па некалькі соцень адпачывальнікаў пастаянна прымаюць “Жамчужына” і Лепельскі ваенны санаторый. На тэрыторыі сельсавета няма індывідуальнай забудовы, толькі шматкватэрныя дамы. Гэта, несумненна, накладвае свой адбітак: трэба больш цесна супрацоўнічаць з мясцовымі камунальнымі службамі, якія прадстаўлены камунальным прадпрыемствам “Бароўка”.
Інтарэсы насельніцтва прадстаўляюць 11 дэпутатаў. За апошні год з узвядзеннем двух шматкватэрных пяціпавярховікаў колькасць жыхароў Бароўкі трохі павялічылася, таму на наступных выбарах у сельсавет будуць выбраны 12 дэпутатаў.
Шматнацыянальны склад жыхароў Бароўкі ніяк не замінае камфортнаму жыццю і самастойнаму культурнаму развіццю. Паводле апошніх даных, у былым ваенным гарадку акрамя беларусаў, рускіх і украінцаў пражываюць немцы, яўрэі, казахі, карэйцы — усяго 18 нацыянальнасцяў. А самадзейны песенны ансамбль “Калінава сапілка”, які прадстаўляе багатую ўкраінскую культуру, ведаюць далёка за межамі вобласці.
— Яшчэ адной адметнасцю жыхароў Бароўкі з’яўляецца іх актыўная жыццёвая пазіцыя і арганізаванасць, — заўважае Вольга Пятрова. — Большасць іх звязана з арміяй: дзеючыя вайскоўцы, ваенныя пенсіянеры. Падобныя якасці закладзены на генным узроўні і выхаваны армейскай службай. Да таго ж, у Бароўцы пражывае шмат ветэранаў вайны ў Афганістане, удзельнікаў іншых лакальных канфліктаў, а гэта асаблівая каста, я б сказала. У Бароўцы дзейнічаюць восем дамавых камітэтаў. З іх два самыя актыўныя, на Артбазе і на Выселках, узначальваюць Сяргей Расказаў і Алег Дымнікаў — ветэраны-афганцы.
Дамавыя камітэты
Дамавы камітэт — дамкам — па сваім вызначэнні не дзяржаўная, а грамадская арганізацыя, адна з форм аб’яднання людзей, якія жывуць на пэўных тэрыторыях для абароны сваіх законных інтарэсаў.
Арганізаваць людзей для выканання грамадска-карыснай працы? Няма праблем! Адзін з апошніх прыкладаў — удзел жыхароў і Артбазы, і Выселак у сёлетніх суботніках.
— За гады жыцця ў Бароўцы я асабіста высадзіў на прыдамавых тэрыторыях больш за 200 дрэваў і дэкаратыўных ды пладова-ягадных кустоў, — расказвае Алег Дымнікаў, — а многія жыхары Выселак — яшчэ больш.
Дамкамы існуюць у Бароўцы з 1996 года. Акрамя надання і падтрымання прыгожага выгляду прыдамавым тэрыторыям, яны выконваюць яшчэ адну важную функцыю — выхаваўчую. У 90-ых — пачатку 2000-ых гадоў хуліганства, вандалізм былі распаўсюджанай з’явай. Варта было толькі высадзіць кветкі, як літаральна назаўтра ад іх заставалася хіба што затаптаная зямля. Зараз жа бараўчане беражліва адносяцца да таго, што зрабілі ўласнымі рукамі, што стварылі для іх камунальнікі.
— Літаральна за 150 метраў ад нашых дамоў знаходзіцца бераг возера Шчыбат з пляжам. Некалькі гадоў таму мы звярнулі сваю ўвагу на яго, сталі прыбіраць, наводзіць парадак, паставілі сметніцы. Паступова нашы жыхары прызвычаіліся на пляж хадзіць з поліэтыленавымі пакетамі, куды складалі ўсялякае знойдзенае там смецце. Пакеты пасля высыпалі ў сметніцу або кантэйнер. У ранейшыя гады нам шмат праблем дастаўлялі госці, якія часта сюды прыязджалі і па-спажывецкі адносіліся да прыроды: пасля такіх смецце заставалася ледзьве не гарамі. Аднак, прыязджаючы сюды з году ў год, і яны прывучыліся да парадку.
Да ўдзелу ў навядзенні парадку актыўна падключыліся і жыхары двух новых шматкватэрных дамоў, яны ўвесну на прылеглай зямлі высадзілі некалькі дзясяткаў дрэўцаў.
Алена Іванаўна Стэльмах жыве ў Бароўцы, працуе ўрачом у бальніцы. Сёлета яна па сваёй ініцыятыве расчышчала ручай, што працякае каля каплічкі. Падобных прыкладаў актыўнага ўдзелу бараўчанаў у добрай справе, навядзення парадку на зямлі, азелянення, можна прыводзіць дзясяткі.
Аднак бываюць і сітуацыі іншага кшталту. На Артбазе, напрыклад, некалькі дрэваў навіслі над гаражамі, пагражаючы падзеннем. Паўстала праблема, бо працу трэба было зрабіць тэрмінова, а патрэбная тэхніка “Бароўкі” была занятая на іншым аб’екце. Абмеркавалі становішча са старшынёй дамкама Сяргеем Расказавым. Прыйшлі да высновы, што трэба звяртацца да спецыялістаў з раённага аддзела па надзвычайных становішчах. Выратавальнікі ліквідавалі пагрозу літаральна за дзень, па частках спілавалі аварыйныя дрэвы.
Добраахвотная дружына
Ля вытокаў дружыны стаяў таксама Алег Дымнікаў, ён камандзір і сёння. Многія памятаюць разгул злачыннасці, падзенне нораваў, якія адбываліся ў краіне ў 90-ыя гады. Звычайнай справай нават станавілася наркаманія. Заслону таму бязмежжу ў Бароўцы было вырашана паставіць даўно знаёмым спосабам, які актыўна практыкаваўся ў савецкія часіны — добраахвотнай дружынай. Дзейнасць гэтага грамадскага аб’яднання ў Бароўцы налічвае ўжо больш за дзесяць гадоў. Першы нарад дружыны выйшаў на дзяжурства ў лістападзе 1998 года. Спачатку жыхары адносіліся да дружыннікаў з непаразуменнем, нават сарказмам. Аднак час усё расставіў на свае месцы, цяпер яны ў Бароўцы — аўтарытэтная сіла. На чым грунтуецца аўтарытэт? Найперш, на аўтарытэце саміх дружыннікаў, якія зараблялі яго гадамі службы ў войску, удзелам у вайне ў Афганістане. Так-так, большасць дружыннікаў, касцяк калектыву, складаюць былыя афіцэры-афганцы. Натуральна, што ў асяроддзі вайскоўцаў такія людзі карыстаюцца заслужанай павагай, іх слухаюцца нават самыя адчайныя хуліганы.
Калі ў самой Бароўцы крымінагеннае становішча стабілізавалася, то даволі шмат клопатаў прыбаўляе ДРАЦ “Жамчужына”. Туды на часовае пражыванне і лячэнне прыязджаюць падлеткі, якія вырваліся ад бацькоў, адчулі волю. Яны часцей здатныя ўчыніць якое-небудзь хуліганства, распачаць сварку на дыскатэцы. Але дружыннікі і тут напагатове.
— З “Жамчужынай” мы наладзілі сталую прафілактычную дзейнасць, — кажа Вольга Пятрова. — У першы ж дзень кожнага заезду наладжваем сустрэчы дзяцей з участковым міліцыянерам, капітанам Сяргеем Голубевым, дружыннікамі. Тыя распавядаюць пра нормы паводзін у Бароўцы, на базары, пляжы. Некаторыя падлеткі падобныя сустрэчы ўспрымаюць адэкватна, робяць правільныя высновы, аднак ёсць такія экзэмпляры… Бывае, што стаяць каля крамаў і просяць дарослых, каб тыя набылі ім цыгарэты ці спіртное, бо самім не прададуць. Рэдка, але “чуллівыя” знаходзяцца. Але калі ўжо натрапяць на дружынніка… Быў нават выпадак, калі мы аднаго такога парушальніка раней тэрміну адправілі назад.
Дапаўняе Алег Дымнікаў:
— Вядома, афганцы год ад году старэюць, здароўе ўжо не тое. Амаль за 14 гадоў дзейнасці добраахвотнай дружыны праз яе прайшло больш за 50 чалавек. Хтосьці выйшаў з нашых радоў па ўзросце ці стане здароўя, хтосьці пераехаў на новае месца жыхарства. Таму паступова на змену нам прыходзіць моладзь, на патруляванне заступаюць ужо двое маладых дружыннікаў, дзеючыя вайскоўцы. Ёсць сярод нас і дзве жанчыны. Гэта старшыня сельвыканкама Вольга Пятрова і сацыяльны педагог Бароўскай школы Вольга Жагалковіч. Здавалася б, што рабіць у дружыне жанчынам? Маглі б пастаяць збоку, пакуль мужчыны кантралююць грамадскі парадак. Але нашы жанчыны згодна з графікам надзяваюць нарукаўныя павязкі, праходзяць інструктаж і разам з намі, з участковым ходзяць па праблемных мясцінах Бароўкі.
У бароўскай добраахвотнай дружыне народу няшмат — 12 чалавек. Аднак кожны з іх найперш актыўны чалавек, які ўсведамляе важнасць узятых на сябе абавязкаў. Яны не прывыклі сваю справу перакладаць на іншых, таму і лічацца лепшай дружынай у вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.