Векапомныя дні

Было тое ў пасляваенныя гады. Маладая прыгожая дзяўчына Люба вярнулася з Заходняй Беларусі, а дакладней, з Падсвільскага раёна, куды ездзіла да хворай кузіны. Там муж стрыечнай сястры, начальнік палітаддзела, уладкаваў Любу ў друкарню вайсковага выдання. А што, для яе, вясковай дзяўчынкі з Ушаччыны з адукацыяй усяго сем класаў, праца ў друкарні была за шчасце.

Гады два папрацавала, і захацелася Любе дадому. Вярнулася. Прыйшла прасіцца на працу ў рэдакцыю ўшацкай раёнкі. Там месцаў вольных не было, але рэдактар прыгадаў, як яго калега з Лепеля казаў, што ў друкарню патрэбен работнік. Назаўтра ж Люба была ў Лепелі.

 — У друкарню — хоць сёння, — узрадаваўся тагачасны рэдактар лепельскай раённай газеты Пацэйка.

 — Не, сёння я ўжо не траплю, — сумелася дзяўчына, а заўтра абавязкова на працу выйду.

 А калі яшчэ рэдактар даведаўся, што перад ім зямлячка — сам ён быў родам з Ушаччыны, — дадаў:

 — Нават калі б у мяне і месцаў не было, зямлячку я ўсё роўна б узяў.

 Так і стала Люба наборшчыцай, паўнапраўным членам дружнага рэдакцыйнага калектыву. Друкарня і рэдакцыя былі ў той час адным калектывам. Любоў Іванаўна кажа, што працавалі яны ў памяшканні па вуліцы Карла Маркса.

 Нічога ў жыцці не бывае выпадковага. Вось і Люба прыехала на Лепельшчыну ці не дзеля таго, каб сустрэць тут Васіля Жарнасека,  які працаваў машыністам на электрастанцыі. Цяжка паранены на вайне, пад Кёнігсбергам, Васіль цэлы год адляжаў у шпіталі, дадому вярнуўся інвалідам другой групы. Але ж няпростым быў і Любін лёс.

  Люба нарадзілася ў маляўнічай вёсачцы Старынка, што непадалёк ад Лясных Азёраў. Улонне двух глыбокіх азёраў. Побач — цудоўны пляж, якому зайздросцілі прыезджыя. Але што той пляж, калі ў гаспадарцы карова, свінні, куры. У бацькоў чацвёра дзяцей, усіх трэба накарміць ды апрануць. З хутара да вайны ніхто Любу ў школу не пусціў. Перасядзела крыху, за навуку ўзялася толькі пасля вызвалення.

 — Вайна — сапраўднае пекла, — распавядае Любоў Іванаўна. — Выгналі нас немцы з хаты і ў лес пагналі. Вясна. Ля вогнішча грэлася — сабе плечы спаліла. Раніцай немцы пагналі нас на Ушачы. Гразь. Атопак мой застаўся ў гразі, я заплакала. Падышоў немец, выцягнуў мой чаравік і цукерку даў. Ва Ушачах нас пакінулі ля нейкай фермы. А назаўтра падзялілі — мужчын асобна, а нас павялі некуды. Неўзабаве прыйшоў іншы загад, і нас адпусцілі.

 Спыніліся ў вёсцы Ільюшына. Маці пакінула дзяцей у незнаёмых людзей, а сама пайшла праведаць, што ж там у роднай вёсцы творыцца. Немцаў там не аказалася, і ўсе вярнуліся, акрамя бацькі. Той прыйшоў толькі пад восень, пешшу аж з Барысава.

 А брата Івана тым часам звезлі ў рабства ў Германію. Доўга пра яго ніякіх звестак не было. Раптам прыходзіць дзяўчына з Іванавай коўдраю ў руках і называе сябе нявесткай. Бацька зніякавеў. Маўляў, якая там нявестка, калі невядома, ці жывы  сын. І самім есці не было чаго, бацька вунь які худы з-пад Барысава вярнуўся. Прыгрэлі няшчасную, якой ісці не было куды. А неўзабаве вярнуўся і Іван.

  * * *

 Пажаніўшыся, Васіль і Люба сталі жыць у Вялікім Поў­свіжы. Абодвум працаваць у горадзе не выпадала, бо быў такі закон, што ў двух адхаднікоў агарод па вокны абразаюць. Давялося Любе пакінуць працу ў рэдакцыі і падацца ў калгас. Працавала ў брыгадзе звеннявой, чатыры гады даяркаю, затым даглядала свіней. Перад пенсіяй прыбірала на ФАПе.

 Васіль перасыпаў бацькоўскую хату. Трэба было думаць пра дабрабыт, бо пайшлі дзеці. Нарадзіўся Міша. Цяпер старэйшы ў Мінску жыве, у міліцыі працаваў, на пенсію выйшаў. Зараз дырэктарам на нейкім прадпрыемстве, а на якім, васьмідзесяцігадовая бабуля Люба ўжо і не прыпомніць. Валя скончыла фельчарскія курсы ў Віцебску, працавала ў Лепелі ў псіхбальніцы. У адной вёсцы, блізенька, дачка жыве. У яе гаспадарка, агарод, а ў Любы ўжо нічога, хіба вунь курачкі бегаюць па двары. Пеця ўзначальвае раённы вузел паштовай сувязі. Для кагосьці Пётр Васільевіч, а для яе сынок малодшы. Прыязджае часта, не забывае маці, на падворку абкасіў.

 Дзеці — яны і ёсць дзеці заўсёды. І ў хаце яна, Люба, галоўная начальніца. Як закамандуе, так і будзе. Толькі што камандаваць засталося  — ногі не ходзяць. Вачыма як бы ўсё парабіла, а выйсці, нават на вуліцу, з двума кіямі — праблема. Гады… Вунь ужо і пяцёра ўнукаў у яе выраслі, і гэтулькі ж ёсць праўнукаў.

 Нядаўна сабрала Люба і дзяцей, і ўнукаў, і праўнукаў за бяседаю. Адзначалі яе юбілей. Вось толькі Васіля не было побач. Памёр. Не дачакаўся бацька, каб за добраю бяседаю на дзяцей дарослых паглядзець, падзівіцца на ўнукаў, праўнукамі палюбавацца. Што зробіш — такое жыццё. Жанчыны часта перажываюць сваіх мужоў, аказваюцца мацнейшымі, хоць увесь век рыпяць, ды рыпучае дрэва доўга жыве…

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Любоў Іванаўна Жарнасек.       

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.