Брыгадны генерал

— Што ты ведаеш пра Падкняззе? — спытаўся ў мясцовага краязнаўца Васіля Хацкевіча.
Чалавек ён аўтарытэтны ў сваіх колах, дасведчаны. Яго цікавіла ўсё, што мае дачыненне да гісторыі Лепельшчыны. Дарэчы, у Верабках, адкуль ён родам, вывучыў усе гістарычныя месцы, аж да Верацеі. Можа беспамылкова правесці па балотных сцежках Бярэшчы, сябраваў з мінскімі археолагамі і ведае месцы старажытных паселішчаў, вывучаў прызначэнне і сэнс старых назваў.
— Дык што там з Падкняззем? — паўтарыў пытанне.
— Пакуль толькі здагадкі, — адказаў я, — але з разраду дакументальных!

Разгарнуў перад суразмоўцам геаграфічную карту Лепельшчыны:
— Глядзі, вось Верабкі, а крыху на паўночны захад — Падкняззе, — так называлася калісьці невялікае ўрочышча за ваколіцай вёскі.
— А цяпер глядзі сюды… — пальцам паказаў на вёску Ворань.
— Колькі кіламетраў будзе па прамой ад Верабак?
Васіль прыкінуў адлегласць:
— Думаю, каля дваццаці…
— Так і ёсць. Роўна дваццаць, — падсумаваў я. — Вялікая адлегласць?
— Не зусім.
— Я таксама так думаю. А цяпер зірні сюды, — і я раскрыў перад Хацкевічам выпіску са старажытных актаў Вялікага Княства Літоўскага. — Чытай!
Васіль уголас працытаваў дакумент:
«Таксама быў выкліканы ў суд стараста княства Жмудскага Хадкевіч, які мае маёнтак Ворань у ваяводстве Полацкім…»
Васіль з цікавасцю паглядзеў на мяне: што гэта?
— Гэта судовае разбіральніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім з нагоды ўзаемаадносін лепельскіх землеўладальнікаў, дакумент датаваны 1779 годам.
— Ну і што? — дапытліва перапытаў Васіль.
— А тое, што ў Вялікім Княстве Літоўскім было яшчэ адно княства — Жмудскае!
І я распавёў гісторыю гэтага княства, узятую мною з яўрэйскай энцыклапедыі Бракгаўза і Эфрона за 1908 — 1913 гады.
Жмуддзю ў габрэйска-літоўскай гісторыі называлася вобласць Medinat Samut, якая займала ўсю Ковенскую, заходнюю частку Віцебскай і паўночную частку Віленскай губерняў. Дзякуючы памежнаму становішчу Жмудзі яўрэі займаліся вывазам лесу, жыта і іншай сыравіны ў Германію, узамен атрымлівалі золата, срэбныя рэчы, віно. Нягледзячы на незадаволенасць дробнай шляхты, буйныя землеўладальнікі дазвалялі яўрэям арганізоўвацца ў абшчыны, якія распаўсюджвалі свой уплыў на іншыя тэрыторыі, аж да Полацкага павета. Сярод рабінаў абшчын, блізкіх да Беларусі, сустракаюцца прозвішчы Гінзбург. Самая буйная суполка была ў Кейданах — яна належала Радзівілам, а больш дробныя размяшчаліся ў іншых паселішчах.
— Аж да Лепельшчыны? — перапытаў Васіль.
— Менавіта так, — пагадзіўся я. — З гэтага дакумента (духоўнага трыбунала) відаць, што Ворань належала старасце Жмудскага княства Хадкевічу (Жмудзь называлі таксама староства). У рэшце атрымліваецца, што Падкняззе ўяўляе сабой менавіта мясцовасць, за якой пачыналася княства…
— Можа, і так, — няўпэўнена прамовіў Васіль. — А хто такі Хадкевіч? Прозвішча, вельмі сугучнае майму.
— Калі паглядзець увесь пералік жмудскіх старастаў, то налічым за ўвесь перыяд іх існавання 33 чалавекі. Сярод іх — Радзівілы, Кезгайлы і Кішкі. Род заснавальніка Лепеля Сапегі таксама належыў да Жмудзі. Старэйшы сын Льва Сапегі быў жанаты на дачцэ Яна-Кароля Хадкевіча, а Казімір-Ян Сапега правіў Жмуддзю ў пачатку 80-х гадоў ХYII стагоддзя. Першым жа старастам Жмудскага княства быў Еранім Хадкевіч — з 1545 па 1561 гг. Жмудскі стараста быў роўны ваяводзе, але ў адрозненне ад апошняга (акрамя віцебскіх і полацкіх ваяводаў) ён не прызначаўся каралём, а выбіраўся шляхтай.
У разгледжаны намі перыяд на княжацкі трон узышоў Ян-Мікалай Хадкевіч. Менавіта яго і згадвае ў архіўным дакуменце галоўная матушка ўсіх віленскіх бернардынак Тэрэза Хадзько.
— Цікава, — перабіў мяне Васіль Хацкевіч. — Гэта ўжо бліжэй. Ян-Мікалай быў апошнім з Хадкевічаў?
— Сапраўды, пасля яго быў толькі адзін стараста, бо ў 1795 годзе іх кіраванне скончылася, як і ўсёй Жмудзі. Як вядома, Расія стала пераемніцай усходніх земляў Рэчы Паспалітай.
Хадкевічы змагаліся з царскім самадзяржаўем. Аляксандр Мікалаевіч Хадкевіч, брыгадны генерал, падтрымаў паўстанне Т. Касцюшкі. У 1812 годзе ён сфарміраваў на ўласныя сродкі пяхотны полк і ўліўся ў войска Напалеона. Пасля паражэння французаў царскі ўрад не пераследаваў адступніка. Наадварот, яму далі чын палкоўніка, з якога ён дарос да генерал-маёра, прызначылі начальнікам штаба ўсёй гвардыі Царства Польскага. Па грамадскай лініі Хадкевіч быў сенатарам Царства Польскага, дэпутатам сейма ад Сандамірскага ваяводства. І ўсё ж працягваў адкрыта выказваць свае меркаванні, рэзка выступаў на пасяджэннях сената. У выніку быў пазбаўлены гэтага звання, абвінавачаны ў тайных змовах з антыўрадавымі коламі. Яго арыштавалі і даставілі ў Пецярбург. Праўда, даказаць прыналежнасць да тайнага таварыства не змаглі. Аляксандр Мікалаевіч быў вызвалены пад нагляд паліцыі. Апошнія гады свайго жыцця правёў у Млынове Валынскай губерні, дзе і памёр…
— Яшчэ адна гістарычная асоба, звязаная з Лепельшчынай, — падсумаваў мой аповед Васіль Хацкевіч.
Па вялікім рахунку так, калі браць пад увагу яго карані.
Васіль
АЗАРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.