Векавы юбілей вучонага

Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, вучонага-фармаколага Макса Беленькага. Ён прысвяціў сваё жыццё фармакалогіі (лякарствазнаўству), якая вывучае якасныя і колькасныя змены ў арганізме чалавека і жывёл пад уздзеяннем лякарстваў.

Нарадзіўся Макс Львовіч у Лепелі ў 1911 годзе. Тут атрымаў сярэднюю адукацыю. Асаблівыя поспехі юнак праявіў пры вывучэнні матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, фізіялогіі. Па рэкамендацыі бацькоў-настаўнікаў сын паступіў на фармакалагічны факультэт 2-га Ленінградскага медыцынскага інстытута і паспяхова яго скончыў. Па размеркаванні малады спецыяліст быў накіраваны на працу ў Сібір, куды ехаў поўны рамантычных уяўленняў у прадчуванні сустрэчы з незнаёмым, экзатычным краем.

Аднак цяга да навукі прывяла нашага земляка ў 1935 годзе зноў у Ле­нінград, на кафедру фармакалогіі медінстытута, дзе ён стаў аспі­рантам, грунтоўна заняўся навуковай дзейнасцю і выдатна абараніў у 1939 го­дзе кандыдацкую дысертацыю. Усё ў жыцці і працы лепяльчаніна складвалася выдатна, але нечакана грымнула Вялікая Айчынная вайна. Макс Беленькі быў прызваны ў Чырвоную Армію, прызначаны армейскім таксіколагам. Ён даследаваў механізм уплыву малых дозаў атруты на арганізм чалавека, выкарыстоўваў іх для лячэння пашкоджанняў ад баявых атрутных рэчываў, распрацоўваў эфектыўныя проціатруты. Пасля заканчэння вайны вярнуўся на кафедру фармакалогіі 2-га Ленінградскага медінстытута ў якасці дацэнта, заняўся выкладчыцкай дзейнасцю.

Вялікія змены ў жыцці ўраджэнца Лепельшчыны адбыліся ў 1952 годзе, калі пасля абароны доктарскай дысертацыі яго накіроўваюць у Рыжскі медінстытут на пасаду загадчыка кафедры фармакалогіі. Тут вучоны працягваў даследаванне ўласцівасцяў новых лекавых рэчываў, заціка­віўся магчымасцямі выкарыстання матэматычных метадаў пры іх распрацоўцы. Вынікам напружанай працы з’явілася выданне ў сааўтарстве з прафесарам С. В. Анічкавым падручніка па фармакалогіі, па якім вучыліся потым, атрымалі глыбокія і трывалыя веды тысячы студэнтаў-медыкаў.

За вялікі ўклад у даследчую і выкладчыцкую дзейнасць, падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, навуковых кадраў прафесару Максу Беленькаму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Латвійскай ССР”. Ён быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі медыцынскіх навук СССР. Наш зямляк удзельнічаў у Міжнародных канферэнцыях у Чэхіі, Швецыі, Японіі, дзе дастойна прадстаўляў фармакалагічную навуку краіны.

 Ілья ЯНУШ,

 краязнавец.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.