Больш тэхнікі — менш праблем

Як выглядае мадэрнізацыя на прадпрыемствах невытворчай сферы і ці падлягаюць увогуле такія прадпрыемствы мадэрнізацыі? Возьмем для прыкладу філіял “Дарожна-эксплуатацыйнае упраўленне №37”. Яго кіраўнік Ігар Архіпенка, у якога мы пацікавіліся ходам мадэрнізацыі, пацвердзіў, што сапраўды існуе пералік арганізацый з невытворчай сферы, якія не падлягаюць мадэрнізацыі. Да іх адносяцца і дарожна-эксплуатацыйныя прадпрыемствы. Тым не менш, заставацца за бортам важнай дзяржаўнай ініцыятывы тут не збіраюцца.
Найперш мы папрасілі Ігара Барысавіча коратка пазнаёміць чытачоў газеты са структурай і тэхнічнай базай арганізацыі, якую ён узначальвае. Вось што ён расказаў:


— Філіял “ДЭУ-37” абслугоўвае 452 кіламетры дарог рэспубліканскага значэння на тэрыторыі чатырох раёнаў — Лепельскага, Чашніцкага, Ушацкага і Докшыцкага. Прыкладна палова гэтых эксплуатацыйных дарог прыпадае на наш раён. На прадпрыемстве працуюць 128 чалавек. У зімовы эксплуатацыйны перыяд, які працягнецца да мая, задзейнічаны пятнаццаць машын МАЗ з пескасолеразмеркавальнымі ўстаноўкамі, шаснаццаць трактароў МТЗ са снегаачышчальнікамі, чатыры аўтагрэйдары, ротар.
— У чым спецыфіка мадэрнізацыі на дарожна-эксплуатацыйным прадпрыемстве?
— Напэўна, у тым, што мы не з’яўляемся вытворцамі, таму мадэрнізацыя ў нас не можа падвысіць, скажам, колькасць вырабленай прадукцыі, але можа паспрыяць больш якаснай эксплуатацыі дарог, палепшыць умовы працы нашых работнікаў, зэканоміць час і паліва.
— Як праходзіла мадэрнізацыя ў мінулым годзе?
— Як і ў іншых, у нас распрацаваны план мадэрнізацыі, згодна з якім летась было інвеставана 22 мільярды рублёў.
— Грошы немалыя. І на якія мэты яны былі затрачаны?
— На набыццё новай тэхнікі. У мінулым годзе набылі “ГАЗель” для перавозкі людзей на ўчасткі, аўтамабіль МАЗ з пескасолеразмеркавальнікам і ачышчальным абсталяваннем, дзве вібрапляцоўкі для ямачнага рамонту, чатыры травакасілкі, столькі ж паветрадуйных машын для ачысткі дарогі пры ямачным рамонце. Таксама набылі мабільны комплекс для прыгатавання пясчана-солевай сумесі, які мае тры бункеры, транспарцёр і транспарцёр на выгрузку.
— Вось, напрыклад, новы мабільны комплекс. Як ён мадэрнізаваў працэс вытворчасці пясчана-солевай сумесі?
— Раней гэту функцыю выконваў пагрузчык: падаваў часткамі соль і пясок, затым іх перамешваў. Шмат затрачвалася часу на гэта. Зараз жа кампаненты трэба толькі загрузіць у бункер, далей працэс аўтаматызаваны, на выхадзе — гатовая прадукцыя. Значна эканоміцца час. Акрамя гэтага, мы памянялі кацёл для ацяплення вытворчай базы на ўчастку ў Бягомлі, што дазволіла зэканоміць паліва. Набылі абсталяванне для ямачнага рамонту, на якім таксама працэс змешвання шчэбню з эмульсіяй аўтаматызаваны. Дарэчы, абсталяванне не таннае, толькі адно яно пацягнула на 850 мільёнаў рублёў. Правялі мадэрнізацыю трох дзейных пескасолеразмеркавальнікаў.
— Сваімі сіламі рамантуеце?
— Не, здаём на рамонтны завод у Фаніпаль, дзе агрэгаты праходзяць ачыстку ад іржаўчыны, карозіі, кампанентаў сумесі і г.д.
— Якія планы на сёлетні год?
— Сёлета на гэтыя мэты адпушчана 1,6 мільярда рублёў. Плануем набыць яшчэ адну “Газель”, аўтамабіль МАЗ, пагрузчык “Амкадор”, пескасолеразмеркавальнае абсталяванне для МАЗа, генератар бензінавы пераносны, які значна аблегчыць правядзенне зварачных работ на прыпынках, дазволіць у дарожных умовах карыстацца дрылем. Таксама набудзем бензабур, два нарэзчыкі швоў з дыскам, які можа рэзаць асфальт, бензарэз.
— Год беражлівасці. Ці ўдаецца вам эканоміць энергарэсурсы?
— Так. Летась даведзены паказчык “мінус сем працэнтаў” выканалі.
— Як выглядаюць бытавыя ўмовы працы на прадпрыемстве?
— Бытавыя ўмовы стараемся падтрымліваць на належным узроўні. Аўтамабілі і трактары, якія задзейнічаны падчас зімовай эксплуатацыі дарог, абсталяваны тэхналагічнай сувяззю. Летась адрамантавалі бытоўку, туды падведзены ацяпленне і водаправод. На гэта затрацілі дваццаць пяць мільёнаў рублёў. Па вечарах у нас працуе спартзала, дзе ёсць більярдны стол, устаноўлены розныя спартыўныя трэнажоры. Непадалёк ад Лепеля на трасе працуе адмысловая дарожна-вымяральная станцыя, дзе рыхтуюцца даныя аб стане дарог, характары надвор’я і г.д. Іх сістэматызуе дыспетчар, пасля чаго гэта інфармацыя скарыстоўваецца ў працы іншых нашых службаў.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.