Бяседы

Ішоў Ісус, спыніўся ў безыменным паселішчы. Сабраліся вакол яго людзі, пачаставалі добрага чалавека, пагутарылі. Пайшоў Хрыстос далей, а паселішча стала называцца Бяседамі. Праз некалькі кіламетраў спыніўся Ісус у другім паселішчы, папрасіў есці. Далі яму сітнага хлеба, і з таго часу паселішча стала называцца Сітнікамі. Такая легенда. І “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” сцвярджае, што “бяседа — збор гасцей з пачастункам”.

Не сказаць, каб Бяседы былі зусім занядбанай вёскай на краі зямлі. У радыусе пяці кіламетраў яе атачаюць Забаенне, Чарнаручча, Юшкі, Вілы, Верабкі, Вокана, Селішча, Прудок, Гарадзец, Дражна, Сітнікі, Стаі, Куляшы. Ды і да Лепеля крыху меней за пяць кіламетраў, калі самалётам ляцець. З Верабак у Бяседы насыпана бойкая жвіроўка. Ды і месцяцца яны не ў лясных нетрах, а на велічэзнай баравой паляне-гары. Але чамусьці на вёску, у якой на 11 падворках пастаянна жывуць 13 жыхароў, нават кніга “Памяць. Лепельскі раён” забылася. Бяседы, бадай, адзіны населены пункт раёна, які не трапіў у летапіс.

Бяседы апісваў у 2000 го­дзе. Той нумар “Лепельскага краю” прыхапіў з сабой. Бяседцы з цікавасцю яго разглядалі, з радасцю пазнавалі сябе на здымках, са смуткам паведамлялі, што няма ўжо на гэтым свеце зафіксаваных аб’ектывам і ўзгаданых у артыкуле Васіля і Надзеі Шарстукоў, Васіля Бурца, Ганны і Міколы Мазго.

*   *   *

 Бяседы — вёска своеасаблівая. Месціцца на гары. Ад яе вяршыні хаты збягаюць уніз. Прыгожа. Аднак такая прыгажосць балюча адбіваецца на жыцці вяскоўцаў. Справа ў тым, што ўсе вясковыя студні знаходзяцца ля падножжа гары, і перапад да іх ад вяршыні дасягае 16 метраў.

У Бяседы мяне выклікалі вяскоўцы з нагоды адсутнасці вады на гары. Ад старшыні Слабадскога сельсавета Валерыя Садоўскага ведаў, што ўлады разбіраліся ў сітуацыі. На зварот бяседцаў дэпутат райсавета Леанід Хацкевіч арганізаваў бурэнне свідравіны. Свідар закруцілі на 60 метраў, да вады не дабраліся, а за працу заплацілі вялікія грошы. Бурыльшчык прыйшоў да высновы, што няма магчымасці знайсці ваду ў Бяседах. Студні пад гарой перадалі на абслугоўванне камунальнікам ЖКГ “Лепель”. Тыя самай недагледжанай зрабілі агаловак.

На вершаліне гары мяне абступілі бяседцы. Пераказваю выснову Валерыя Садоўскага. Папраўляюць: свідравальшчык забурыўся на 30 метраў у гару. Да ваданоснага гарызонту дабраўся, аднак замест вады пайшла суспензія з завіслых цвёрдых часцінак глебы. Свідравальшчык растлумачыў, што яны маюць аднолькавую ўдзельную вагу з вадой, таму ніколі не асядуць, а будуць заўсёды знаходзіцца ў завіслым стане. Такая вада-каша можа быць прыгоднай хіба што для паліву. Каб забурыліся хаця б на пару метраў убок, вынік атрымаўся б станоўчы. Аднак грошай на другую свідравіну не знайшлося.

— Ён узяўся свідраваць самую макушку гары, — зазначыў Леанід Мазго. — Трэба было пачынаць на супрацьлеглым баку вуліцы, дзе нашмат ніжэй. Вось тут, паміж хатамі Ксеніі Мазго і Васіля Бурца. На гэтым месцы спакон вякоў была студня. Аднак драўляны зруб шахты згніў, састарэлыя бацькі аднавіць яго ўжо не мелі моцы, а нам, маладым, было не да студні. Яе закапалі.

— Ды я свой ніжэйшы агародчык аддала б пад агульнае карыстанне, — сказала віцебская дачніца Галіна Банайцес. — Няхай бы на ім пашукалі ваду. Сама гарую без яе. Праз два дні на тачцы прывожу ваду ў двух чатырохвядзёрных бітонах.

— Як гэта на гары вады няма? — абурылася Раіса Мазго. — Прама пад парогам мой Гошка з Косцем Мазго дакапаліся да вады і ўстанавілі 12 кольцаў. Два дзясяткі гадоў смачную сцюдзёнку пілі. Але потым восем  кольцаў самі апусці­ліся, а чатыры верхнія завіслі. Ва ўтвораны разрыў шухнула зямля. Яе затрымалі бандажом з бляхі. З часам яна праржавела, а рамантаваць студню ўжо не было каму. Зямля засыпала два ніжнія кольцы, вады не стала, ля студні ўтварылася яма, у якую конь аднойчы праваліўся. Дачка прывозіла з Віцебска нейкага спецыяліста з рамкай, якая паказала, што за два метры ад студні праходзіць падводная рака. Вось дзе трэба бурыць!

— Жыву пад гарой з боку Верабак, — уступіла ў размову Аляксандра Судак. — Вунь мая студня ў нізіне. Вада была добрая, пакуль не завяліся ў балоце андатры. Пракапалі яны нару ў студню. У яе хлынула балотная вада. Даўно звяліся звяркі-шкоднікі, а вада да гэтага часу смярдзючая. Можа, каб пачысцілі шахту, яна і пасмачнела б, аднак няма каму зрабіць гэта. Я ж гарую болей за ўсіх вяскоўцаў. Каб дабрацца да студняў, мне трэба пераадолець гару з аднаго яе падножжа да супрацьлеглага, а я і да палавіны схілу дайсці не магу — тры аперацыі перанесла, стэнакардыя, сляпая. З блізкай жа студні нават на гаспадарчыя патрэбы дастаць вады не магу, бо край верхняга кольца знаходзіцца амаль на ўзроўні маёй шыі. Камунальнікі агаловак зрабілі, а ўсходы змайстраваць не здагадаліся. Спецыяльна вады мне прынесці прыходзіць сват з Гарадца, аднак кожны раз бутэльку патрабуе.

Доўга яшчэ вяскоўцы распавядалі, з якой цяжкасцю даводзіцца здабываць ваду на паліўку градак, мыццё бялізны, каб апаліць лазню. Ездзяць на возе ў возера Луконец за паўтара кіламетра, у бітонах возяць на тачцы пад гару з нізінных студняў, ловяць дажджавую ў разнастайныя ёмістасці. Аднак некаторыя гаспадары студняў не пускаюць у свае, бо вада выбіраецца, самім не хапае…

*   *   *

 Раісе Мазго — 81 год. Было б 84, каб пасля вайны маці не памаладзіла яе — інакш не атрымлівала б на вялікую дачку дзяржаўную дапамогу. У Бяседы Раіса Крыцкая выйшла замуж з Вокана за ўдаўца Георгія Мазго з шасцімесячным сынам-сіратой. Бацькі яго жонкі гвалтам забралі малога Сяргейку да сябе. Толькі ў сямігадовым узросце “адваявалі” яго Раіса з Георгіем. Цяпер Сяргей жыве ў Лепелі. Апрача яго ў сям’і Мазго з’явіліся Саша (у Лепелі дальнабойшчык), Пеця (у Лепелі на групе інваліднасці пасля аварыі на матацыкле), Валя (у Віцебску працуе ў прыватнай фірме). Георгій памёр восем з паловай гадоў таму назад.

— Добрая бульба ў вас, хоць фітафтора і з’ела бульбоўнік…

— Як ніколі ўрадзіла. Год, мабыць, такі.

Вось ужо дзве зімы Раіса пражыла ў віцебскай дачкі. Вясною вяртаецца ў Бяседы, якія сталі для яе родным кутам.

…12 гадоў назад памёр Пётр, 10 — Ефрасіння Вершалоўскія. Бацькоўскую хату прызвычаіла пад леці­шча іх дачка Галіна Банайцес. Усё лета жыве ў родных Бяседах з дачкой Юляй і ўнучкай Поляй. Галоўнай культурай на градках лічаць кветкі. Імі палымнее ўвесь двор. А яшчэ жывёлу трымаюць — кошак Муську і Малышку. На зіму іх адвозяць да Галі­най сястры ў Лепель, а на лета забіраюць у экзатычныя Бяседы.

Галіна з цікавасцю чытала 11-гадовай даўніны артыкул пра Бяседы пад загалоўкам “Дзяцей тут болей, чым старых” і дзіву давалася — гэтулькі дзятвы прыязджала тады на канікулы ў Бяседы, а цяпер для Полі сяброўкі няма, каб разам на возера пакупацца збегаць.

…80-гадовага Леаніда Мазго адшукаў на двары за хатай. Яго жонка Вера паехала на базар. Жыццё яны пачыналі ў Бяседах. Леанід 12 гадоў адпрацаваў механікам на тарфяным заво­дзе і столькі ж у МБА (была такая “міжбударганізацыя”). Ад яе кватэру ў Лепелі атрымаў. Да пенсіі быў вадзіцелем у “Сельгастэхніцы”, а пасля выхаду на заслужаны адпачынак пакінуў кватэру сыну Лёню і перабраўся з Верай у Бяседы. Другі сын Толік сушыць збожжа ў аграсэрвісе, трэці — Саша — жыве ў Лідзе.

Леанід трымае аднаго на ўсе Бяседы каня, якім карыстаюцца вяскоўцы. Грошы за гэта не бярэ, дык яны ўхітрыліся бутэлькай дзякаваць. Ну дзе ж адмовішся ад такога разліку!

…Соф’я Быкава, 1937 года нараджэння, жыве ўнізе з гарадзецкага боку. Сваю студню мае, таму не бядуе. Муж восем гадоў як памёр. Дачка Валя працуе санітаркай у псіхбальніцы, другая, Зоя, жыве ў Віцебску. За працу цялятніцай фермы “Верабкі” і калгасным брыгадзірам Соф’я ўзнагароджана ордэнамі “Знак пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “Ветэран працы”.

— Памідоры ўрадзілі, — кажа Соф’я. — Можа вам з сабой даць?

— Дзякуй, свае выраслі.

…Аляксандры Судак 77 гадоў. Дужа хворая. Жыве адна. Муж Валодзя 30 гадоў пасвіў кароў фермы “Верабкі”, памёр 25 гадоў таму назад. Дачка Ала памерла ў 16 гадоў. Сын Сяргей па невядомай прычыне пайшоў з жыцця. Сыны Лёня і Юра жывуць у Стаях, дачка Наташа — у Лепелі.

— Тройчы ўрачы капаліся ў маім нутры, — уздыхае Аляксандра. — Кажуць, што трэба чацвёртую аперацыю рабіць. Я не згаджаюся — чым такія пакуты пераносіць, лепш памерці. Досыць гора ў жыцці цярпець. Нават узгадваць балюча, як цяжка даво­дзілася працаваць падносчыцай брыкету на торфазаводзе ў Куляшах.

…Дзівіным Дзмітрыю — 83, Соф’і — 76 гадоў. Яна жыла ў Забыліне. Туды Дзмітрый з Бясед прыходзіў на танцы. Пажаніліся, і вось ужо 59 гадоў жывуць разам.

— Дык вы хутка дыяментавае вяселле справі­це…

— Хацелася б, але дзед дужа слабы.

— Дык ён жа самастойна недзе па двары ходзіць…

— А далей ні кроку.

Дзмітрый сядзеў на прызбе ў агародчыку. Узгадаў, як даводзілася працаваць у леспрамгасе раней — лес валілі 18-кілаграмовымі электрапіламі, якія сілкаваліся ад перасоўнай падстанцыі.

Праблема сям’і Мазго — комін забурыўся. Дачка Надзя жыве ў Лепелі, пенсіянерка. Сын у Жодзіне працуе на БелАЗе. Ды і не ўмеюць яны мураваць. Бацька зрабіў бы, але не ўзлезе на дах.

— Дык вам у гэтым пытанні ніхто не дапаможа. Самі павінны шукаць спецыяліста…

— Мы згодны. Але не ведаем, каго папрасіць.

— Звярніцеся да Івана Тухты са Стай. Ён муляр адмысловы…

…Вельмі хацелася пагутарыць з маёй ранейшай рэспандэнткай Ксеніяй Мазго, якой 11 гадоў таму назад было 70 гадоў. З тых, хто гутарыў са мной у 2000 годзе, яна адна засталася жывой. На жаль, з раніцы дзеці звезлі Ксенію ў горад.

З Бясед вяртаўся бойкімі ляснымі дарогамі. Да возера Люсеніц — чатыры кіламетры, да Святога — яшчэ два. Практычна, прыгарадная вёска, хоць і за дрымучымі лясамі. Ад гарадскога мікрараёна Сель­гас­тэхні­ка да Бясед праз Чарнаручча і Верабкі — 13 кіламетраў.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымках: Галіна, Юля і Поля Банайцесы.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.