Без мастоў няма дарогі

Лепельскае ўпраўленне мантажных спецыяльных работ (УМСР) перш за ўсё займаецца ўзвядзеннем, рэканструкцыяй і рамонтам мастоў, абуладкаваннем прылеглай да іх тэрыторыі. Не могуць абысціся без паслуг гэтай дарожнай арганізацыі і тыя, хто вырашыў зрабіць разметку  на дарогах і вуліцах населеных пунктаў. Толькі за студзень — ліпень 2013 года калектыў УМСР выканаў будаўніча-мантажныя работы на восем мільярдаў 228 мільёнаў рублёў, што на адзін млрд 563 млн рублёў больш за адпаведны перыяд летась.

 — Сёлета рабілі разметку на вуліцах Інтэрнацыянальная, Чуйкова, Максіма Горкага, Караленкі і іншых горада Лепеля па заяўках ЛКУВП ЖКГ “Лепель”, — паведаміў начальнік арганізацыі Вячаслаў Валынец. — Працавалі таксама па разметцы ў Віцебску, Оршы, Дуброўне, Шуміліне, Талачыне, Ушачах, Новалукомлі, іншых населеных пунктах нашага Прыдзвінскага краю.

Усяго наша разметачная брыгада на чале з Русланам Качкаровым толькі за першыя сем месяцаў бягучага года выканала разнастайныя дарожныя работы на агульную суму 782 млн, у тым ліку ў гарадах Віцебшчыны — на 340 млн рублёў.

 — Дзе сёлета  праводзілі рэканструкцыю? Рамантавалі масты?

 — У Міёрскім раёне рабілі рэканструкцыю моста праз раку Волта на аўтадарозе Рускае Сяло — Паташня — Далгінава. Удзельнічалі ў рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі Задроўе — Драздова — Ізмайлава Аршанскага раёна, абуладкоўвалі пад’езд да Роска-Сялецкай школы і мясцовага парку, займаліся пускавым комплексам моста. У Дубровенскім раёне выканалі капітальны рамонт моста праз раку Задубровенку, на аб’ездзе горада Дуброўна. У Расонскім раёне закончылі бягучы рамонт моста праз раку Няшчэрда, на шашы Альбрэхтава — Краснаполле.

 — Колькі зараз налічваецца работнікаў? Як арганізавана іх праца?

 — На сённяшні дзень у нас працуюць 64 чалавекі, у тым ліку 12 адносяцца да апарату кіравання. Улічваючы раз’язны характар работы, большасці даводзіцца рэгулярна выязджаць у працяглыя камандзіроўкі. Выплочваем камандзіровачныя расходы ў поўным аб’ёме згодна з дзеючым  заканадаўствам, у тым ліку і за пражыванне ў нармальных бытавых умовах. Аднак усё ж два дні на тыдні у нашых работнікаў бываюць выхадныя, у якія яны адпачываюць дома, знахо­дзяцца разам са сваімі сем’ямі.

 — Хто паказвае прыклад у выкананні службовых абавязкаў?

 — Гэта начальнік планава-вытворчага сектара Ігар Колесень, інжынер па якасці Аляксандр Буйніцкі, прараб Аляксандр Унуковіч, машыніст перасовачнай бетонамяшалкі Вячаслаў Кляўзо, электрагазазваршчык Аляксандр Шабуня, вадзіцель Аляксандр Генералаў і іншыя. Наогул, можна называць амаль усіх работнікаў, паколькі займаемся па-сутнасці аднымі, цесна ўзаемазвязанымі паміж сабой работамі, тэмпы выканання якіх і канчатковая якасць залежаць ад кожнага з членаў нашага працоўнага калектыву.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.