Вачэй зачараванне

У пансіянаце “Ладэ”, што на Ксяндзовым востраве, былі многія. Але наўрад ці здагадаўся хто схадзіць у лясны масіў перад штучным перашыйкам, што злучае востраў з мацерыком. Той гушчар палохае суровасцю і таямнічасцю, тоячы шмат цікавага і новага для аматараў прыроды. Прапаную збочыць у незнаёмы лес і прайсціся загадкавымі ляснымі сцежкамі залатой восені.


З горкі перад перашыйкам смела збочвайце ў лясныя нетры. Гэта з дарогі яны здаюцца непрыступнымі, але праз некалькі крокаў трапіце ў ветлівы светлы гай-бор. Наперадзе змрочны яловы лес. Смела адольвайце гушчар і трапіце ў тайгу. Адна ігліца на зямлі. Росту траве не дае пастаянная цемра — толькі невялікімі кропкамі ў вышыні мільгаціць святло яснага неба.
Доўга ў яловым лесе не вытрымаеце: прыгнятальна ўздзейнічае ён на нервовую сістэму. Выбірайцеся назад і ідзіце прэч пад арку, створаную зараснікамі арэшніку. Ледзь прыкметная сцяжынка выведзе вас да Лепельскага возера. Скрозь прагал у альховай лістоце ўбачыце лапік пляжа і рабізну азёрнай роўнядзі за ім. А пясочак тут самы што ні на ёсць пляжны, а дно самае што ні на ёсць пясчанае, а вада самая што ні на ёсць светлая. Праўда, пляж той крыху замалы — усяго нейкія два квадратныя метры. Але калі вы ўдваіх, вам гэтага цалкам хопіць для адасаблення ў нязвыклай цішыні навакольнай прыроды.
Адпачылі? Ізноў прага адкрыццяў вабіць? Тады наперад! Той жа сцежкай, толькі з яе залазьце ўжо на левы схіл яра. У малады лес трапіце. Хвойнік да непраходнасці густы. Але вы ідзіце бярозавай алеяй, быццам для вашай прагулкі пасаджанай. І чым далей будзеце падымацца ўгару, тым прыгажэй яна будзе станавіцца.
І выведзе вас алея да дубоў-волатаў, акружаных грыбамі. Патрэбныя — бярыце, не — абыходзьце. Пад старэйшым дубам спыніцеся, кіньце позірк за яго тоўсты ствол. Няўтульнае балота хаваецца ў лагчыне. Прыгажосці ў балоце мала. Але поўна таямнічасці і загадкавасці. Прайдзіце трохі наперад і ўбачыце завалы з таўшчэзных дрэў, перагрызеных бабрамі. Для чаго яны ладзяць лесапавал, калі для будаўніцтва хатак ці плаціны хлысты не выкарыстоўваюць? Адказ просты: для догляду за зубамі. Так-так! Для звяркоў тоўсты ствол тое, што для нас зубная шчотка. Бабры зубы сточваюць аб драўніну, каб не раслі залішне, інакш у рот не змесцяцца і прывядуць да смяротнага зыходу.
Блізка ў лагчыну не спускайцеся, інакш загразнеце ў зялёным месіве. Нехта ў ім праклаў нейкае падабенства праходу. Сцеражыцеся яго. Невядомая істота робіць абыход сваіх уладанняў. Не верыце? Тады ледзь-ледзь прайдзіце ў кірунку бакавога прагалу ў пакрытай зялёнай раскай брудзе. Бачыце выварацень, а пад ім чорную нару?
Тссс! Не шуміце. Лепш адыдзіце далей ад краю балота, інакш яго гаспадар можа выкінуць з бездані пухнатую лапу, і тады вырвацца з яго ўчэпістых кіпцюроў вельмі нялёгка будзе.
Зразумела, што пасля ўбачанага і перажытага вам ужо на шырокі прастор хочацца. Прайдзіце трохі ў тым жа кірунку, што і сюды ішлі. І вось на сэрцы ў вас лягчэе, пульс і ціск супакойваюцца. Наперадзе — палявая спадзістая гара. Пераскоквайце невялікую канаўку і ідзіце на цвёрдую глебу культурнай пашы. Узыдзіце на грэбень узвышша, азірніцеся — і замілуецеся далёкай перспектывай з лапікамі сінечы паміж дрэвамі — возера. Гэтулькі прайшлі!
А тут проста пад нагамі палявая дарога вырасце. І ўжо не цягне сыходзіць з яе. Хочацца ісці доўга-доўга, без стомы і паўсядзённых дум. Дык куды ж ты вядзеш нас, шлях-дарожка палявая? Ды на жвіроўку, што з Мінскай трасы віхляе ў пансіянат «Ладэ». Толькі ўжо кіламетры за паўтара ад яго. Быццам бы і трохі пройдзена, а столькі на гэтым кароткім шляху ўбачана, перажыта, адкрыта. Нават не хочацца без новых эмоцый проста так вяртацца ў цывілізаваныя мясціны. Ну дык і не ідзіце дарогай, а зноў у лес заглыбляйцеся і ім крочце. Толькі ў пахмурнае надвор’е запасіцеся часам, а яшчэ лепш — і компасам, бо Лясун закруціць вас па сваіх уладаннях так, што ледзь выберацеся. Вам будзе здавацца, што ідзяце ў патрэбным кірунку, але апынецеся на скрыжаванні лясных сцежак, якое некалькі хвілін назад мінулі.
Стоміцеся, ледзь ногі перастаўляць будзеце, але застаняцеся задаволенымі. Навечна захаваюцца гэтыя дзень і мясціны ў памяці.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.